Малюскі, або мяккацелыя ці мяккуны (Mollusca; ад лац. Molluscus — «мякенькі») — тып цэламічных жывёлаў са сьпіральным драбненьнем. Традыцыйна адносяць да першаснаротых жывёлаў. На сёньняшні дзень у складзе тыпу Mollusca налічваюць больш за 150 000 відаў. Малюскі асвоілі практычна ўсе асяродзьдзі пражываньня: марскія і прэснаводнай вадаёмы, сушу. У асноўным гэта вольнажывучыя арганізмы, але таксама ў іх складзе ёсьць некаторая колькасьць паразытычных формаў.

Малюскі
Клясыфікацыя
ЦарстваЖывёлы
ТыпМалюскі
Бінамінальная намэнклятура
Mollusca

Даўжыня малюскаў складае ад 1,1 мм (смоўж Гарацыюса) да 2,5 м (трыдакна). Цела двухбакова-сымэтрычнае, у большасьці відаў укрыта ракавінай — двухстворкавай, сьпіральнай, суцэльнай ці з 8 пласьцінак (у некаторых відаў рэдукаваныя). Ракавіна мае рогавы, прызматычны і пэрлямутравы слаі. Галава, якая ў некаторых відаў выяўлена слаба або адсутнічае, мае вочы, шчупальцы і ротавую адтуліну. Тулава ўтварае складку, гэтак званую мантыю, якая выдзяляе рэчывы ракавіны. Паміж мантыяй і тулавам у мантыйнай поласьці знаходзяцца шчэлепы, органы хімічнага адчуваньня, раўнавагі і іншага. Цяглічны выраст пузавай сьценкі ўтварае нагу — орган перамяшчэньня. Пераважна разьдзельнаполыя.

Пашыраны ўсюды, жывуць у морах, саланаватых і прэсных водах, на сушы. На Беларусі маецца больш за 60 відаў з клясаў двухстворкавых і чэраваногіх малюскаў, належаць да палеарктычнай фаўны. Жывуць на дне вадаёмаў і на расьлінах. Кормяцца водарасьцямі, дэтрытам, большасьць лёгачных малюскаў сілкуюцца зялёнымі часткамі расьлінаў. Сярод іх маюцца драпежнікі.

Ядомыя малюскі (вустрыцы, грабеньчыкі, васьміногі, кальмары, мідыі, ахаціны, смаўжы вінаградныя і іншыя) — аб’екты промыслу і аквакультуры. Са старажытнасьці ракавіны малюскаў выкарыстоўваліся ў якасьці грошай, у культавых рытуалах, як упрыгожаньні і ў дэкаратыўна-прыкладным мастацтве. Таксама малюскі зьяўляюцца крыніцай каштоўных матэрыялаў, у прыватнасьці пэрлямутру, жэмчугу, пурпуру, зь якіх вырабляюць каштоўныя ўпрыгажэньні і іншыя прадметы раскошы. Разам з тым некаторыя мяккуны зьяўляюцца сельскагаспадарчымі шкоднікамі, а некаторыя могуць непасрэдна пагражаць здароўю і жыцьцю чалавека. Адначасова многія віды мяккуноў, пераважна наземных і прэснаводных, апынуліся перад пагрозай вымірання з-за дзейнасьці чалавека і знаходзяцца пад аховай.

У папулярнай культуры сьлімакі зьяўляецца сымбалем марудлівасьці, а гіганцкія галаваногія натхнялі старажытных мараплаўцаў і сучасных аўтараў на апавяданьні аб марскіх пачварах.

Глядзіце таксама

рэдагаваць

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць