Ліст да Абуховіча
«Ліст да Абуховіча» — помнік беларускай літаратуры XVII ст. Узор беларускае патрыятычнае літаратуры. Напісаны безыменным аўтарам у 1655 г. з нагоды падзеньня Смаленскага гарнізону 23 верасьня 1654 г. перад наступам войскаў Маскоўскага княства ў ходзе вайны 1654—1667 г.
Ліст да Абуховіча | |
Жанр: | сатыра |
---|---|
Аўтар: | Цыпрыян Камуняка |
Мова арыгіналу: | старабеларуская мова |
Год напісаньня: | XVII ст. |
Апісаньне
рэдагавацьМісія «Ліста да Абуховіча» — асуджэньне псэўдаадукаванасьці, маральнае недасканаласьці людзей, якія навучыліся прыгожа казаць, на словах служыць «Сафіі, якая нарадзіла філязофію», але насамрэч пазбаўленыя сапраўдных годнасьцяў — мужнасьці, годнасьці, адданасьці роднай зямлі. Паняцьці «Айчына» і «Праўда» — сьвятыя для аўтара. Яго ідэал — ахвярны барацьбіт за свабоду Бацькаўшчыны, які заўсёды праўдзівы ў словах, высакародны ва ўчынках, стрыманы ў паводзінах.[1]
Асноўны матыў твора — вострая крытыка смаленскага ваяводы, які ня здолеў стрымаць аблогу Смаленску, даць адпор, а прыняў рашэньне капітуляваць. Галоўны герой — Піліп Абуховіч — пададзены як адмоўны пэрсанаж. Ён паўстае як дробная і нікчэмная асоба, сквапны чалавек, здатны на агідны ўчынак. Сатыра пісьменьніка ў дачыненьні да П. Абуховіча дасягае апагею. На ягоную думку, П. Абуховіч — аматар весьці пустыя размовы на соймах і зьездах, яго больш цікавіць прыгожая вопратка, чым дзяржаўныя справы. Галоўная загана П. Абуховіча — няздатнасьць да рыцарскіх справаў, бяздарнасьць як кіраўніка, прадажнасьць. Ён — нашчадак роду, які «вызначыўся» ганебнымі ўчынкамі: дзед атрымліваў хабар, калі быў «генэралам» у Мазыры, а бацька, мазырскі судзьдзя, — «у каго больш браў — таго добра судзіў». На думку аўтара, учынак П. Абуховіча — горшы за здраду Рыгора Осьціка, які вёў таемнае ад ураду ліставаньне з маскоўскім царом, за што быў жорстка пакараны ў Вільні.
Аўтар супрацьпастаўляе смаленскага ваяводу гетману Вінцэнту Карвіну-Гасеўскаму, які ніколі не выхваляўся на публіцы, а спакойна й адказна выконваў вайсковы абавязак, справамі даказваў свае вартасьці як дзяржаўная асоба.
У крытыцы ваяводы аўтар «Ліста да Абуховіча» напачатку ўжывае лёгкія пакепліваньні, накшталт: «Лепей, пане Піліпе, сядзець табе было ў Ліпе!» (Ліпа — родавы маёнтак Абуховічаў) або «Калі б датуль, ваша міласьць, пісарам быў бы, дык чалавекам слыў бы!», а затым пераходзіць да адкрытых абразаў і зьдзекаў, зьмяшчаючы на старонках твора думку «пра ўзнагароду за Смаленск». Маўляў, кароль і вялікі князь «за слаўныя справы» меў намер прызначыць яго ваяводам Кракава, ды вось толькі «ляхі дужа баяцца, каб твая міласьць не прадаў яго вугорцам».
Аўтар «Ліста да Абуховіча», напэўна, меў падставы для крытыкі ваяводы П. Абуховіча ўжо таму, што Смаленск быў здадзены безь істотнага супраціўленьня. Але ў вытлумачэньнях аўтара прысутнічаў відавочна асабісты момант. За крытыкай праглядаецца асабістая крыўда, магчыма, маёмасны або кланавы канфлікт з П. Абуховічам.
Аўтар імкнецца да мастацкага абагульненьня, выяўленьня сацыяльных заканамернасьцяў. Праз крытыку канкрэтнага магната ў творы можна бачыць і выкрыцьцё заганаў тагачаснага грамадзтва, хібы ў дзейнасьці найвышэйшага кіраўніцтва, правалы ў абарончай палітыцы, эгаізм магнатаў, кланава-шляхецкую варажнечу, канфэсійныя канфлікты, якія разьядалі краіну, падточвалі знутры грамадзтва, не дазвалялі кансалідавацца, каб стрымаць наступ агрэсараў.
«Ліст да Абуховіча» мае значныя літаратурныя вартасьці. У ім дамінуе зваротная форма маўленьня, але ўжываюцца й іншыя тыпы выкладу матэрыялу: апавяданьне — сюжэт пра продкаў Абуховіча, разважаньне — аналіз намераў П. Абуховіча сабраць харугвы, каб зьдзейсьніць спробу вярнуць Смаленск. Унутраная кампазыцыйная аднаплянавасьць тэксту парушаецца аднойчы — зьмешчанай у ім прамовай, ці, хутчэй, адвольным яе пераказам, на адным з соймаў смаленскага кашталяна пана Мялешкі, які папярэджваў манарха й дэпутатаў пра згубнасьць прызначэньня на адказныя пасады людзей, няздольных ахвяраваць сваім жыцьцём дзеля свабоды Айчыны. Мастацкасьць «Ліста да Абуховіча» на мікраўзроўні выяўляецца праз шырокае выкарыстаньне багатага лексычна-вобразнага фонду жывое беларускай мовы, народных і біблейна-кніжных прыказак.[1]
Упершыню апублікаваны ў 1910.
Глядзіце таксама
рэдагавацьКрыніцы
рэдагавацьЛітаратура
рэдагаваць- Даўгяла 3. 3 беларускага пісьменства XVII ст.: Творы Цыпрыяна Камунякі «Ліст да Абуховіча» і «Прамова Мялешкі». Мн., 1927.
- Чамярыцкі В. «Ліст да Абуховіча» // БЭ ў 18 т. Т. 9. Мн., 1999.
- Старажытная беларуская літаратура (XII—XVII стст.) / Уклад, прадм., камент. І. Саверчанкі — Мінск: Кнігазбор, 2010. — («Беларускі кнігазбор»). ISBN 985-6824-43-5