Павал Беспашчадны
Па́вал Рыго́равіч Беспашча́дны (па-расейску: Павел Григорьевич Беспощадный) — данбаскі савецкі расейскамоўны паэт.
Павал Беспашчадны | ||||
Павел Григорьевич Беспощадный | ||||
Асабістыя зьвесткі | ||||
---|---|---|---|---|
Імя пры нараджэньні | Павал Іваноў | |||
Псэўданімы | Павел Беспощадный | |||
Нарадзіўся | 12 ліпеня 1895 в. Сяслаўль, Смаленская губэрня (цяпер Бранская вобласьць) | |||
Памёр | 25 траўня 1968 Горлаўка, Данецкая вобласьць, УССР, СССР | |||
Літаратурная дзейнасьць | ||||
Род дзейнасьці | паэт | |||
Гады творчасьці | 1924—1968 | |||
Мова | расейская | |||
Дэбют | 1924 | |||
Узнагароды | |
Біяграфія
рэдагавацьНарадзіўся 12 ліпеня (паводле старога стылю — 29 чэрвеня) 1895 року ў сяле Ўсяслаўль (Сяслаўль) Смаленскае губэрні Расейскай імпэрыі (цяпер — Бранская вобласьць, Расея) у сям’і сяляніна-бедняка. Яго дзед быў прыгонным. У будучага паэта было сямнаццаць родных братоў і сёстраў. Праз складанасьці ягоны бацька пераехаў у Данбас (усход сучаснай Украіны), дзе памёр пасьля атрыманьня траўмы падчас працы на шахце.
У 1907—1917 гадах Павал Беспашчадны працаваў выбарцам пароды, лямпаносам, вагоншчыкам і канагонам на Селязьнёўскіх руднікох. У 1918 годзе ён пайшоў добраахвотнікам у Чырвоную Армію, удзельнічаў у баёх пэрыяду Грамадзянскае вайны. Праз тры гады вярнуўся на гэты ж руднік, які стаў называцца «Парыская камуна», працягнуўшы працу шахтэрам. Першыя вершы былі апублікаваныя 18 траўня 1924 году ў газэце «Кочегарка» места Арцёмаўск. У гэты час пакінуў працу шахтэрам і перайшоў працаваць у газэту ў аддзел лістоў. Актыўна працаваў над аб’яднаньнем данбаскіх літаратараў у Пралетарскі саюз пісьменьнікаў «Забой». У 1932 годзе пераехаў у Горлаўку, куды была пераведзеная рэдакцыя газэты «Кочегарка». У 1941 годзе быў эвакуяваны ў Сярэднюю Азію. Адразу па вызваленьні Данбасу вярнуўся ва Ўкраіну (напачатку ў Краснадон, потым — Варашылаўград). Напачатку 50-х гадоў назаўсёды вярнуўся ў Горлаўку.
Лічыўся патрыярхам Горлаўскага літаратурнага руху. Сярод крытыкаў узгадваўся як данбаскі Бэрнэс, сьпявак шахтэрскае працы. Нягледзячы на тое, што ягоныя творы патрыятычнае тэматыкі за цяперашнім часам не ўспрымаюцца, пэйзажная лірыка і паэтызацыя працоўных будняў, на думку літаратараў, зьяўляюцца актуальнымі і цяпер. Памёр 25 траўня 1968 року ў месьце Горлаўка.
Зборнікі вершаў
рэдагаваць- «Каменная книга» (па-беларуску: «Каменная кніга»; 1930);
- «Год в „Кочегарке“» (па-беларуску: «Год у „Качагарцы“»; 1934);
- «Родина» (па-беларуску: «Радзіма»; 1938);
- «Шахтёрские песни» (па-беларуску: «Шахцёрскія песьні»; 1948);
- «Шахтёрские поэмы» (па-беларуску: «Шахцёрскія паэмы»; 1959);
- «Сталино» (па-беларуску: «Сталіна»; 1959);
- «Донецкие просторы» (па-беларуску: «Данецкія прасторы»; 1961);
- «Избранное. Стихи, песни, поэмы» (па-беларуску: «Абранае. Вершы, песьні, паэмы»; 1965);
- «Каменная лира» (па-беларуску: «Каменная ліра»; 1968).
Усяго выйшла каля 30 прыжыцьцёвых кніг. У 2010 годзе да 115-годзьдзя Паўла Беспашчаднага горлаўскім аддзелам культуры быў выпушчаны том выбраных твораў, які быў распаўсюджаны па бібліятэках Данбаскага рэгіёну.
Узнагароды
рэдагаваць- Ордэн Леніна
- Ордэн Працоўнага Чырвонага Сьцяга СССР (двойчы)
- Пачэсны шахтэр СССР
- Пачэсны грамадзянін Горлаўкі
Ушанаваньне памяці
рэдагавацьУ гонар паэта названая вуліца ў Цэнтральна-Гарадзкім раёне места Горлаўка, школа № 73.
Ад 1990 року ў Горлаўцы існуе гарадзкая літаратурная прэмія імя Паўла Беспашчаднага, якая надаецца за апублікаваныя літаратурныя працы. Ляўрэату прэміі надаецца дыплём, мэдаль і грашовая прэмія памерам 5 мінімальных заробкаў (ад 2009 году — 3).
Бібліяграфія
рэдагаваць- Беспощадний. П. Г. Избранное. Стихи. Песни. Поэмы. — К: Дніпро, 1965.
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- http://slovari.yandex.ru/ПАВЕЛ%20БЕСПОЩАДНЫЙ/БСЭ/Беспощадный%20Павел%20Григорьевич/(недаступная спасылка)