Паўтораны Закон (Скарына)
Паўтораны закон («Книги пятыи Моисеовы, зовемыи от еврей Гельгадворимъ, по-греческии Девтерномосъ, по латине Секунда Лекс, а по рускии Вторый закон») — праскае выданьне Скарыны, якое выйшла ў сьвет у 1519 годзе.
Паўтораны Закон | |
Гравюра «Майсей перад народам» на тытульным аркушы кнігі | |
Аўтар: | Францішак Скарына |
---|---|
Мова арыгіналу: | беларуская рэдакцыя царкоўнаславянскай мовы[1] |
Публікацыя: | 1519 |
Колькасьць старонак: | 66 аркушоў |
Зьмест кнігі
рэдагавацьНа тытульным лісьце кнігі над гравюрай даецца назва кнігі і друкара: «Зуполне выложены докторомъ Франъциском Скорины с Полоцька въ книги Втораго закону Моисеова». У прадмове «Сказание доктора Франъциска Скорины с Полоцька в книги Втораго закону Моисеова» разглядаецца сутнасьць «закона пісанага» і «закона прироженого», далей аўтар спасылаецца на ўласную прадмову да кнігі Царстваў, дзе была выкладзена кароткая гісторыя заканадаўства. Скарына дае цэлы шэраг элемэнтаў права, пералічваючы «посполитое», «языческое», «царское», «рицерское», «местьское», «морское», «купецькое», а пасьля коратка выкладае зьмест гэтых правоў. Так, «рицерское или военное» права тлумачыцца як «еже на войне соблюдаемо бываетъ. Яко справовати полки, знати своя места, розумети глас труб, делити користи, давати оброки». На думку Скарыны, усе чалавечыя законы паходзяць з закона Божага. Пасьля тлумачыцца сэнс Новага і Старога запаветаў. Далей даецца тэкст 34 разьдзелаў Паўторанага Закону, а на апошнім аркушы — пасьляслоўе.
Друкарскія асаблівасьці выданьня
рэдагавацьКніга выдадзена на царкоўна-славянскай мове ў беларускай рэдакцыі. Фармат выданьня кнігі — у чвэрць аркуша, аб’ём — 66 аркушаў, якія сабраны ў 8 сшыткаў. Набор выкананы ў 10 радкоў вышынёй 75 мм Сыгнатура адсутнічае. Фаліяцыя на верхнім баку аркуша ўверсе справа. У мастацкай аздобе выданьня выкарыстаны ілюстрацыя, гравіраваная на дрэве, застаўка, 37 ініцыялаў, надрукаваных з 24 дошак. На тытульным лісьце знаходзіцца гравюра «Майсей перад народам». Перад асноўным тэкстам застаўка з выявай русалак, паміж хвастоў якіх шчыт з зацьменьнем сонца. Такая ж застаўка даецца ў яшчэ 7 праскіх выданьнях Скарыны: кнігах «Ісус Навін», «Юдыт», «Рут», «Судзьдзяў», «Эстэр», «Ераміін плач», «Прарок Данііл».
Усяго вядома 14 асобнікаў кнігі Паўторанага Закону, зь іх 5 поўныя.
Літаратура
рэдагаваць- Францыск Скарына і яго час: Энцыкл. давед. / Беларус. Сав. Энцыклапедыя; Рэдкал. І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1988. — 608 с. — ISBN 5-85700-003-3
- ^ Мова выданняў Францыска Скарыны / А. М. Булыка, А.І. Жураўскі, У. М. Свяжынскі. — Мн.: Наука і тэхніка, 1990. ISBN 5-343-00447-4 С. 210