Ераміін плач (Скарына)
«Плач Ерамі́і» («Книжка рекомая Плачъ Еремиінъ починаеться») — недатаванае праскае выданьне Скарыны, якое было надрукаванае прыкладна ў 1519 годзе.
Ераміін плач | |
Тытульны аркуш з выявай «Ераміін плач» | |
Аўтар: | Францішак Скарына |
---|---|
Мова арыгіналу: | беларуская рэдакцыя царкоўнаславянскай мовы[1] |
Публікацыя: | каля 1519 |
Колькасьць старонак: | 12 аркушоў |
Зьмест кнігі
рэдагавацьВыданьне пачынаецца тытульным лістом з гравюрай і пашыранай назвай кнігі («Зуполне выложены на руский языкъ доктором Франъциском Скориною с Полоцька напредъ Богу в Троіци единому ко чти и людем посполитым к доброму научению»). У гэтай назьве зроблена памылка друку: слова «книжка» пачата ініцыялам «К», а пасьля яшчэ раз паўторана літара «К». На першым аркушы даецца «Предословие доктора Франъциска Скорины с Полоцька въ книжки Плачу Еремиина». На 3—11 аркушах выдадзены тэкст 5 разьдзелаў кнігі, а на апошнім аркушы — пасьляслоўе.
Друкарскія асаблівасьці выданьня
рэдагавацьКніга выдадзена на царкоўна-славянскай мове беларускай рэдакцыі. Фармат выданьня — у чвэрць аркуша, аб’ём — 12 аркушаў, якія сабраны ў адзін сшытак. Набор выкананы праскім шрыфтам Скарыны — у 10 радкоў вышынёй 75 мм. Сыгнатура адсутнічае. Фаліяцыя на верхнім баку аркуша ўверсе справа. Выданьне ўпрыгожана гравюрай «Плач Ераміі» (тытульны ліст), 2 застаўкамі і 8 ініцыяламі. Перад асноўным тэкстам зьмешчаная застаўка, на якой выяўлены шчыт з зацьменьнем сонца, вакол якога аголеныя сырэны з рыбінымі хвастамі. Малая застаўка перад пасьляслоўем мае выгляд калёны з акантавым лісьцем.
Захавалася ўсяго 4 асобнікі кнігі Плач Ераміі, зь іх 2 поўныя.
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Мова выданняў Францыска Скарыны / А. М. Булыка, А.І. Жураўскі, У. М. Свяжынскі. — Мн.: Наука і тэхніка, 1990. ISBN 5-343-00447-4 С. 210
Літаратура
рэдагаваць- Францыск Скарына і яго час: Энцыкл. давед. / Беларус. Сав. Энцыклапедыя; Рэдкал. І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1988. — 608 с. — ISBN 5-85700-003-3