Міжнародная фэдэрацыя валейболу
Міжнаро́дная фэдэра́цыя валейбо́лу (па-француску: Fédération Internationale de Volleyball, скарочана FIVB альбо ФІВБ) — міжнародны кіроўны орган усіх відаў валейболу. Сядзіба арганізацыі месьціцца ў Лязане, Швайцарыя, а цяперашнюю пасаду прэзыдэнта займае бразылец Ары Граса.
Міжнародная фэдэрацыя валейболу | |
па-француску: Fédération Internationale de Volleyball | |
Мапа сябраў, зафарбаваных згодна з прыналежнасьцю да пэўнай канфэдэрацыі | |
Абрэвіятура | ФІВБ |
---|---|
Дата ўтварэньня | 20 красавіка 1947 году |
Тып | Няўрадавая |
Юрыдычны статус | Міжнародная арганізацыя |
Мэта | Кіраваньне валейболам |
Штаб-кватэра | Лязана, Швайцарыя |
Афіцыйныя мовы | Ангельская, француская, гішпанская, арабская, партугальская, расейская |
Прэзыдэнт | Ары Граса |
Кіроўны орган | Кангрэс |
Сайт | FIVB.com |
Гісторыя
рэдагавацьДа заснаваньня фэдэрацыі валейбол быў часткай міжнароднай аматарскай фэдэрацыі гандболу. Арганізацыя паўстала ў Францыі ў красавіку 1947 году[1]. У канцы 1940-х гадоў некаторыя эўрапейскія нацыянальныя фэдэрацыі пачалі вырашаць пытаньне аб стварэньні міжнароднага кіроўнага органу валейбольнага спорту. Першапачатковыя дыскусіі ў канчатковым рахунку прывялі да скліканьня ўстаноўчага кангрэсу ў 1947 годзе. Чатырнаццаць нацыянальных фэдэрацыяў, якія прадстаўлялі пяць розных кантынэнтаў, узялі ўдзел у сустрэчах, дзе паміж 18 і 20 красавіка была афіцыйна створана арганізацыя, першым прэзыдэнтам якой стаў француз Поль Лібо. Першы азіяцкі чэмпіянат па валейболе ладзіўся ў Токіё ў 1955 годзе, і на гэтым першынстве мужчынская зборная Індыі выгуляла каманду Японіі ў фінальным матчы.
Адная з галоўных мэтаў кангрэса 1947 году была дасягнута праз два гады, калі быў згуляны першы міжнародны буйны турнір, як то чэмпіянату сьвету. У 1952 годзе была ўведзеная і жаночая вэрсія турніру. У 1964 годзе МАК ухваліў даданьне валейболу ў алімпійскую праграму. Да гэтага часу колькасьць нацыянальных фэдэрацыяў, якія ўваходзілі ў міжнародную структуру, павысілася была да 89 сябраў. Пазьней у 1969 годзе паўстаў яшчэ адзін новы міжнародны турнір — кубак сьвету. У 1991 годзе ён быў ператвораны ў адборачны турнір да летніх Алімпійскіх гульняў.
Пасьля сыходу Лібо і абраньня мэксыканца Рубэна Акосты Эрнандэса прэзыдэнтам арганізацыі ў 1984 годзе сядзіба фэдэрацыі была перанесеная з Парыжу ў Лязану. З новым кіраўніком арганізацыя да беспрэцэдэнтнага ўзроўню актывізавала сваю палітыку прасоўваньня валейболу ва ўсім сьвеце. Захады, прынятыя ў гэтым напрамку, улучылі заснаваньне штогадовых спаборніцтваў па валейболе сярод мужчынаў і жанчынаў. Гэтак была арганізаваная Сусьветная ліга ў 1990 годзе ды Гран-пры ў 1993 годзе. Да таго ж пляжны валейбол трапіў у лік алімпійскіх відаў спорту ў 1996 годзе. Таксама быў зроблены шэраг зьменаў у правілах гульні з мэтай павышэньня цікаўнасьці матчаў.
19 чэрвеня 2008 году Вэй Цзічжун, які на той час займаў пасаду першага віцэ-прэзыдэнта, заняў пасаду кіраўніка арганізацыі падчас 31-га сусьветнага кангрэсу ў Дубаі, калі Рубэн Акоста пастанавіў сабе сысьці ў адстаўку. Афіцыйная перадача паўнамоцтваў прэзыдэнта адбылася 24 жніўня 2008 года ў Пэкіне. Да 2020 году колькасьць сябраў міжнароднай фэдэрацыі дасягнула 222-х нацыянальных фэдэрацыяў.
У адказ на расейскае ўварваньне ва Ўкраіну ў 2022 годзе Міжнародная фэдэрацыя валейболу адхіліла ўсе расейскія нацыянальныя каманды, клюбы і афіцыйных асобаў, а таксама спартоўцаў, якія займаюцца пляжным і сьнежным валейболам, ад усіх спаборніцтваў і пазбавіла Расею права браць удзел валейбольных чэмпіянатах, у тым ліку і тых, якія першапачаткова плянавалася ладзіць у гэтай краіне[2][3]. У выніку мужчынскі чэмпіянат сьвету 2022 году быў згуляны ў Польшчы і Славеніі.
Крыніцы
рэдагаваць- ^ «FIVB History». Fédération Internationale de Volleyball.
- ^ «These are the sports that Russia has been suspended from». CNN.
- ^ «A glance at reaction of sports to Russian invasion». Associated Press.