Макітра
Макі́тра, макацёр, мако́тра (па-расейску: макитра, макотерть, па-ўкраінску: макітра) — усходнеславянскі шырокі гліняны конусападобны гаршчок з шурпатай унутранай паверхняй, прызначаны для пераціраньня насеньня маку, канопляў ці льну макагонам. Беларусы і ўкраінцы часта карысталіся макітрай для замешваньня хлебнага цеста, гатаваньня ежы ў печы.
Этымалёгія
рэдагавацьСлова «макітра» паходзіць, відавочна, ад спалучэньня словаў «мак» і «церці».
Прызначэньне
рэдагавацьАд іншых відаў глінянага посуду макітра адрозьніваецца сваёй прыстасаванасьцю да розных задачаў. Гэта адзін з найбольш ужываных відаў глінянага посуду. У гаспадарцы яны былі практычна незаменныя, паколькі мелі шырокую сфэру прымяненьня, моцна зьвязаныя з традыцыйнай кулінарыяй.
Макітры прымянялі для трыманьня вады, квасу, збожжа, квашаньня і саленьня на зіму буракоў, капусты, агуркоў, заленьня бялізны, прыгатаваньня апары, замешваньня цеста, складаньня варэнікаў, грачанікаў, пірагоў ды інш. Малыя (да 6 літраў) макітры, пераважна паліваныя, выкарыстоўвалі для тушаньня і запяканьня мяса, гародніны, гатовых страваў. Большыя за 5 літраў, як паліваныя, так і непаліваныя, галоўным чынам прызначаліся для прыгатаваньня апары і вымешваньня цеста. У другой палове XX стагодзьдзя паліваныя маляваныя макітры, часам з накрыўкамі, выкарыстоўвалі для зьбераганьня і падаваньня на стол варэнікаў, грачанікаў, блінцоў, галубцоў ды інш.
Форма
рэдагавацьМакітра — гліняны посуд зь вельмі пахіленымі бакавымі сьценкамі, патоўшчанымі і выгнутымі вонку вянцамі. Дзеля зручнасьці пераносу вялікія макітры мелі з процілеглых бакоў два вушкі.
Выраблялі з шэрай або чырвонай гліны з дамешкам пяску і жарствы.
Беларусь
рэдагавацьВядомыя па раскопках Віцебску, Менску, Амсьціслава, Ракава, паселішча Сямёнавічы Ўзьдзенскага раёну Менскай вобласьці й інш. Цэлыя макітры пачатку XVII стагодзьдзя выяўленыя на Віцебскім Верхнім замку (вышыня 16 см, дыямэтар донца 17 см, вусьця 21 см, таўшчыня сьценак 1 см, аб’ём 4 л) і ў Крычаве (вышыня 8,5 см, дыямэтар донца 11,5 см, вусьця 13,5 см, аб’ём 1,5 л). Вядомыя паліваныя макітры XVII стагодзьдзя, якія выкарыстоўваліся для заквашваньня цеста й інш.
Упамінаюцца ў беларускіх крыніцах пачатку XVII стагодзьдзя. У традыцыйным побыце беларусаў захоўваліся да пачатку XX стагодзьдзя.
Украіна
рэдагавацьВа Ўкраіне мак для раствянай куцьці звычайна пераціраў мужчына, галава сям’і, чытаючы пры гэтым малітву. У гэтым звычаі макітра азначала жаночы, а макагон — мужчынскі пачатак. Часта перад Раством куплялі новую макітру і макагон.
Існаваў таксама вясельны звычай, зьвязаны з макітраю. Пасьля вясельнага абеду госьці маладога пераапраналіся: старыя ў маладых і наадварот. Макітру напаўнялі пірагамі, упрыгожвалі кветкамі і рознакаляровымі стужкамі ды ўручалі куме. Яна танцавала з макітрай, і ўсе госьці йшлі да бацькоў маладой. Гэта называлася «ідуць зь пірагамі». Танец з макітраю працягваўся на ўсім шляху. Бацькі маладой запрошвалі гасьцей да стала, дзе на бачным месцы сядзела кума з макітраю. Госьці маладой падыходзілі да яе, а яна частавала іх пірагамі. Пасьля абеду госьці вярталіся назад з макітраю, поўнаю пірагоў, якія напякла маці маладой для маладых і сватоў.
«Драную» макітру ці гаршчок разьбівалі на другі дзень вясельля, калі сваты прыходзілі да бацькоў маладой з прэтэнзіяй, што маладая аказалася «нячэснаю».
Глядзіце таксама
рэдагавацьКрыніцы
рэдагавацьЛітаратура
рэдагаваць- Археалогія Беларусі: Энцыкл. У 2 т. Т. 2: К — Я. — Мн.: БелЭн,
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Макітра // Українська мала енциклопедія