Па́льфі з Эрдзёду (па-вугорску: Pálffy de Erdőd) — адзін з найзнакаміцейшых і заможнейшых вугорскіх шляхецкіх родаў. Мелі тытулы баронаў (ад 1581), графаў (ад 1599) і князёў (ад 1807).

Пальфі
Герб Пальфі на старой ратушы ў Браціславе
Тытул князі, графы
Краіна паходжаньня Вугоршчына
Першы з роду Міклаш Пальфі
Апошні з роду Леапольд Ёзэф Даўн

Вугорскія роды Пальфі і Гедэрвар спрабавалі выводзіць уласнае паходжаньне ад Конта(en), заможнага магната падчас валадараньня Людовіка I, які валодаў мноствам замкаў у цяперашняй Харватыі і Славаччыне.

Пачаткова былі зэманскім родам. Росквіт роду пачаўся зь першай паловы XVI стагодзьдзя — час прыходу да ўлады ў Вугоршчыне Габсбургаў. У 1526 року ў бітве пад Мохачам загінуў ня толькі чэскі і вугорскі кароль Людвік II Ягелончык, аднак і мноства прадстаўнікоў вышэйшага духавенства і вугорскай шляхты, сярод якіх быў і Ваўрынец Пальфі. Ягоныя нашчадкі пасьля ўзыходу Габсбургаў на вугорскі сталец перайшлі на бок новага ўладара і заставаліся адданыя габсбурскаму роду да самага заняпаду Аўстра-Вугоршчыны.

Замак Чэрвены Камень у Карпатах, успадкаваны Пальфі ад Фугераў

Неўзабаве Пальфі атрымалі ад Габсбургаў тытул баронаў. У 1599 Міклаш Пальфі (1552—1600) быў уганараваны тытулам імпэрскага графа. Успадкаваны ім ад шлюбу з унучкаю Антона Фугера Марыяй Магдаленаю замак Чэрвены Камень у Верхняй Вугоршчыне (цяперашняя Славаччына) стаў першым родавым маёнткам, застаючыся ва ўладаньні Пальфі ажно да 1945 року.

Цягам пакаленьняў нашчадкі Міклаша Пальфі заставаліся найзаможнейшымі жыхарамі Пажоні (тагачаснай вугорскай сталіцы) і ейнымі імпэрскімі намесьнікамі. Графы Пальфі выбудавалі ў Браціславе некалькі палацаў, у адным зь якіх месьціцца аўстрыйская амбасада, у другім — меская карцінная галерэя. Палац Пальфі ў Празе, даволі сьціплы, разьмешчаны на Малой Старане. У Вене яны выбудавалі два невялікія палацы — на Вальнэрштрасэ й Ёзэфпляцы.

У 1707 року род падзяліўся на старэйшую галіну, заснавальнікам якой стаў граф Мікулаш Ёзэф (1657—1732) з Катарынай Альжбэтаю з Вайхсаў, і малодшую, заснаваную Мікулашавым братам графам Янам Бэрнардам (1663—1751) і графіняю Ганнаю Тэрэзаю з Кобараў. У 1735 адбыўся другі падзел маёмасьці, у выніку якога старэйшая галіна падзялілася на тры самастойныя лініі, утвораныя ўнукамі Мікулаша Ёзэфа Пальфі:

  • Мікулаш Ёзэф (1710—1773) з жонкаю Ганнай Сідонай ур. Альтанавай склалі малацкую лінію;
  • Леапольд Штэфан (1716—1773) з жонкаю Марыяй Ёзэфінай ур. Вальдштайн склалі ступаўскую лінію;
  • Рудольф Ёзэф (1719—1768) з жонкаю Марыяй Элеанорай ур. Каўніц-Рытбэрг склалі чэрвенакаменскую лінію.

У XIX стагодзьдзі Пальфі атрымалі права карыстацца тытулам князёў. У 1875 року пасьля спыненьня спадкаваньня генэралісімуса Даўна ў мужчынскім калене сярэдняя (графская) лінія роду Пальфі ўспадкавала належны яму тытул князя Тыяна, пасьля чаго зьмяніла прозьвішча на «Пальфі-Даўн дэ Эрдзёд» (Pálffy-Daun de Erdõd).

Апошні ўласьнік замку Чэрвены Камень, граф Караль Марыя Пальфі (1905—1992), зьехаў разам з маці напрыканцы сакавіка 1945 року.

Выбітныя прадстаўнікі

рэдагаваць

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць