Мя́та пе́рцавая (па-лацінску: Méntha piperíta) — шматгадовая травяністая расьліна роду Мята сямейства Ясноткавыя.

Мята перцавая
Лісьце мяты перцавай
Клясыфікацыя
ЦарстваРасьліны
АддзелПакрытанасенныя
КлясаДвудольныя
АтрадЯсноткакветныя
СямействаЯсноткавыя
ПадсямействаКатоўнікавыя
ТрыбаМятныя
РодМята
ВідМята перцавая
Бінамінальная намэнклятура
Méntha piperíta

Культурная расьліна — расьце ў садох і гародах, дужа пахучая.

Батанічнае апісаньне рэдагаваць

 
Батанічнае аздабленьне кнігі «Köhler’s Medizinal-Pflanzen», 1887
 
Кветкі мяты перцавай

Расьліна з гарызантальным карэньнем і шматлікімі галінастымі сьцебламі. Колер сьцеблаў цёмна-фіялетавы з багатымі кропкавымі залозкамі, голымі ці зьлёгку апушанымі[1].

Лісьце накрыж-супрацьлеглае, яйкападобнае альбо ланцэтападобнае, па краю востразубчастае.

Кветкі дробныя, сьветла-ліловыя, сабраныя на верхавіне сьцябла й ветак у галоўка-калосападобныя суквецьці. У адрозьненьне ад іншых ясноткакветных яны не двугубыя, а амаль правільныя[1].

Пах пры расьціраньні моцны, своеасаблівы, духмяны; смак пякучы, пры жаваньні зьяўляецца працяглае адчуваньне холаду ў роце.

Расьліна квітнее ўсё лета.

Хімічны склад рэдагаваць

У расьлінах утрымоўваюцца этэрны алей (2,4 — 2,75% у лісьце, у суквецьцях 4 — 6%), дубільныя й смалістыя рэчывы, каратын (0,007 — 0,0075%, у лісьце 0,0105 — 0,012), геспэрыдын, аскарбінавая (0,0095%), хлёрагенавая (0,7%), кававая (0,5 — 2%), урсолавая (0,3%) і алеанолавая (0,12%) кіслоты, рутын (0,014%), бэтаін, аргінін, нэўтральныя сапаніны, глюкоза, рамноза, фітастэрын[2]. У насеньні знойдзены тлусты алей (20%).

Алей мяты перцавай бясколерны, з жаўтлявым ці зелянявым адценьнем, прыемным крамяным густам і пахам. Пры адстойваньні гусьцее й цямнее. Асноўнай складовай часткай этэрнага алею зьяўляецца другасны сьпірт l-мэнтол (45—92%). У алеі лісьця ўтрымоўваюцца таксама этэры мэтолу з воцатнаю й варэліянаваю кіслотамі, α- і β- пінэн, ліманэн, дыпэнтэн, феландрэн, цыніёл, цытраль, гераніёл, карвон, дыгідракарвон[2].

Выкарыстаньне рэдагаваць

У мэдыцыне ўжываецца лісьце й этэрны алей перцавай мяты (Folia et oleum Menthae piperitae).

Этэрны алей ужываюць вонкава як болесуцішальны сродак і антысэптык пры нэўралгічных і раматусных болях, пры хваробах верхніх дыхальных шляхоў, пры катары. Ужываюць унутр — пры стэнакардыі, страўнікавых болях і як антысэптык пры страўніка-кішачнай павольнасьці (лякса).

Настойка й настой зь лісьця мяты ўжываюцца як сродак супраць млоснасьці й ваніты, таксама дзеля паляпшэньня страваваньня. Мятная вада, якую атрымліваюць пры перагонцы мяты ці пры рашчыненьні этэрнага алею, выкарыстоўваецца для зьмяненьня смаку й паху лекаў і як дэзадаруючае пры пялесканьні ротавай паражніны.

У народнай мэдыцыне ўзвары травы п’юць пры болях у жываце, ляксе, кашалі, млоснасьці, пякотцы; зялёнае лісьце прыкладваюць праз зрэбную анучку на апёкі, валасень[1].

Крыніцы рэдагаваць

  1. ^ а б в Под ред. Маниной Л. Лекарственные растения. — 4-е. — Минск: Наука и техника, 1968. — С. 184. — 340 с. — 55 000 ас.
  2. ^ а б Под ред. Борисова М. И. Лекарственные свойства сельскохозяйственных растений. — Минск: Ураджай, 1974. — С. 93. — 336 с.

Вонкавыя спасылкі рэдагаваць

  Мята перцаваясховішча мультымэдыйных матэрыялаў