М. Арол
М. Арол, сапраўднае імя Сьцяпан Язэпавіч Пяцельскі (Пятэльскі) (нарадзіўся каля 1890 году, в. Гарадок, Беластоцкі павет — памёр у 1917/1918 годзе) — беларускі паэт, перакладчык, публіцыст, фальклярыст.
М. Арол | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Нарадзіўся | каля 1890 |
Памёр | 1917 |
Літаратурная дзейнасьць | |
Род дзейнасьці | публіцыст, пісьменьнік, паэт, фальклярыст |
Мова | беларуская мова |
Узнагароды | |
Жыцьцяпіс
рэдагавацьНарадзіўся ў сялянскай сям’і. Скончыў царкоўна-настаўніцкую школу ў Ялоўцы ў 1909 годзе, потым настаўнічаў у Ялоўцы, Гарадку, Струзе (1910-1912) і Парэччы. У 1913-1914 гадах жыў на Ковеншчыне. На пачатку Першай сусьветнай вайны мабілізаваны ў армію, браў удзел у баявых дзеяньнях, узнагароджаны Георгіеўскім крыжам. Апошнюю вестку да сям’і выслаў 25 верасьня 1917 году з Украіны, дзе дысьлякавалася яго 16-я артылерыйская брыгада. Памёр ва Ўкраіне ад эпідэміі тыфу напрыканцы 1917 або ў пачатку 1918 году, аб гэтым пісала ў 1925 годзе віленская Крыніца, спасылаючыся на словы сваякоў[1].
Творчасьць
рэдагавацьДэбютаваў у друку вершам у 1909 годзе (газэта «Наша ніва»). Паэтычныя і публіцыстычныя творы пісьменьнік публікаваў у Беларускім календары «Нашай нівы», часопісе «Лучынка» і іншых беларускіх выданьнях. Падрыхтаваў кніжку паэзіі «Лірнік» і ў 1913 годзе паслаў у Віленскае выдавецкае таварыства, аднак яе выхаду перашкодзіла Першая сусьветная вайна. Рукапіс захаваўся і захоўваецца цяпер у Рукапісным аддзеле Цэнтральнай бібліятэкі Летувы ў Вільні. Асобныя творы зьмешчаны ў кнігах «Хрэстаматыя новай беларускай літаратуры» (Вільня, 1927), «Беларуская дакастрычніцкая паэзія» (1967), «Беларускім календары» (Беласток, 1979).
Вершы М. Арла вылучаюцца глыбока прачутымі грамадзка–патрыятычнымі матывамі («Кліч», «Сынам Беларусі», «На чужыне», «Сяўцам»). Сярод іх праблемы сацыяльнай рэчаіснасьці і вобраз заняволенага роднага краю займаюць цэнтральнае месца. Вершам гэтага цыклу характэрны высокі грамадзкі патас, публіцыстычная накіраванасьць. Ужо ў раньніх творах М. Арла праявілася схільнасьць да філязафічнасьці, да шырокай абагульненасьці малюнку і ўзбуйненьня мастацкага вобразу. Рэальны плян у яго вершах нярэдка пераплятаецца з абагульнена–сымбалічным («Сьмерць і жыцьцё», «Надзея», «Агляд жыцьця», «Ахвяра», «Арфа»). Ёсьць у М. Арла шэраг вершаў, у якіх ён ужывае фальклёрную паэтыку, творча пераасэнсоўваючы народна-песенныя традыцыі Беласточчыны («Доля і жабрак», «Ноч», «Песьня» і інш.).
Важнае месца ў пісьменьніцкай спадчыне М. Арла займаюць празаічныя творы — апавяданьні і пераклады. На беларускую мову перакладаў, у прыватнасьці, творы В. Бялінскага, дастасоўваючы яго думкі да патрэб самасьцьвярджэньня беларусаў, хвалюючых праблем беларускай літаратуры.
Бібліяграфія
рэдагаваць- М. Арол Лірнік: творы. — Мн .: Мастацкая літаратура, 1991. — 181 с. — 6000 ас. — ISBN 5-340-00528-3
Крыніцы
рэдагаваць- ^ М. Арол беларускі паэт, Сьцежкамі Мастоўшчыны
Літаратура
рэдагаваць- Саламевіч І. У. Арол. М. // БЭ. — Мн.: 1996 Т. 1. — С. 501
- Беларускія пісьменьнікі: 1917—1990 / Уклад. А. Гардзіцкі. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. ISBN 5-340-00709-X
- Туронак Ю. М. Арол — нашаніўскі пясьняр Беласточчыны // Ніва. 1978. 5 верасьня.
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Лірнік на kamunikat.org