Паўночная сямігадовая вайна

(Перанакіравана з «Першая Паўночная вайна»)

Паўночная сямігадовая вайна́ або Пе́ршая Паўночная вайна́ — вайна ў 1563—1570 роках паміж Каралеўствам Швэцыя і кааліцыяй Даніі — Нарвэгіі, Вольнага места Любэку і Польска-літоўскай дзяржавы. Прычынай вайны была незадаволенасьць дацкага караля Фрыдрых II роспускам Кальмарскай уніі і намерамі швэдзкага караля Эрыка XIV спыніць панаваньне Даніі. Змаганьне працягвалася да зьняможаньня абодвух бакоў, што вылілася ў мноства сьмерцяў. У патавай сытуацыі быў падпісаны Штэтынскі мір, паводле якога тэрытарыяльных зьменаў не адбылося.

Паўночная сямігадовая вайна
Дата: 1563—1570
Месца: Скандынавія
Прычына: Незадаволенасьць Даніі роспускам Кальмарскай уніі
Вынік: Штэтынскі мір, статус кво
Супернікі
Сьцяг Даніі Данія — Нарвэгія
Вольнае места Любэк
Польшча — Літва
Сьцяг Швэцыі Каралеўства Швэцыя
Камандуючыя
Сьцяг Даніі Фрэдэрык II
Сьцяг Даніі Даніель Ранцаў
Сьцяг Даніі Гэрлюф Труле
Сьцяг Даніі Ота Руд
Фрыдрых Кнэбэль(de)
Сьцяг Швэцыі Эрык XIV
Сьцяг Швэцыі Юган III
Сьцяг Швэцыі Якаб Баге
Сьцяг Швэцыі Кляс Горн
Сьцяг Швэцыі Клёд Каляр(sv)

Перадумовы

рэдагаваць

Скандынаўская Кальмарская унія пад даводзтвам Даніі працягвалася зь перапынкамі ад 1397 да 1523, пакуль канчаткова не развалілася пасьля пастаяннага швэдзкага супраціву дамінаваньню Даніі[1].

Пасьпяховае паўстаньне ў 1471 прывяло да перамогі швэдаў у бітве пад Брункебэргам і стварэньня магутнага антыюніянісцкага руху на чале з арыстакратычнымі родамі Бондэ і Стурэ. У 1520 Крыстыян II ізноў заваяваў Швэцыю і ў адпомсту зладзіў у Стакгольме крывавы гвалт[2]. Былі забітыя больш за 80 шляхцічаў мужчынскай і жаночай плоці, у тым ліку першыя асобы Стакгольму, аднак гэта ў выніку моцна адгукнулася Крысьціяну II[1]. Жорсткасьць выклікала ў Швэцыі вялікія абурэньні на доўгія гады[2], і ў выніку вызвольнай вайны 1521—1523 унія распалася. Крысьціян II быў асуджаны Папам і ў 1523 выракся пасаду. Наступныя дацкія каралі Фрэдэрык I і Крыстыян III болей турбаваліся Рэфармацыяй у Даніі — Нарвэгіі і Гальштайне ды Графскай грамадзянскай вайной, і стасункі са Швэцыяй у асноўным былі мірнымі[3].

Унутраны вакуўм улады ў Швэцыі, спалучаны з адмоваю ад стальцу Крыстыяна II, даў Густаву Вазу магчымасьць скансалідаваць уладу і ў чэрвені 1523 пры падтрымцы сялянаў і ганзейскіх местаў Любэку ды Данцыгу абвясьціць сябе каралём. За Вазам Кальмарская унія канчаткова заняпала, і Швэцыя пачала супрацьпастаўляць сябе Даніі — Нарвэгіі[1].

У 1523 годзе Швэцыя знаходзілася ў слабым становішчы: доступ да Паўночнага мора абкладаўся дацкімі зундзкімі мытамі і абмяжоўваўся паласою працягласьцю 20 кілямэтраў у Катэгаце побач з Эльфсборскай фартэцыяй, дзе пазьней паўстаў сучасны Гётэборг. Да таго ж, Данія кантралявала Балтыку, абмяжоўваючы швэдзкія перасоўваньні. Густаў Ваза прыняў рашэньне, якое не дало пладоў у Паўночнай сямігадовай вайне, але мела далёкасяжны ўплыў на будучыню Швэцыі: ён правёў вайсковую рэформу. У 1544 року ён скарыстаў стараскандынаўскую канцэпцыю Uppbåd (вайсковы прызыў або прэрагатыва склікаць пэўную дзелю мужчынаў з кожнага раёну ў выпадку скрайняй неабходнасьці) дзеля стварэньня першага ў Эўропе рэгулярнага войска. Мужчыны знаходзіліся ў стане гатоўнасьці, у мірны час застаючыся дома, мелі падатковыя ільготы, але былі абавязаныя зьяўляцца для муштраваньняў. Пазьней гэтая сыстэма ператварылся ў вайсковыя паселішчы. Да сьмерці Густава Вазы ў 1560 кожныя дзесяць сялянаў мелі прадастаўляць аднаго жаўнера, які служыў ці дома, ці за мяжой.

 
Эрык XIV (1533—1577)
 
Фрэдэрык II (1534—1588)

Па сьмерці Крысьціяна III і Густава Вазы (у 1559 і 1560 адпаведна) абедзьве дзяржавы займелі маладых ваяўнічых манархаў, Фрэдэрыка II і Эрыка XIV. Фрэдэрык II прадстаўляў Данію лідэрам у адроджанай Кальмарскай уніі, а Эрык марыў канчаткова разбурыць дамінуючае становішча Даніі[4].

Неўзабаве па каранацыі ў 1559 Фрэдэрык II загадаў свайму палявому камандзіру Ёгану Ранцаў адпомсьціць за прыніжальную паразу ад дробнай сялянскай рэспублікі Дытмаршэн, якая была адоленая за некалькі тыдняў і перайшла пад дацка-нарвэскую карону. У наступным годзе дацкая экспансія працягнулася да балтыйскага востраву Эзэль[5].

У 1561, калі рэшта ордэнскай дзяржавы ў паўночнай Балтыі была сэкулярызаваная вялікім майстрам Готгардам Кетлерам, і Данія, і Швэцыя ўмяшаліся ў Лівонскую вайну[6]. У гэтым канфлікце швэдзкі кароль Эрык пасьпяхова зашкодзіў дацкім плянам захапіць Эстляндыю.

Любэк, незадаволенае чыненымі Эрыкам Дацкім перашкодамі ў гандлі, якія той увёў дзеля ўскладненьня гандлю Масковіі, далучыўся да вайсковага зьвязу з Даніяй, у які таксама ўвайшла Польска-літоўская унія, якая хацела мець кантроль над гандлем у Балтыі.

Баявыя дзеі

рэдагаваць

Пачатковая фаза

рэдагаваць

Сутычкі пачаліся ўжо ў траўні 1563, яшчэ да абвяшчэньня вайны. Дацкі флёт пад даводзтвам Якаба Брокенгуўса выправіўся на Балтыку. 30 траўня ля Борнгальму ён атакаваў швэдзкія караблі Якаба Багэ, але атрымаў паразу.

Дзеля мірных перамоваў былі пасланыя нямецкія каралеўскія эмісары, але на прызначанае месца ў Ростак швэды не зьявіліся. 13 жніўня 1563 эмісары Даніі і Любэку абвясьцілі ў Стакгольме вайну. У гэтым жа месяцы Фрэдэрык II напаў на Эльфсборг 25-тысячнае войска прафэсійных наймітаў вырушыла з Галянду і пасьля трох дзён бамбаваньняў і шасьцігадзіннага штурму здолела захапіць гэтую фартэцыю, якая адкрывала ім шлях на Швэцыю. А апошняя, такім чынам, была адрэзаная ад Паўночнага мора ды пазбаўленая найістотнейшага імпарту солі. Эрык тады атакаваў Гальмстад, ды быў адкінуты прафэсійным дацкім войскам.

11 верасьня адбылася марская бітва ля Элянду, пасьля чаго ў вайне наступіла паўза.

Кампаніі

рэдагаваць

Паўднёвая

рэдагаваць
 
Гэрлюф Троле ў 1551 годзе
 
Даніель Ранцаў

30 траўня 1564 выбухнулі бітва швэдзкага і дацка-любэцкага флёту між Готляндам і Эляндам. У ёй быў захоплены швэдзкі флатаводзец Багэ і патоплены найбуйнейшы карабель Балтыі «Марс». Швэдзкі флёт адступіў да Стакгольму, не прарваўшы блякаду. Новым камандуючым быў прызначаны Кляс Крыстэрсан Горн, які 14 жніўня прадпрыняў новую спробу атакаваць датчанаў ля востраву Юнгфрун на поўнач ад Элянду, аднак блякада не была зьнятая.

У 1565 Горн атакаваў правінцыі Галянд і Сконэ ды прадпрыняў некалькі спробаў пад Богуслэнам і Удэвалай. Датчане спалілі Лёдэсэ ў правінцыі Вэстэр’ётлянд. Супраць датчанаў выйшла швэдзкае войска пад даводзтвам Нільса Бае, які 28 жніўня 1564 ўзяў Варбэрг. 20 кастрычніка Даніель Ранцаў разьбіў швэдаў пад Аксторнай.

На моры швэды дабіліся большага. Флёт пад даводзтвам Горна перасьледаваў дацка-любэцкі флёт да нямецкага ўзьбярэжжа, дзе большасьць яго зьнішчыў. Пасьля перамогі Горн накіраваўся да Эрэсунду і ўвёў збор за праход судзінаў. 4 чэрвеня 1565 ў бітве на Мэкленбурскім узьбярэжжы быў сьмяротна паранены Гэрлюф Троле, 7 ліпеня ля Борнгальму быў разьбіты флёт пад даводзтвам Ота Руда, захоплены дацкі флягман Jegermesther.

У студзені 1566 швэды прадпрынялі беспасьпяховую спробу аблогу Богускай фартэцыі ў Богуслэне. Даніель Ранцаў перайшоў з войскам у Вэстэр’ётлянд, а Кляс Горн вярнуўся зьбіраць мыты на Балтыцы. 26 ліпеня 1566 року адбылася нязначная марская бітва ля Элянду. 28 ліпеня палова дацка-любэцкага флёту загінула ў шторме. Тады Кляс Горн быў выкліканы ўзначаліць сухапутныя войскі, дзе й сканаў 9 верасьня.

Паўночная

рэдагаваць

Швэцыя заняла неабароненую нарвэскую правінцыю Емтлянд, якая неўзабаве была адваяваная контраатакай сілаў нарвэскага губэрнатара Тронэлягу. Аднак на швэдзкую тэрыторыю яны не пайшлі. У 1564 швэды зноў занялі Емтлянд, а таксама Гэр’едален і Тронэляг разам з Тронгэймам. дзякуючы падтрымцы з суседняга Бэргенгусу жыхары Тронгэйму выгналі швэдаў, аднак Емтлянд і Гэр’едален засталіся пад акупацыяй. Гэтыя правінцыі адышлі да Даніі — Нарвэгіі толькі пасьля замірэньня 1570 року[7].

Швэцыя таксама атакавала і ва ўсходняй Нарвэгіі. На паўднёвым усходзе была захопленая Богуская фартэцыя, адбітая ў 1566. Яшчэ адна частка войска ў 1567 захапіла Гамар і дайшла да Осьлё[7]. Аднак перш чым швэды падышлі, жыхары Осьлё спалілі места. З паўднёвага ўсходу да Осьлё прыйшло дадатковае войска швэдаў, каб захапіць Акерсгускую фартэцыю. Па дарозе швэды спалілі Кунггаль і Сарпсборг. Пад Осьлё іх разьбілі мясцовыя жыхары з дапамогаю сілаў Эрыка Розэнкранца і караля Даніі і Нарвэгіі. Швэды адышлі ў паўночна-ўсходнім напрамку, спаліўшы Хамар[7], разбурыўшы ў ім катэдру і палац біскупа Хамархус.

Заключная фаза

рэдагаваць

Дацкія найміты пераўзыходзілі швэдзкае войскае, складзенае зь сялянаў, ва ўсім, акрамя аднаго: прафэсійнае войска не жадала ваяваць, не атрымліваючы аплаты. З-за гэтага Даніі давалося адмовіцца ад плянаў захапіць Кальмарскую фартэцыю, замест гэтага засяродзіўшыся на штурме Стакгольму. У жніўні Эрык напаў на Блекінгэ, але неўзабаве датчане яго адбілі.

У 1567 року вар’яцтва Эрыка XIV канчаткова спаралізавала швэдзкі вайсковы паход. Датчане былі зьнясіленыя і таксама не прадпрымалі сур’ёзных дзеяньняў да кастрычніка, калі Ранцаў атакаваў Смолянд і Эстэр’ётлянд. У лістападзе ён спаліў тут усе гаспадаркі і хаты, зьнішчыў усю скаціну. Спроба адрэзаць яму шлях да адыходу правалілася, і ў сярэдзіне лютага 1568 ён вярнуўся ў Галянд.

Увесь гэты час ладзіліся спробы прывесьці ваюючыя бакі да замірэньня. У перамовах удзельнічалі ў розны час графы Памяраніі, францускі пасол Шарль Данкэй, імпэратары Фэрдынанд I і Максіміліян II. Імпэратары дабіваліся ад Даніі і Швэцыі вяртаньня захопленых у Лівоніі тэрыторыяў, але Швэцыя адмовілася пагадзіцца на іхнія патрабаваньні[8].

 
Юган III (1537—1592)

У 1568 швэдзкі граф Юган зьдзейсьніў пераварот і скінуў свайго брата Эрыка са стальцу[8]. Каранаваны пад імем Юган III, ён пачаў перамовы з Даніяй, і 18 лістапада ў Роскіле быў падрыхтаваны чарнавы варыянт дамовы. Аднак Швэцыя адрынула пагадненьні, і ў 1569 баявыя дзеяньні аднавіліся. Датчане атакавалі Варбэрг, узяўшы яго 13 лістапада. Швэды ж здабылі перамогу ў Сконэ.

Мірныя перамовы

рэдагаваць

Абодва войскі болей не маглі ваяваць, і ў верасьні 1570 ў Штэтыне ўзнавіліся перамовы. 13 сьнежня 1570 нарэшце быў заключаны мір. Швэдзкі кароль адмовіўся ад пасяганьняў на Нарвэгію, Сконэ, Галянд, Блэкінге і Готлянд, а датчане — ад спробы падпарадкаваць Швэцыю. Балтыйскае мора было абвешчанае дацкім. Кальмарская унія была распушчаная афіцыйна. Швэды атрымалі за Эльфсборг 150 000 рыксдалераў і абавязаліся вярнуць захопленыя караблі.

Напэўна, самым значным наступствам вайны стала стварэньне рэгулярнага швэдзкага войска. Пасьля яшчэ некалькіх удзелаў Швэцыі ў войнах наступнага стагодзьдзя гэтая дзяржава стала найбуйнейшай вайсковай пагрозай у паўночнай Эўропе.

Глядзіце таксама

рэдагаваць
  1. ^ а б в Bjørn Poulsen, Home > About Denmark > History > The Middle Ages > The Kalmar Union, Danish Ministry of Foreign Affairs, 7 сакавіка, 2008
  2. ^ а б Forside > Om Sverige > Historie, Danish Ministry of Foreign Affairs, «Danish Embassy, Stockholm», 5 жніўня, 2009
  3. ^ Knud J.V. Jespersen, Home > About Denmark > History > Reformation & Absolutism > Danish Sovereignty, Danish Ministry of Foreign Affairs, February 13, 2008
  4. ^ Knud J.V. Jespersen, Home > About Denmark > History > Reformation & Absolutism > The Dano-Swedish Wars, Danish Ministry of Foreign Affairs, 7 сакавіка, 2008
  5. ^ När Hände Vad?: Historisk uppslagsbok 1500—2002 (2002) pp. 41.
  6. ^ När Hände Vad?: Historisk uppslagsbok 1500—2002 (2002) pp. 42.
  7. ^ а б в Ersland and Sandvik, 1999: pp. 205—206
  8. ^ а б Eriksson 2007, pp.49-50

Літаратура

рэдагаваць
  • Eriksson, Bo (2007). Lützen 1632. Norstedts Pocket, Stockholm. ISBN 978-91-7263-790-0.  (швэд.)
  •  Ersland, Geir Atle Norsk historie 1300—1625 (нарв.). — Oslo: 1999 Т. II. — (Norsk historie). — ISBN 82-521-5182-5