Паўла Мадэрзон-Бэкер

Паўла Мадэрзон-Бэкер (па-нямецку: Paula Modersohn-Becker; 8 лютага 1876, Дрэздэн, Каралеўства Саксонія, Нямецкая імпэрыя ― 20 лістапада 1907, Варпсвэдэ, Каралеўства Прусія, Нямецкая імпэрыя) ― нямецкая мастачка, слынная прадстаўніца раньняга экспрэсіянізму.

Паўла Мадэрзон-Бэкер
Імя пры нараджэньні Paula Becker
Дата нараджэньня 8 лютага 1876
Месца нараджэньня Дрэздэн, Каралеўства Саксонія, Нямецкая імпэрыя
Дата сьмерці 20 лістапада 1907
Месца сьмерці Варпсвэдэ, Каралеўства Прусія, Нямецкая імпэрыя
Прычына сьмерці эмбалія лёгкіх[d]
Месца пахаваньня
Адукацыя Жаночая школа мастацтваў (Бэрлін), Акадэмія Жуліяна (Парыж)
Месца вучобы
Занятак Мастачка
Жанры партрэт
Плынь Экспрэсіянізм
Пад уплывам Поль Гаген і Вінцэнт ван Гог
Сайт paula-modersohn-becker.de (ням.)​ (анг.)

Жыцьцяпіс

рэдагаваць

Паўла Бэкер — трэцяе дзіця, якое нарадзілася ў сям’і зь сямі братоў і сясьцёр. Ейны бацька, Карл Вальдэмар Бэкер, быў нямецкім інжынэрам чыгункі, а маці Матыльда фон Бюльцінгсьлёвен паходзіла з старой шляхецкай сям’і ў Турынгіі. Лісты, якія Карл Вальдэмар Бэкер дасылаў дачцэ, ствараюць вобраз культурнага чалавека, адкрытага сьвету: знаёмага з Парыжам і Лёнданам і паліглёта, які свабодна валодаў расейскай, францускай і ангельскай мовамі. Сям’я Паўлы па матчынай лініі выяўляла падобны касмапалітызм і схільнасьць да падарожжаў: дзед фон Бюльцінгсьлёвен камандаваў гарнізонам за мяжой, а некалькі братоў Матыльды эмігравалі ў Інданэзію, Новую Зэляндыю і Аўстралію[1].

Мастацтва, літаратура і музыка займалі істотнае месца ў выхаваньні дзяцей Бэкераў. Паўла Бэкер, як і ейныя сёстры, атрымлівала ўрокі фартэпіяна. Сям’я вельмі шанавала творчасьць Рыхарда Вагнэра, за выключэньнем Паўлы, якая лічыла яго «негерманцам» (undeutsch). Што да Гётэ, то ён лічыўся ў сям’і найвялікшым з усіх паэтаў. На думку біёграфаў Паўлы, Бэкеры належалі да сярэдняй і дробнай буржуазіі, таму не былі асабліва заможнымі[2].

У 1888 годзе бацька атрымаў новую працу і сям’я пераехала ў Брэмэн. Бэкеры пасяліліся ў доме на Шваххаўзер Хеерштрасэ 23. Тут у Паўлы зьявілася першая мастацкая майстэрня. Мастацтва тым часам знаходзілася ў Брэмене на ўздыме, і праз знаёмых маці Паўла завяла знаёмствы ў асяродзьдзі мастакоў, якія жыва падтрымліваліся ўсёй сям’ёй Бэкераў[3].

У пачатку лета 1892 г. па жаданьні бацькоў Паўла адправілася ў Ангельшчыну. У прадмесьці Лёндана жыла зводная сястра бацькі Паўлы. У ейным доме Паўла павінна была навучыцца дамаводзтву і вывучыць ангельскую мову. Дзякуючы садзейнічаньню свайго дзядзькі Паўла займалася ў Ангельшчыне таксама і жывапісам[2].

З 1893 году па патрабаваньні свайго бацькі Паўла ўсьлед за сваёй старэйшай сястрой навучалася ў Брэмэне на настаўніцкіх курсах. Пэдагагічны шлях ня быў блізкім Паўле, таму ў якасьці заахвочваньня бацька дазволіў Паўле браць прыватныя ўрокі жывапісу ў мастака Бэрнхарда Віганда. У верасьні 1895 г. Паўла пасьпяхова склала іспыт на настаўніцу[3].

Увесну 1893 году Паўла пазнаёмілася з карцінамі варпсвэдзкага гуртка мастакоў. Працы Ота Мадэрзона, Фрыца Макензэна, Фрыца Авэрбэка, Ганса ам Эндэ й Гэнрыха Фогелера ўдзельнічалі ў выставе ў брэмэнскім Кунстхале[4].

Увесну 1896 году Паўла Бэкер адправілася ў Бэрлін і на працягу шасьці тыдняў наведвала курс малюнку і жывапісу ў вядомай мастацкай школе пры Зьвязе бэрлінскіх мастачак. У гэтай школе навучалася, напрыклад, Кетэ Кольвіц. Жанчыны тады ня мелі права вучыцца ў Акадэміі мастацтваў[4].

У 1898-1899 гадах наведвае калёнію мастакоў у Варспсвэдэ (каля Брэмэну), навучаецца жывапісу ў мастака Фрыца Макензэна. Хутка зразумела, што Фрыц Макензэн навучае яе не зусім таму, аб чым марыла яна. Мастачка імкнецца ў Парыж[4].

Да ўсяго ў Варспвэдэ Паўла пасябравала зь сям’ёй Мадэрзонаў і Гэнрыхам Фогелерам, пад кіраўніцтвам якога выканала ўлетку 1899 году некалькі афортаў[5].

У 1900 годзе Паўла зьдзяйсьніла сваю мару — паехала ў Парыж. Навучалася ў парыскай Акадэміі Каларосі і прайшла курс малюнку аголенай натуры[6].

Цікава, што маладая мастачка падчас знаходжаньня ў Парыжы запісала ў дзёньніку прарочае выказваньне: «Я ведаю, я не пражыву доўга. Але хіба гэта сумна? Няўжо сьвята стане лепш, калі яно будзе доўгім? І маё жыцьцё — сьвята, кароткае, інтэнсіўнае сьвята… І калі да таго, як я пайду, ува мне яшчэ расквітнее каханьне, і калі я напішу тры добрыя карціны, то тады я пайду спакойна зь кветкамі ў руках і валасах»[7].

У 1901 годзе Паўла пабралася шлюбам з мастаком Ота Мадэрзонам. Тры першыя гады сумеснага жыцьця з Паўлай былі вельмі шчасьлівымі для Ота Мадэрзона. Зь ягонага дзёньніка вядома, што Мадэрзон быў перакананы ў тым, што ён жанаты на мастачцы, якая прадстаўляе новы кірунак у мастацтве, хаця акрамя яго гэтага ніхто не заўважаў[8].

Увесну 1903 году з згоды мужа Паўла Мадэрзон-Бэкер вярнулася на два месяцы ў Парыж. Большую частку часу Паўла правяла ў Люўры, капіруючы антычныя і эгіпецкія ўзоры[9].

У 1905 годзе яна зноў вярнулася на некалькі месяцаў у Парыж натхніцца францускім мастацтвам, якое не было ў той час у пашане ў Нямеччыне. Нават ейны муж зьдзіўляўся таму, як яна цікавіліся францускімі павевамі ў мастацтве. Творчае разьвіцьцё Паўлы падвяргалася ўсё больш вострай крытыцы мужа. А Паўле зноў хацелася ў Парыж[9].

23 лютага 1906 году Паўла Мадэрзон-Бэкер пакінула Варпсвэдэ. У сваім дзёньніку яна напісала, што кінула Ота Мадэрзона. Для яго такі крок стаў нечаканасьцю, і ў сваіх лістах у Парыж Мадэрзон маліў жонку вярнуцца. Паўла ў адказ прасіла яго прызвычаіцца з думкай, што іх жыцьцёвыя шляхі разышліся. Ота Мадэрзон нават прыехаў у чэрвені на тыдзень у Парыж, але размова з Паўлай аказалася безвыніковай. Ота Мадэрзон працягваў падтрымліваць жонку матэрыяльна. Сям’я Паўлы абвінаваціла яе ў эгаізьме[8].

У Парыжы яна зноў вучылася малюнку, а таксама вывучала анатомію ў Школе прыгожых мастацтваў і часта хадзіла на выставы. За 1906-1907 гады Паўла намалявала каля 90 карцінаў[10].

У кастрычніку Ота Мадэрзон прыехаў у Парыж, каб застацца там на зіму. побач з Паўлай. Ён зьняў сабе майстэрню на той жа вуліцы. У сакавіку 1907 г. Паўла вярнулася ў Варпсвэдэ з сваім мужам. У гэты пэрыяд яна напісала мала карцінаў[10].

Паўла чакала дзіця, аднак пакутавала ад таго, што ейнае становішча не дазваляла ёй займацца жывапісам гэтак жа інтэнсіўна, як раней[11].

 
Могілка Паўлы Мадэрзон-Бэкер, Варпсвэдэ

2 лістапада 1907 году ў Паўлы Мадэрзон-Бэкер нарадзілася дачка Матыльда (Ціле). Роды былі цяжкімі, і Паўле быў прапісаны пасьцельны рэжым. Яна ўпершыню паднялася з пасьцелі 20 лістапада, і ў яе пачалася эмбалія. Паўла Мадэрзон-Бэкер памерла ва ўзросьце 31 году. Пахаваная на мясцовых могілках Варпсвэдэ[11].

Творчасьць

рэдагаваць

Паўла Бэкер працавала ў асноўным з аголенай натурай. Яна таксама пісала натурморты і шматлікія аўтапартрэты, як, напрыклад, «Аўтапартрэт з цытрынай». Паўла Мадэрзон-Бекер таксама напісала першы вядомы аўтапартрэт ню ў поўны рост[12].

За няпоўныя 14 гадоў сваёй творчай дзейнасьці П. Мадэрсан-Бэкер намалявала 750 палотнаў, каля 1000 малюнкаў і 13 афортаў, якія ўвабралі ў сябе асноўныя кірункі мастацтва пачатку XX стагодзьдзя[11].

Ейны асабліва арыгінальны стыль зьяўляецца плёнам шматлікіх уплываў, на мяжы традыцыі і сучаснасьці. У ейным жывапісе прадстаўленыя аспэкты, якія зьмешваюць імпрэсіянізм Сэзана, Ван Гога або Гагена, кубізм Пікаса, фавізм, японскае мастацтва ці нават нямецкае Адраджэньне. Выразная сіла ейнай творчасьці толькі падсумоўвае асноўныя бакі мастацтва пачатку ХХ стагодзьдзя[13].

Яе таксама часта параўноўваюць з Кетэ Кольвіц у тым сэнсе, што ейныя пасьлядоўныя аўтапартрэты дакладна адлюстроўваюць эвалюцыю ейнага стылю[13].

Дзякуючы Гэнрыху Фогелеру палотны Паўлы Мадэрзон-Бэкер былі прадстаўленыя на некалькіх выставах пасьля ейнай сьмерці. Фогелер быў першым, хто ўсьвядоміў увесь размах мастачкі і ейнай творчасьці. Большасьць біёграфаў Паўлы бачаць у такіх паводзінах знак пэўнага раскаяньня Г. Фогелера, які да гэтага часу лічыў маладую жанчыну толькі жонкай свайго сябра Ота Мадэрзона[13].

Паўла за сваё жыцьцё прадала ўсяго каля пяці карцінаў. Аднак пасьля, дзякуючы розным выставам, якія арганізаваў Г. Фогелер, некалькі дасьведчаных калекцыянэраў заўважылі арыгінальнасьць карцінаў і набылі іх большую частку[13].

У 1917 годзе з нагоды дзясятай гадавіны сьмерці Паўлы Мадэрсон-Бэкер Асацыяцыя Кестнэра ў Гановэры арганізавала буйную выставу ейных працаў і апублікавала ўрыўкі зь ейных лістоў і дзёньніка. Зборнік, выдадзены пад назвай «Мастачка: Паўла Бэкер-Мадэрсон — лісты і дзёньнік», меў вялікі посьпех і зрабіў мастачку вядомай. Гэтыя тэксты некалькі разоў перавыдаваліся, у тым ліку ў мяккай вокладцы пасьля Другой сусьветнай вайны[14].

Музэй Паўлы Мадэрзон-Бэкер у Брэмэне

рэдагаваць

У брэмэнскім Музэі Паўлы Мадэрзон-Бэкер на вуліцы Бётхерштрасэ разьмяшчаецца пастаянная выстава лепшых працаў мастачкі. Сваім існаваньнем музэй і яго будынак у стылі экспрэсіянізму абавязаны Людвігу Разэліюсу (1874—1943), які па даручэньні Бэрнхарда Хэтгэра падрыхтаваў праект будынка для збору працаў Паўлы Мадэрзон-Бэкер. Музэй адкрыўся наведвальнікам 2 чэрвеня 1927 году. У музэі разьмяшчаецца таксама калекцыя скульптураў, карцінаў і малюнкаў Бэрнхарда Хэтгэра. Музэйныя плошчы выкарыстоўваюцца таксама для правядзеньня часовых выставаў[15].

  1. ^ Marie Darrieussecq, Être ici est une splendeur, vie de Paula M. Becker, Éditions POL, 2016.
  2. ^ а б Günter Busch, Liselote von Reinken (dir.), Paula Modersohn-Becker in Briefen und Tagebüchern, 4. Auflage, S. Fischer Verlag, Frankfurt am Main, pp. 183-189 et 520.
  3. ^ а б Günter Busch, Liselote von Reinken (dir.), Paula Modersohn-Becker in Briefen und Tagebüchern, 4. Auflage, S. Fischer Verlag, Frankfurt am Main, pp. 183-189.
  4. ^ а б в Diane Radycki, «American Women Artists in Munich», ou Die Frauen ohne Schatten», in American Artists in Munich: Artistic Migration and Cultural Exchange Processes, Christian Fuhrmeister, Hubertus Kohle, Veere Thielemans, p. 109-124.
  5. ^ Diane Radycki, «Pictures of Flesh: Modersohn-Becker and the Nude», in Woman's Art Journal, vol. 30, no. 2 (2009):3-14.
  6. ^ Diane Radycki, «Pretty/Ugly: Morphing Paula Modersohn-Becker and Marie Laurencin», Make, 72, 1996, p. 18-21.
  7. ^ Paula Modersohn-Becker, The Letters and Journals of Paula Modersohn-Becker, J. Diane Radycki, introduction d'Alessandra Comini, poésie de Rainer Maria Rilke (Requiem, 1908, traduit par Adrienne Rich et Lilly Engler) et de Adrienne Rich (Paula Becker to Clara Westhoff, 1975-76). Metuchen, N.J., & London: The Scarecrow Press, Inc., 1980.
  8. ^ а б Diane Radycki, Paula Modersohn-Becker: The Gendered Discourse in Modernism, mémoire de Ph.D., Harvard University, 1993.
  9. ^ а б Marina Bohlmann-Modersohn, Paula Modersohn-Becker. Eine Biographie mit Briefen, 3e édition, Knaus, Berlin, 1997.
  10. ^ а б Liselotte von Reinken, Paula Modersohn-Becker mit Selbstzeugnissen und Bilddokumenten, Éditions Rowohlt Taschenbuch, 1983.
  11. ^ а б в Peter Elze, Göttertage. Paula Modersohn-Becker in Bildern, Briefen und Tagebuchaufzeichnungen aus Worpswede, Éditions Beste Zeiten, 2003.
  12. ^ Maïa Brami, Paula Becker, la peinture faite femme, Éditions de l'Amandier, 2015.
  13. ^ а б в г Günter Busch et Liselotte von Reinken, Paula Modersohn-Becker in Briefen und Tagebüchern, Éditions Fischer, Francfort-sur-le-Main, 1979.
  14. ^ Paula Modersohn-Becker et Sophie Dorothee Gallwitz, Eine Künstlerin: Paula Becker-Modersohn. Briefe und Tagebuchblätter, Hanovre, Kestner-Gesellschaft, 1917.
  15. ^ Ann Sutherland-Linda Nochlin, «Paula Modersohn Becker», in Femmes peintres 1550-1950, Éditions Des femmes, 1981.