Ордэн Жалезнага рыцара
Ордэн Жалезнага (Зялезнага) рыцара — вайсковая ўзнагарода рады БНР.
Ордэн Жалезнага рыцара | |||
| |||
Краіна | Беларуская Народная Рэспубліка | ||
---|---|---|---|
Тып | ордэн | ||
Каму ўручаецца | вайскоўцам | ||
Падставы ўзнагароджаньня | учыненьне выдатнага ваеннага ўчынку | ||
Статус | уручаецца | ||
Статыстыка | |||
Дата заснаваньня | 1 верасьня 1949 году | ||
Першае ўзнагароджаньне | да 24 лютага 1952 году | ||
Чарговасьць | |||
Старэйшая ўзнагарода | Ордэн Пагоні | ||
Малодшая ўзнагарода | Мэдаль за баявыя заслугі |
Мінуўшчына
рэдагавацьОрдэн створаны 1 верасьня 1949 году дэкрэтам прэзыдэнта Рады БНР Міколы Абрамчыка. Ордэн Жалезнага рыцара быў прызначаны для «адзначэньня ваенных ці вайсковых заслугаў» і быў узнагародай «выдатных ваенных учынкаў». Гэтую ўзнагароду меў права надаваць галоўнакамандуючы беларускага войска, або ў мірны час — былы галоўнакамандуючы. На пачатку 1950-х гадоў галоўнакамандуючага не было, таму "капітулу ордэну «Жалезнага рыцара» часова замяняў прэзыдэнт Рады БНР. Статут ордэна быў зацьверджаны й пачаў дзейнічаць з 6 жніўня 1951 году.
У чэрвені 2023 г. статут ордэну быў абноўлены[1].
Знак Ордэну Жалезнага рыцара мае выгляд чатырохканцовага крыжу, пасярэдзіне якога дзьве скрыжаваныя шаблі. На раменьнях крыжа літары «Б.Н.Р.» Адваротны бок як пярэдні, але безь літараў і шабляў і з парадкавым нумарам. Стужка чырвонага (цёмнага) і зямельнага (бурага) колеру, зложаная трохкутнікам. На стужцы дзьве скрыжаваныя шаблі, як і на ордэне. Невядома, ці былі вырабленыя знакі ордэну або ці засталіся яны толькі праектам. У беларускай газэце «Бацькаўшчына», якая выдавалася ў Мюнхэне, у нумары за 24 лютага 1952 году быў пададзены малюнак знаку ордэна, а таксама статут. У гэтай публікацыі былі таксама й іншыя ўзнагароды БНР, а таксама сьпіс узнагароджаных.
Ступені
рэдагавацьПаводле абноўленага статуту 2023 году, крыж мае дзьве ступені, адзначаныя адпаведнымі крыжамі[1]:
- Камандорскі крыж
- Кавалерскі крыж
-
Кавалерскі крыж Ордэну Жалезнага рыцара, авэрс
-
Кавалерскі крыж Ордэну Жалезнага рыцара, рэвэрс
Першапачаткова ордэн падзяляўся на пяць клясаў, азнакамі якіх былі:
- Вялікі Крыж
- Камандорскі Крыж
- Кавалерыйскі Крыж
- Залаты Крыж ордэна Зялезнага Рыцара
- Срэбны Крыж ордэна Зялезнага Рыцара
Узнагароджаныя
рэдагавацьПаводле газэты «Бацькаўшчына» за 24 лютага 1952 году, на той момант кавалерамі ордэну былі:
- генэрал Міхал Вітушка — 3-я кляса
- генэрал Усевалад Родзька — 3-я кляса
- маёр Саха — 4-я кляса
- маёр Іван Слуцкі — 4-я кляса
- тры камандоўцы асобных аддзелаў і адзін афіцэр сувязі (усе на тэрыторыі Беларусі) — 4-я кляса
Пазьнейшыя ўзнагароджаньні:
- Міраслаў Лазоўскі, баец Палку Каліноўскага і адзін з заснавальнікаў «Белага легіёну», пасьмяротна ўзнагароджаны тытулам кавалера 25 чэрвеня 2023 г.[2].
Крыніцы
рэдагаваць- ^ а б Ордэн Жалезнага рыцара — Рада БНР, афіцыйны сайт
- ^ Міраслаў Лазоўскі пасьмяротна прыняты ў кавалеры Ордэну Жалезнага рыцара — Рада БНР, афіцыйны сайт