Майстар і Маргарыта
«Майстар і Маргарыта» — раман Міхаіла Булгакава. Від раману цяжка адназначна вызначыць, бо твор шматслойны і ўтрымоўвае ў сабе мноства элемэнтаў такіх жанраў, як сатыра, фарс, фантастыка, містыка, мэлядрама, раман-міт. На яго сюжэт зроблена мноства тэатральных пастановак і некалькі фільмаў. На беларускую мову пераклаў Алесь Жук.
Майстар і Маргарыта | |
Мастер и Маргарита | |
Жанр: | раман і магічны рэалізм |
---|---|
Аўтар: | Міхаіл Булгакаў |
Мова арыгіналу: | расейская |
Год напісаньня: | 1928—1940 |
Публікацыя: | 1966—1967 |
Раман «Майстар і Маргарыта» пры жыцьці аўтара не друкаваўся. Упершыню ён выйшаў у сьвет толькі ў 1966 годзе, праз 26 гадоў пасьля сьмерці Булгакава, з купюрамі, у скарочаным часопісным варыянце. Раман набыў заўважную папулярнасьць сярод савецкай інтэлігенцыі і да афіцыйнай публікацыі распаўсюджваўся ў перадрукаваных уручную копіях. У СССР кніжны варыянт без купюраў пабачыў сьвет у 1973 годзе ў маскоўскім выдавецтве «Художественная литература» (па-беларуску: мастацкая літаратура), але толькі абмежаваным накладам (30 000 асобнікаў). Жонка пісьменьніка Алена Сяргееўна Булгакава на працягу ўсіх гэтых гадоў здолела захаваць рукапіс раману.
Сюжэт
рэдагавацьДзеяньне раману пачынаецца ў адзін з травеньскіх дзён, калі два маскоўскія літаратары — старшыня праўленьня МАССАЛІТу Міхаіл Аляксандравіч Берліёз і паэт Іван Бяздомны падчас шпацыру па Патрыяршых сажалках сустракаюць незнаёмца, які быў падобны на замежніка. Ён далучаецца да размовы пра Ісуса Хрыста, распавядае пра сваё знаходжаньне на бальконе пракуратара Юдэі Понтыюса Пілята і прадказвае, што Берліёзу адрэжа галаву «расейская жанчына, камсамолка». Літаратары ня ведаюць, што перад імі Волянд — д’ябал, які прыбыў у савецкую сталіцу з сваёй сьвітай: Фаготам-Кароўевым, Азазэльлём, катом Бэгемотам і служкай Гэляй.
Пасьля пагібелі Бэрліёза пад калёсамі трамваю Волянд пасяляецца ў «нядобрай кватэры» Міхаіла Аляксандравіча, разьмешчанай па адрасе Вялікая Садовая вуліца, 302-біс. Сатана і ягоныя памочнікі зладзілі ў Маскве шэраг розыгрышаў і містыфікацыяў: адпраўляюць у Ялту дырэктара Вар’етэ Сьцяпана Ліхадзеева, праводзяць сэанс чорнай магіі, арганізуюць прымусовы харавы сьпеў супрацоўнікаў філіялу відовішчнай камісіі. Для Івана Бяздомнага сустрэча з Воландам і ягонымі памагатымі абярнулася душэўнай хваробай: паэт становіцца пацыентам псыхіятрычнае лякарні. Там ён знаёміцца з Майстрам і даведваецца пра гісторыю ягонага раману пра Понтыюса Пілята. Напісаўшы гэты твор, аўтар сутыкнуўся з сусьветам сталічнае літаратуры, у якім адмовы друкаваць суправаджаліся цкаваньнем у прэсе і прапановамі ўдарыць па «піляччыне». Ня вытрымаўшы ціску, Майстар спаліў рукапісы ў коміне; пасьля арышту ён неўзабаве трапляе ў псыхушку.
Для Маргарыты — бязьдзетнай трыццацігадовай жонкі буйнога адмыслоўца і таемнай жонкі Майстра — зьнікненьне палюбоўніка становіцца драмай. Аднойчы яна прызнаецца сабе, што гатовая закласьці душу д’яблу, абы даведацца, ці жывы ён, ці не. Думкі стомленай жанчыны аказаліся пачутымі, і Азазэльлё ўручае ёй слоік з цудадзейным крэмам. Маргарыта ператвараецца ў вядзьмарку і выконвае ролю каралевы на вялікім балі сатаны. Ейная запаветная мара ажыцьцяўляецца: Волянд арганізуе сустрэчу Майстра з каханай і вяртае ім рукапіс спаленага раману.
- Твор, напісаны Майстрам, уяўляе сабой гісторыю, якая пачалася ў палацы Ірада Вялікага. Да пракуратара Юдэі Понтыюса Пілята прыводзяць падсьледнага Ешуа Га-Ноцры, прысуджанага Сынэдрыёнам да сьмерці за зьнявагу да ўлады кесара. Размаўляючы зь Ешуа, пракуратар разумее, што перад ім — валацужны філёзаф; ягоныя погляды на ісьціну і думкі пра тое, што кожная ўлада зьяўляецца гвалтам над людзьмі, цікавыя Піляту, аднак выратаваць яго ад кары ён ня здольны. Ведаючы, што Юда з Кірыяту атрымаў грошы за тое, што дазволіў арыштаваць Га-Ноцры ў сваёй хаце, пракуратар даручае начальніку таемнай службы Афранію забіць здрадніка.
Сумяшчэньне дзьвюх сюжэтных лініяў адбываецца ў заключных главах. Да Волянда прыходзіць вучань Ешуы Леві Мацьвей, які просіць узнагародзіць Майстра й Маргарыту спакоем; гэтая просьба выконваецца. Уначы Маскву пакідае група лятучых вершнікаў; сярод іх ня толькі мэсыр і ягоная сьвіта, але і аўтар раману пра Понтыюса Пілята з сваёй каханай.
Экранізацыі
рэдагаваць- Пілят і іншыя (Нямеччына, 1972, рэжысэр Анджэй Вайда)
- Майстар і Маргарыта (Італія/Югаславія, 1972)
- Майстар і Маргарыта (Польшча, 1989)
- Майстар і Маргарыта (Расея, 1994, рэжысэр Юры Кара)
- Майстар і Маргарыта (Расея, 2005, рэжысэр Уладзімер Бартко)
Літаратура
рэдагаваць- Майстар і Маргарыта / пер. А. Жук. — Мн., 1994. (Скарбы сусьветнай літаратуры)
- Воспоминания о Михаиле Булгакове / Сост. Булгакова Е. С., Ляндрес С. А. Вступ. ст. В. Я. Лакшина. Послесл. М. О. Чудаковой. — М.: Советский писатель, 1988. — ISBN 5-265-00315-0. (рас.)
- Вулис А. З. Роман М. А. Булгакова «Мастер и Маргарита». — М.: Художественная литература, 1991. — ISBN 5-280-01453-2. (рас.)
- Соколов Б. В. Расшифрованный Булгаков. Тайны «Мастера и Маргариты». — М.: Яуза; Эксмо, 2006. — ISBN 5-699-10759-2. (рас.)