Марыя Дзямковіч
Мары́я Бары́саўна Дзямко́віч (у дзявоцтве Рамановіч[1] 15 лютага 1930, м. Моталь – 28 красавіка 2023) — дзяячка беларускай дыяспары ў ЗША, мэцэнатка, доктар мэдыцыны.
Марыя Дзямковіч | |
Род дзейнасьці | грамадзкая дзяячка, мэцэнатка |
---|---|
Дата нараджэньня | 15 лютага 1930 |
Месца нараджэньня | Моталь, Заходняя Беларусь |
Дата сьмерці | 28 красавіка 2023 |
Занятак | грамадзкі дзяяч, мэцэнат |
- Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Дзямковіч (неадназначнасьць).
Біяграфія
рэдагавацьНарадзілася ў сялянскай сям’і на тэрыторыі Заходняй Беларусі. Пры канцы Другой сусьветнай вайны сям’я пераехала ў Польшчу[2]. Лёс сям’і Марыі Дзямковіч падчас вайны стаў адной з сюжэтных ліній рамана «Пакутны век» пісьменьніка Васіля Якавенкі[1].
У 1948 г. здала экстэрнам экзамэны за 7 клясаў польскай школы і паступіла вучыцца ў эканамічны тэхнікум, які выдатна скончыла ў 1951 г. Пасьля гэташа вучылася ў Вышэйшай мэдыцынскай школе ў Познані, якую скончыла ў 1957 г. Працавала дзіцячай доктаркай. За сваю працу атрымлівала ўзнагароды ад Міністэрства аховы здароўя ПНР[2].
З 1970 г. у ЗША. Жыла і працавала доктарам у Пітсбургу, потым пераехала пад Вашынгтон[2].
Пасьля аварыі на Чарнобыльскай АЭС неаднойчы выступала ініцыятарам навукова-мэтадычнай і матэрыяльнай дапамогі Беларусі[2]. На пачатак 1992 г. пераслала ў Беларусь мэдыкамэнтаў на суму больш, чым 100 тысяч даляраў[3]. Арганізавала наведваньне Беларусі амэрыканскай дэлегацыяй мэдыкаў на чале з прафэсарам Пітсбургскага ўнівэрсытэту Томасам Фолі. Дзякуючы актыўнай дапамозе Марыі Дзямковіч і беларускай грамады ЗША, яму ўдалося атрымаць грант на 240 тысяч даляраў дзеля супрацоўніцтва паміж амэрыканскімі і беларускімі лекарамі, што спэцыялізуюцца ў мэдычнай радыялёгіі[3].
Атрымала шматлікія лісты падзякі ад амбасадараў і міністра замежных справаў Беларусі, Генэральнага сакратара ААН Бутраса Бутраса-Галі.
Многія гады падтрымлівала газэту «Беларус», а таксама шматлікія дабрачынныя арганізацыі ў ЗША, у тым ліку Bortnik Fund for Belarus. Уздымала беларускае пытаньне на сустрэчах з прэзыдэнтамі ЗША Бушам (старэйшым) і Клінтанам[2].
Памерла ў 2023 годзе[4].
Крыніцы
рэдагаваць- ^ а б Васіль Якавенка: пісьменнік, эколаг, паляшук — Зялёны партал, 14.02.2018
- ^ а б в г д ДЗЯМКОВІЧ Марыя — Адраджэнцы Беларусі, Замежжа
- ^ а б Вячаслаў Бортнік.«Яскравы беларускі нацыянальны характар»: да 90-годдзя д-ра Марыі Дзямковіч — афіцыйны сайт Рады БНР
- ^ Сышла ў лепшы свет мецэнатка Марыя Дзямковіч Новы час