Марына Цьвятаева
Мары́на Іва́наўна Цьвята́ева (па-расейску: Марина Ивановна Цветаева; 8 кастрычніка 1892, Масква, Расейская імпэрыя — 31 жніўня 1941, Ялабуга, СССР) — вядомая расейская паэтка, празаік, перакладчыца.
Марына Цьвятаева | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Нарадзілася | 8 кастрычніка 1892[1][2][3][…] |
Памерла | 31 жніўня 1941[4][5][6][…] (48 гадоў) |
Пахаваная | |
Бацькі | Іван Цьвятаеў[d][5] Marija Aleksandrowna Meyn[d] |
Сужэнец | Сяргей Эфрон[d][8][5] |
Дзеці | Арыядна Эфрон[d], Георгі Эфрон[d] і невядома |
Літаратурная дзейнасьць | |
Род дзейнасьці | паэтка, пісьменьніца, аўтарка дзёньніку, празаік, перакладніца |
Гады творчасьці | 1908 — 1941 |
Жанр | паэзія і мэмуары[d] |
Мова | расейская мова[9], француская мова і нямецкая |
Подпіс | |
Жыцьцяпіс
рэдагавацьНарадзілася ў сям’і прафэсара Маскоўскага ўнівэрсытэту, філёляга і ўсходазнаўцы Івана Цьвятаева. Маці Марыя Мэйн была піяністкай. Дзіцячыя гады паэткі прайшлі ў Маскве і Тарусе (Калуская вобласьць). Пісаць вершы Марына пачала ў шасьцігадовым веку. У 1906 ейная маці памерла ад сухотаў, Марына разам зь сястрой Анастасіяй засталіся пад апекай бацькі. Праз хваробу маці сям’я падоўгу жыла ў Італіі, Швайцарыі і Нямеччыне. Пачатковую адукацыю Марына атрымала ў Маскве, пасьля навучалася ў пансіёнах Лязаны (Швайцарыя) і Фрайбургу (Нямеччына). У шаснаццаць гадоў пабывала ў Парыжы, каб праслухаць у Сарбоне кароткі курс лекцый па старафранцускай літаратуры.
У 1910 годзе Марына за ўласныя грошы выдала свой першы зборнік вершаў «Вечаровы альбом» («Вечерний альбом») і ў тым жа годзе напісала свой першы крытычны артыкул «Чарадзейства ў вершах Брусава» («Волшебство в стихах Брюсова»). Праз два гады выйшаў наступны зборнік М. Цьвятаевай — «Чароўны ліхтар» («Волшебный фонарь», 1912).
Пачатак творчасьці Цьвятаевай зьвязаны з колам маскоўскіх сымбалістаў. Пасьля знаёмства з Валерыем Брусавым і Элісам паэтка ўдзельнічае ў дзейнасьці гурткоў і студыяў пры выдавецтве «Мусагет». На раньнія творы Цьвятаевай паўплывалі Някрасаў, Брусаў і Валошын.
У 1911 годзе Марына Цьвятаева пазнаёмілася зь Сяргеем Эфронам і ў студзені 1912 году выйшла за яго замуж. У тым жа годзе ў іх нарадзілася дачка Арыядна (Аля).
У 1913 годзе выйшаў трэці зборнік вершаў М. Цьвятаевай — «З дзьвюх кніг» («Из двух книг»).
У 1914 годзе Цьвятаева пазнаёмілася з паэткай і перакладчыцай Соф’яй Парнок; іх стасункі доўжыліся да 1916 году (калі яны разышліся і Марына вярнулася да мужа). Цьвятаева прысьвяціла Парнок цыкл вершаў «Сяброўка» («Подруга»).
У Цьвятаевай і Эфрона ў 1917 годзе нарадзілася дачка Ірына, якая памерла ў прытулку ад голаду ў трохгадовым веку. Гады Грамадзянскай вайны былі для паэткі вельмі цяжкімі. Сяргей Эфрон служыў у Белай арміі. У гэтыя гады зьявіўся цыкль вершаў «Лебядзіны стан», прасякнуты спачуваньнем да белага руху.
У 1918—19 гадах М. Цьвятаева піша рамантычныя п’есы, стварае паэмы «Ягорушка» («Егорушка»), «Цар-дзяўчына» («Царь-девица»), «На чырвоным кані» («На красном коне»).
У траўні 1922 Марыне Цьвятаевай і яе дачцэ Арыядне дазволілі зьехаць за мяжу — да мужа, які пасьля разгрому Дзянікіна стаў студэнтам Праскага ўнівэрсытэту. Спачатку М. Цьвятаева з дачкой жылі ў Бэрліне, пасьля тры гады ў прадмесьцях Прагі. У Чэхіі напісаныя «Паэма Гары» і «Паэма Канца». У 1925, пасьля нараджэньня сына Георгія, сям’я перабралася ў Парыж, дзе Эфрона абвінавачваюць у тым, што ён завэрбаваны НКУС і ўдзельнічаў у змове супраць Льва Сядова, сына Льва Троцкага.
Большая частка створанага ў эміграцыі засталася нявыдадзенай. У 1928 годзе ў Парыжы пабачыў сьвет апошні прыжыцьцёвы зборнік вершаў «Пасьля Расеі» («После России»), куды ўвайшлі вершы 1922—25 гадоў.
У адрозьненьне ад вершаў, якія ня мелі ў эмігранцкім асяродзьдзі прызнаньня, проза М. Цьвятаевай была папулярнай і заняла першае месца ў яе творчасьці. У гэты час выдадзеныя «Дом ля Старога Пімена» (1934), «Маці і музыка» (1935), «Мой Пушкін» (1937), «Аповесьць пра Сонечку» (1938), успаміны пра Валошына «Жывое пра жывое» (1933), пра Андрэя Белага «Палонны дух» («Пленный дух», 1934), пра Міхаіла Кузьміна «Вецер зь іншых мясьцінаў» («Нездешний ветер», 1936).
З 1930-х гадоў Марына Цьвятаева зь сям’ёй жыве амаль у галечы. У 1937 Арыядна выехала ў Маскву, атрымаўшы магчымасьць вярнуцца на радзіму. 10 кастрычніка таго ж году з Францыі зьбег Эфрон, які быў замяшаны ў замоўленым палітычным забойстве. У 1939 годзе паэтка таксама вярнулася ў СССР. Па прыезьдзе жыла на лецішчы НКУС у Болшаве. 27 жніўня была арыштаваная Арыядна, 10 кастрычніка — Эфрон. У жніўні 1941 году Сяргея Эфрона расстралялі, Арыядна была рэабілітаваная ў 1955 годзе пасьля пятнаццаці гадоў рэпрэсій.
У апошнія гады паэтка амаль не пісала вершаў і займалася перакладамі. Была ў эвакуацыі ў горадзе Ялабуга. Скончыла жыцьцё самагубствам.
Беларускія пераклады
рэдагавацьСярод перакладчыкаў Цьвятаевай на беларускую мову — Пятро Макарэвіч, Валянціна Аколава[10], Лявон Баршчэўскі[11].
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Marina Ivanovna Cvetajeva // Proleksis enciklopedija, Opća i nacionalna enciklopedija (харв.) — 2009.
- ^ а б Архіў гістарычных запісаў — 1808.
- ^ Архіў прыгожых мастацтваў — 2003.
- ^ а б в Цветаева Марина Ивановна // Большая советская энциклопедия (рас.): [в 30 т.] / под ред. А. М. Прохорова — 3-е изд. — Москва: Советская энциклопедия, 1969.
- ^ а б в г д Швейцер В. А. Цветаева М. И. (рас.) // Краткая литературная энциклопедия — Москва: Советская энциклопедия, 1975. — Т. 8. — С. 377—378.
- ^ Марина Цветаева // Інтэрнэт-база зьвестак фантастыкі (анг.) — 1995.
- ^ Рэгіянальная база зьвестак Цэнтральначэскай навуковай бібліятэкі ў Кладне
- ^ Blain V., Grundy I., Clements P. The Feminist Companion to Literature in English (анг.): Women Writers from the Middle Ages to the Present — 1990. — P. 1098.
- ^ Cvetaeva, Marina Ivanovna, 1892-1941 // CONOR.SI
- ^ Галасы з-за небакраю: анталогія паэзіі свету ў беларускіх перакладах ХХ ст. Склад. М. Скобла. — Мн.: Лімарыус 2008. — 896 с.
- ^ Выбраная лірыка. Пераклад Лявона Баршчэўскага. — Мінск: Зьміцер Колас, 2021. — 108 с. — ( «Паэты плянэты»).
Вонкавыя спасылкі
рэдагавацьРасейская Вікікрыніца зьмяшчае арыгінальныя матэрыялы, датычныя тэмы гэтага артыкула: |