Мікалай Паўлавіч Круцько
Мікалай Паўлавіч Круцько (нар. 1949, Ляскавічы, Рудабельскі раён, Гомельская вобласьць, цяпер Беларусь) — беларускі хімік-вынаходнік.
Мікалай Паўлавіч Круцько | |
Дата нараджэньня | 20 траўня 1949 (75 гадоў) |
---|---|
Месца нараджэньня | Ляскавічы, Рудабельскі раён, Гомельская вобласьць, Беларуская ССР, Савецкі Саюз |
Месца вучобы | Беларускі тэхналягічны інстытут (1971) |
Занятак | навуковец, вынаходнік, хімік, прафэсар |
Навуковая сфэра | хімія |
Месца працы | Інстытут агульнай і неарганічнай хіміі |
Вядомы як | распрацоўнік каталізатараў імклівага выхаду нізкамалекулярных алефінаў пры піролізе |
Навуковая ступень | доктар навук (1991) |
Узнагароды |
Дзяржаўная прэмія Беларусі (1990)
|
Дасьледаваў калёідна-хімічныя ўласьцівасьці паверхнева-актыўных рэчываў. Аўтар звыш 300 навуковых працаў. Ляўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1990) за распрацоўку вытворчасьці калійных угнаеньняў з палепшанымі аграхімічнымі ўласьцівасьцямі. Доктар хімічных навук (1991), прафэсар (2003) і акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (2009)[2]. Кавалер ордэна Пашаны (2004) і заслужаны дзяяч навукі Беларусі (2014)[3].
Жыцьцяпіс
рэдагавацьУ 1971 годзе скончыў Беларускі тэхналягічны інстытут па спэцыяльнасьці «хімічная тэхналёгія перапрацоўкі нафты і газу» з прысваеньнем кваліфікацыі «інжынэр-хімік-тэхноляг»[4]. Уладкаваўся на працу інжынэрам у Інстытут фізыка-арганічнай хіміі Акадэміі навук Беларускай ССР, дзе пазьней стаў старэйшым інжынэрам і малодшым навуковым супрацоўнікам[2]. У 1980 годзе абараніў кандыдацкую дысэртацыю на тэму «Дасьледаваньне прыроды дзеяньня аксыдна-індыевага каталізатара ў рэакцыях піролізу ніжэйшых альканаў». У 1981 годзе перайшоў у якасьці старэйшага навуковага супрацоўніка ў Інстытут агульнай і неарганічнай хіміі (ІАНХ), дзе працаваў у аддзеле паверхнева-актыўных рэчываў і мінэральных угнаеньняў[4].
У 1989 годзе стаў намесьнікам кіраўніка па навуковай працы ІАНХ, а ў 1993 годзе — кіраўніком[2]. Папярэдне, у 1992 годзе абраўся загаднікам лябараторыі канструкцыйнай керамікі і кампазыцыйных матэрыялаў ІАНХ (пераўтвонанай у аддзел кампазыцыйных матэрыялаў у 2004 годзе)[4]. У 1994 годзе абраны сябрам-карэспандэнтам Акадэміі навук Беларусі[3].
У 2004—2010 гадох быў акадэмікам-сакратаром Аддзяленьня хіміі і навук аб Зямлі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі[2]. Адначасна зь 2008 году заняў пасаду кіраўніка дзяржаўнага аб'яднаньня «Хімічныя прадукты і тэхналёгіі»[3].
Навуковая праца
рэдагавацьНапісаў навуковыя працы пра калёідна-хімічныя ўласьцівасьці паверхнева-актыўных рэчываў, поліэлектралітаў і міжпалімэрных спалучэньняў у водна-салявым асяродзьдзі, а таксама пра кінэтыку і мэханізм каталітычнага распаду вуглевадародаў. Распрацаваў каталітычныя сыстэмы, якія павялічваюць выхад нізкамалекулярных алефінаў пры піролізе, і спосабы зьмяненьня дыспэрсіяў соляў і глебы. Таксама распрацаваў спосабы атрыманьня высакаякасных калійных угнаеньняў, якія прымянілі на «Беларуськаліі»[5]. За дадзеную распрацоўку ў 1990 годзе атрымаў Дзяржаўную прэмію Беларусі.
Ачоліў беларускую навуковую школу калёіднай хіміі і фізыка-хімічнай мэханікі. Паглыбіў разуменьне пра злучнае, флякулявальнае і гідрафабізавальнае дзеяньне нафтавых, палімэрных і паверхнева-актыўных мадыфікатараў у дыспэрсіях соляў і мінэралаў. Вызначыў спосаб іх узьдзеяньня на ўтварэньне кандэнсацыйна-крышталізацыйнай будовы полікрышталяў лугавых галагенідаў. Загадваў распрацоўкай атрыманьня катыённых бітумных эмульсіяў, што дазволіла ўкараніць рэсурсаашчадны рамонт і ўтрыманьне дарог. Да 2024 году напісаў звыш 380 навуковых працаў, у тым ліку стварыў 87 вынаходніцтваў і 3 манаграфіі, у тым ліку: «Палімэрныя комплексы ў водных і салявых асяродзьдзях» (2010) сумесна з Аленай Вераб'ёвай, «Рэгуляваньне калёідна-хімічных уласьцівасьцяў салявых мінэральных дыспэрсіяў пры атрыманьні грануляваных калійных угнаеньняў» (2010 г., 239 с.) сумесна зь Вячаславам Шаўчуком, Віктарам Прушаком і Уладзімерам Шчэрбай, «Уласьцівасьці і прымяненьне бітумных дыспэрсіяў і бітумна-эмульсійных матэрыялаў» (2014 г., 207 с.) сумесна з Вольгай Апанасенка[3].
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Зьвязда (белар.) — Выдавецкі дом «Звязда», 2014. — вып. 91 (27701). — С. 8. — ISSN 1990-763X
- ^ а б в г Даты, падзеі, людзі // Зьвязда : газэта. — 20 траўня 2014. — № 91 (27701). — С. 8. — ISSN 1990-763x.
- ^ а б в г Круцько Мікалай Паўлавіч // Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, 2024 г. Праверана 15 чэрвеня 2024 г.
- ^ а б в Вынаходнікі Беларусі (Круцько Мікалай Паўлавіч) // Нацыянальны цэнтар інтэлектуальнай уласнасьці, 2019 г. Праверана 15 чэрвеня 2024 г.
- ^ Круцько Мікалай Паўлавіч // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 1999. — Т. 8. — С. 490. — 576 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0144-3
Гэта — накід артыкула пра асобу з Беларусі. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |