Іван Насовіч
Іва́н Насо́віч (стар. ст.: 7 кастрычніка 1788, вёска Гразівец, цяпер Чавускі раён — 6 жніўня 1877) — беларускі мовазнаўца, лексыкограф, фальклярыст, этнограф[1].
Іван Насовіч лац. Ivan Nasovič | |
Дата нараджэньня | 26 верасьня (7 кастрычніка) 1788 |
---|---|
Месца нараджэньня | вёска Гразівец, Чавускі павет, Магілёўскае намесьніцтва, Расейская імпэрыя |
Дата сьмерці | 25 ліпеня (6 жніўня) 1877 (88 гадоў) |
Месца вучобы | Магілёўская сэмінарыя |
Занятак | навуковец, лексыкограф, дыялектоляг, мовазнавец |
Навуковая сфэра | Мовазнаўства |
Месца працы | Пецярбурская акадэмія навук |
Вядомы як | Складальнік першага гістарычнага слоўніка беларускай мовы |
Узнагароды | Увараўская прэмія (1865), Залаты мэдаль Расейскага геаграфічнага таварыства |
Біяграфія
рэдагавацьУ 1812 годзе скончыў гімназію і духоўную сэмінарыю ў Магілёве. На працягу 9 рокаў працаваў настаўнікам, інспэктарам Аршанскага, рэктарам Амсьціслаўскага і Магілёўскага духоўных вучэльняў, а потым — загаднікам, нагляднікам, выкладнікам Дынабурскай гімназіі, Маладэчанскай, Сьвянцянскай дваранскіх вучэльняў. У 1843 годзе выйшаў у адстаўку, жыў у Амсьціславе і займаўся навуковай працай. 3 мэтай зьбіраньня фальклёна-этнаграфічных і моўных матэрыялаў аб’ехаў Менскую, Гарадзенскую і Магілёўскую губэрні.
У 1850 годзе даслаў у Аддзяленьне расейскай мовы і славеснасьці Пецярбурскай АН рукапісныя працы «Кароткія філялягічныя назіраньні над беларускай гаворкай», «Невялікі беларускі слоўнік» і «Зборнік беларускіх прыказак», у якія ўлучаныя каля 1000 запісаў. У 1852 годзе апублікаваў зборнік «Беларускія прыказкі і прымаўкі» з тлумачэньнямі да іх.
Паводле прапановы Аддзяленьня расейскай мовы і славеснасьці Пецярбурскай АН склаў першы гістарычны слоўнік беларускай мовы «Альфабэтны паказальнік старажытных беларускіх словаў, выбраных з Актаў, што адносяцца да гісторыі Заходняй Расеі», за што атрымаў Увараўскую прэмію 1865 року. У слоўніку растлумачаныя каля 13 тысячаў словаў.
У 1864 годзе пераехаў у Пецярбург, дзе да 1870 году працаваў у архіве публічнай бібліятэкі, супрацоўнічаў з Расейскім геаграфічным таварыствам. У 1867 годзе выйшаў «Зборнік беларускіх прыказак» які быў адзначаны залатым мэдалём Расейскага геаграфічнага таварыства. У зборніку зьмешчаныя каля 3500 прыказак, прымавак, праклёнаў, скорагаворак, пажаданьняў, прывітаньняў. У 1868 годзе пабачыў сьвет ягоны зборнік «Беларускія прыказкі і загадкі». Зборнікі пачынаюцца прадмовамі, у якіх аўтар выказваў свае погляды на беларускую народную вусна-паэтычную творчасьць.
Найбольш каштоўныя этнаграфічныя матэрыялы зьмешчаныя ў капітальнай працы «Слоўнік беларускай гаворкі», які выйшаў у 1870 годзе. У ім зьмешчаныя больш за 30 тыс. словаў з тлумачэньнямі, што даюць багатыя зьвесткі пра матэрыяльную і духоўную культуру, сямейны і грамадзкі побыт беларусаў. У 1881 годзе быў выдадзены яго «Дадатак да беларускага слоўніка», у якім зьмешчаныя каля 1000 новых словаў. Слоўнік да гэтага часу застаецца ўнікальным зборам беларускай лексыкаграфіі[2].
Аўтар гістарычнага нарыса «Аб плямёнах да часоў Рурыка, што засялялі беларускую тэрыторыю» (рукапіс захоўваецца ў Бібліятэцы РАН у Санкт-Пецярбургу), гістарычна-мэмуарнай працы «Ўспаміны майго жыцьця» (рукапіс захоўваецца ў Інстытуце мовазнаўства НАН Беларусі).
Бібліяграфія
рэдагаваць- Словарь белорусского наречия. Санкт-Петербург. 1870. Ч. I., Ч. II.
- Белорусские песни. 1873.
- Сборник белорусских пословиц. Т. I. 1867, Т. II. 1869.
- Вячаслаў Мартысюк. Поўная бібліяграфія прац Івана Насовіча.
Крыніцы
рэдагавацьЛітаратура
рэдагаваць- Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. У 4 кн. Кн. 1-я. — Мн.: БЕЛТА, 2001. — 576 с.: іл. ISBN 985-6302-33-1.
- Белазаровіч В. А. Гістарыяграфія гісторыі Беларусі: вучэб. дапаможнік; Установа Адукацыі «Гродзенскі Дзярж. Ун-т імя Я.Купалы». — Гродна : ГрДУ, 2006.— 345 с. ISBN 985-417-858-7.