Падскарбі земскі
Падскарбі земскі (па-лацінску: thesaurarius noster) — кіраўнік скарбу ў ВКЛ. Забясьпечваў захаваньне казны, выплочваў заробак войску, кантраляваў збор падаткаў і мыты, назіраў за дзейнасьцю мынцаў. Пасьля уніі 1569 году — падскарбі вялікі літоўскі.
Напачатку падскарбі земскі быў толькі захавальнікам скарбу. Выдачы са скарбу ажыцьцяўляў па вусных загадах вялікага князя і Рады ВКЛ.
Дзякуючы вялікаму даверу Жыгімонта Старога да літоўскага падскарбія Івана Гарнастая, з 1531 году яму былі нададзены некторыя правы. Да падскарбія былі таксама падпарадкаваныя адкупшчыкі вялікакняжацкіх прыбыткаў — мытнікі, салянічыя, васкаўнічыя. Пры адсутнасьці караля яму было нададзена права суду над вышэйзгаданымі службовымі асобамі. Выкарыстаньне сродкаў адкупшчыкаў дазвалялася толькі па квітанцыях, падпісаным вялікім князям і падскарбіям земскім.
Вышэйшае кіраўніцтва гаспадаркай ВКЛ і шырокія функцыі падскарбі земскі атрымаў пад час валочнай памеры ў 1550-х. Пад кантроль былі пераведзеныя паступленьні ў скарб ад дзяржаўцаў, васкаўнічых, ключнікаў, мытнікаў, карчмароў, цівуноў і іншых. Падскарбі земскі атрымаў права зь ведама і волі гаспадара спаганяць прыбыткі з тых службовых асобаў, якія іх атрымлівалі.
У 1561 годзе паўнамоцтвы падскабія літоўскага пашырыліся яшчэ больш у сувязі з уводзінамі новага падатку для абароны Інфлянцкай зямлі. Ён прызначаў паборцаў гэтага падатку. Паборцы перайшлі пад кіраўніцтва падскарбія. Той судзіў іх паводле скаргаў, прызначаў і звальняў, кіраваў і навучаў. Земскі падскарбі мог даваць парады вялікаму князю па вызваленьні ад выплат пабораў ў выпадку беднасьці ці разарэньня вайною. З арыманых грошаў падскарбі аплочваў наёмнае войска, забясьпечваў вялікакняскія і дзяржаўныя патрэбы. Рабіў ён гэта па загадзе вялікага князя літоўскага, а ў адсутнасьць таго, пасьля абмеркаваньня з Радаю ВКЛ, але паводле свайго бачаньня.
У 1566 годзе пры прызначэньні Жыгімонтам Аўгустам новага падскарбія земскага Мікалая Яна Нарушэвіча былі пацьверджаныя старыя паўнамоцтвы і нададзеныя новыя. Пасада падскарбія земскага была выключана зь ведамства Рады ВКЛ і падначальвалася наўпрост вялікаму князю. Усе старосты, дзяржаўцы, намесьнікі, спраўцы дзяржаўных даходаў, рэвізоры гападарак і мытнікі былі падпарадкаваныя падскарбію. Ён атрымаў права канфіскоўваць землі і асабістую маёмасьць сваіх падначаленых, калі тыя спазьняліся з выдачай даходаў. Высечка дзяржаўных пушчаў была дазволена толькі з асабістага дазволу вялікага князя і падскарбія земскага. У падпарадкаваньне падскарбія земскага быў перададзена мынца. Прызначэньне падскарбія дворнага праходзіла толькі па парадзе падскарбія земскага.
Літаратура
рэдагаваць- Крыніца: Аляксандар Груша, «Вялікае Княства Літоўскае»