Міністэрства спорту і турызму Рэспублікі Беларусь
Міністэ́рства спо́рту і туры́зму Рэспу́блікі Белару́сь (Мінспорту Беларусі) — ведамства ўраду Беларусі, упаўнаважанае парадкаваць фізычнае выхаваньне. Міністар спорту і турызму прызначаецца й здымаецца з пасады прэзыдэнтам. З 5 сакавіка 2018 году пасаду міністра займае Сяргей Кавальчук.
Міністэрства спорту і турызму Рэспублікі Беларусь | |
Абрэвіятура | МСТ РБ |
---|---|
Дата ўтварэньня | 25 жніўня 1991 (33 гады таму) |
Штаб-кватэра | Менск, вул. Кірава, д. 8, корп. 2 |
Міністар | Сяргей Кавальчук |
Першы намесьнік | Вячаслаў Дурноў |
Намесьнікі | Аляксандар Баравуля, Міхаіл Партны |
Зьвязаныя кампаніі | «Компак», «Палац спорту» |
Бюджэт | 189 мільярдаў рублёў [1] (2010 год; 63,1 мільёнаў $[2]) |
Сайт | www.mst.by |
Будова
рэдагаваць- Апарат — 4 управы, 6 аддзелаў, дэпартамэнт і дырэктарат;
- Управы па фізычнай культуры, спорту й турызму вобласьцяў ды Менску;
- Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт фізычнай культуры і спорту, вучэльня алімпійскага рэзэрву;
- Газэта «Спартовая панарама» (па-расейску: «Спортивная панорама»);
- Прадпрыемствы — «Белспортзабесьпячэньне», «Дырэкцыя будоўлі аб’ектаў Мінспорту», «Компак», «Нацыянальныя спартовыя лятарэі», «Палац спорту», «Стайкі» (Менскі раён);
- Музэй і навукова-дасьледніцкі інстытут фізкультуры і спорту;
- Цэнтры алімпійскай падрыхтоўкі ў — 1) адзінаборствах, 2) ветразевым спорце (Качына, Менскі раён), 3) водналыжным спорце, 4) вясьлярстве, 5) конным спорце й конегадоўлі (Ратамка, Менскі раён), 6) лёгкай атлетыцы, 7) мастацкай гімнастыцы, 8) настольным тэнісе, 9) тэнісе, 10) шахматах і шашках, 11) водных, 12) гульнявых, 13) прыкладных ды 14) зімовых відах спорту (Астрашыцкі Гарадок, Менскі раён);
- Цэнтар спартовай мэдыцыны, антыдопінгавае агенцтва, навучальна-мэтадычны цэнтар фізычнага выхаваньня насельніцтва.
Задачы
рэдагавацьПаводле ўставы ведамства мае наступныя задачы:
- парадкаваньне фізычнага выхаваньня, гульняў ды падарожжаў;
- распрацоўка захадаў пашырэньня фізычнага выхаваньня, гульняў ды падарожжаў;
- правядзеньне досьледаў выніковасьці аздараўленьня насельніцтва, дзіцячых ды юнацкіх гульняў, гульняў вышэйшых дасягненьняў;
- узгадненьне фізычнага выхаваньня й гульняў сярод непрацаздольных асобаў;
- ладжаньне гульняў ды падарожжаў у Беларусі.
Паўнамоцтвы
рэдагавацьПаводле ўставы міністэрства мае паўнамоцтвы на:
- ухваленьне ведамаснага заканадаўства;
- падачу прапановаў аб касаваньні пастановаў ведамстваў ды мясцовых органаў улады супярэчных заканадаўству аб фізычным выхаваньні, гульнях і падарожжах;
- прадстаўленьне ўраду ў адпаведных міжведамасных міжнародных арганізацыях ды заключэньне адпаведных міжнародных дамоваў;
- стварэньне, ператварэньне й касаваньне падпарадкаваных установаў;
- утварэньне міжведамасных камісіяў ды навуковых нарадаў;
- запыт ва ўстановах зьвестак;
- прыцягненьне да нарадаў навуковых установаў ды адмыслоўцаў[3].
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Закон Рэспублікі Беларусь аб рэспубліканскім каштарысе на 2010 год (рас.). Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал Рэспублікі Беларусь (27 сьнежня 2010). Праверана 21 траўня 2011 г.
- ^ Зьвесткі аб сярэднеўзважаным курсе беларускага рубля да замежных валютаў на валютным рынку Рэспублікі Беларусь за 2010 год. Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь. — Паводле сярэднегадавое цаны (2993,74) набыцьця даляра. Праверана 21 траўня 2011 г.
- ^ Пастанова Рады міністраў Рэспублікі Беларусь ад 29 ліпеня 2006 г. № 963 (рас.). Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал Рэспублікі Беларусь (5 студзеня 2011). Праверана 21 траўня 2011 г.