Платон Максімавіч Ціхановіч (1838, в. Вылазы, Пінскі павет Менскай губэрні1922, в. Пагост Загародзкі, цяпер — Лунінецкі раён Берасьцейскай вобласьці) — беларускі праваслаўны сьвятар, мовазнаўца.

Платон Ціхановіч
Род дзейнасьці сьвятар, філёляг
Дата нараджэньня 1838
Месца нараджэньня в. Вылазы, Пінскі павет
Дата сьмерці 1922
Месца сьмерці в. Пагост Загародзкі, Лунінецкі раён, Беларусь
Месца пахаваньня
Месца вучобы
Занятак мовазнавец, сьвятар

Карані і дзяцінства

рэдагаваць

Паходзіў зь сьвятарскай сям’і. Пра яго бацьку вядома, што Ціхановіч Максім Данілавіч (памёр пасьля 1883) скончыў Менскую духоўную сэмінарыю ў 1830 і пачынаў служэньне псаломшчыкам у віленскім Сьвята-Духавым манастыры. У 1832 ён быў высьвечаны на сьвятара і накіраваны служыць у царкву ў в. Вылазы ў Пінскім павеце.[1] Паводле інфармацыі А. Ільіна і А. Ігнацюк, Платон Ціхановіч нарадзіўся менавіта на Піншчыне ў в. Вылазы.[2] У далёкіх ад расейскай цывілізацыі вясковых закутках на Піншчыне прайшлі дзіцячыя гады Платона Ціхановіча. У 1843 бацьку Платона Ціхановіча прызначылі сьвятаром у Глінянскую царкву, а ў 1857 — у Міхайлаўскай царкву в. Хатынічы Пінскага павету. З 1852 па 1868 гг. яго бацька зьяўляўся благачынным, быў адзначаны ордэнам Сьв. Ганны 3 ст.

Адукацыя і сьвятарскае служэньне

рэдагаваць

Пра Платона Ціхановіча вядома, што ён быў сярод выпускнікоў Пінскай духоўнай вучэльні, якія скончылі яе ў 1850-я гады і ўваходзілі ў пінскі гісторыка-этнаграфічны гурток.[3] Пасьля заканчэньня Менскай духоўнай праваслаўнай сэмінарыі з 1861 служыў сьвятаром Лунінскай Барысаглебскай царквы.

У чэрвені 1870 падаў царкоўным уладам просьбу аб перамяшчэньні яго на іншае месца. Быў пасланы служыць у Пінск у царкву сьв. вялікамучаніка Тодара Тырона («Фёдараўскі сабор»). Прычына пераводу ў Пінск царкоўнымі ўладамі не паведамляецца, таксама як і прычына і дата яго вяртаньня ў Лунін. Але архіўныя дакументы сьведчаць, што ў 1873 ён ужо зноў служыць у Луніне.[4]

Згодна з хадайніцтвам дырэкцыі народных вучэльняў ад 13 студзеня 1875 прызначаецца з студзеня 1875 выкладчыкам Закону Божага ў Лунінскую народную вучэльню. Актыўна садзейнічаў разьвіцьцю народнай асьветы ў сваёй мясцовасьці.

У 1882 пры яго падтрымцы насельніцтва прыходу арганізавала збор грашовых сродкаў на дапамогу пацярпелым ад неўраджаю 1891 у Расеі.

У сьнежні 1885 пры непасрэдным удзеле і настойлівасьці сьвятара Платона Ціхановіча ў вёсцы Вулька-1, якая ўваходзіла ў Лунінскі прыход, зноў адкрылася школа пісьменнасьці, якая раней па невядомых прычынах была зачынена. Усе навучальныя дапаможнікі для гэтай школы падрыхтаваў Ціхановіч.

Тым ня менш у 1887, па невядомых прычынах епархіяльнае начальства пра сьвятара Платона Ціхановіча адзначала, што ён быў сярод «не позаботившихся об открытии в своих приходах вопреки распоряжению высшего начальства и воле монарха» царкоўнапрыходзкіх школаў, яму «поставляется на вид такое небрежное их отношение к своим обязанностям и вменяется им в непременную обязанность позаботиться об открытии в своих приходах церковноприходских школ».[5]

Апошнія гады Платон Ціхановіч дажываў у Луніне з жонкай, меў дачку, якая была замужам у Пагосьце-Загародзкім за мясцовым лекарам Сухадольскім. Жонка сьвятара звалілася зь печы, доўгі час хварэла і ўрэшце памерла. Таму сьвятар пасяліў да сябе ўнучку зь яе сям’ёй. Пасьля рэвалюцыі 1917, калі была бальшавіцкая ўлада, з сьвятара часта зьдзеваліся, крыўдзілі. Гэта вымусіла старога сьвятара пакінуць дом, пабудаваны на царкоўнай зямлі, і перайсьці жыць ў дом унучкі Марыі, які яна пабудавала ў канцы вёскі. Памёр сьвятар у 1922 у Луніне, але дачка пахавала яго ў Пагосьце Загародзкім.[6]

Граматыка Ціхановіча

рэдагаваць

Праваслаўны сьвятар з Луніна на мясцовым матэрыяле стварыў уласнае дасьледаваньне «Беларуская граматыка». Першаадкрывальнікам «Беларускай граматыкі» сьвятара Платона Ціхановіча зьяўляецца Генадзь Каханоўскі. Гэтая рукапісная праца напісана на шаснаццаці старонках васьмі вялікафарматных аркушаў. Сваю «Беларускую граматыку» праваслаўны сьвятар пісаў на дзьвюх мовах: беларускай і расейскай. Яе першую частку, якая ёсьць уводзінамі да ўсёй працы, аўтар напісаў у м. Лунін 31 студзеня 1875. Ва ўводзінах аўтар пераконвае чытача, што беларуская мова мае свае асаблівасьці і яе ня трэба блытаць з расейскай.

У сваім навуковым дасьледаваньні лунінскі сьвятар-філёляг паказаў асаблівасьці беларускай мовы ў вымаўленьні гукаў як зычных, так і галосных, адрозьненьні ў склонавых і дзеяслоўных формах у параўнаньні з расейскай мовай, асаблівасьці ў родах назоўнікаў і асаблівасьці ў сынтаксычным ладзе.

У сваёй працы Платон Ціхановіч зьвяртаўся таксама да аналізу жывой гаворкі мясцовых палешукоў, прыводзіў адпаведныя прыклады, даў іх у перакладзе на расейскую мову. Фразэалягізмы, абароты гаворкі, якія прыкмеціў Ціхановіч і ўвёў у навуковае дасьледаваньне, і сёньня жывуць сярод лунінчан.

Паводле ўспамінаў старажылаў Луніна, цікавіўся Платон Ціхановіч і беларускімі народнымі песьнямі.

На думку пінскіх краязнаўцаў Аляксандра Ільіна і Алены Ігнацюк, сьвятар Платон Ціхановіч мог быць аўтарам і прататыпам аднаго з персанажаў славутай «Пінска шляхты».[7]

Ушанаваньне памяці

рэдагаваць

У Луніне ў музэі мясцовай школы сабраныя некаторыя матэрыялы, прысьвечаныя сьвятару Платону Ціхановічу і яго граматыцы. У 2006 яму былі прысьвечаныя трэція чытаньні «Лунінская восень». Пінскі журналіст і літаратар Мікола Елянеўскі пра свайго земляка з Луніна Платона Ціхановіча напісаў аповесьць «Час сьвятара» («Время пастыря»), якая была апублікавана ў часопісе «Нёман» (2007, №4), а таксама сцэнар відэафільму.[8]

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць