Лідзія Койдула
Лі́дзія Ко́йдула (па-эстонску: Lydia Koidula), сапраўднае імя Лідзія Эміліе Флярэнтыне Я́нсэн (па-эстонску: Lydia Emilie Florentine Jannsen; 24 сьнежня [ст. ст. 12 сьнежня] 1843, Вяндра, Пярнускі павет, Ліфляндзкая губэрня — 11 жніўня [ст. ст. 30 ліпеня] 1886, Кранштат, Расейская імпэрыя) — эстонская паэтка, празаік, заснавальніца эстонскай драматургіі. Мянушку «Койдула» (па-эстонску: «Золкавая») Лідзіі даў пісьменьнік Карл Робэрт Якабсан. Часта пісьменьніцу называюць таксама «Койдулаўлік» — «Сьпявачка сьвітаньня».
Лідзія Койдула | |
Lydia Koidula | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Імя пры нараджэньні | Лідзія Эміліе Флярэнтыне Янсэн |
Псэўданімы | Лідзія Койдула |
Нарадзілася | 12 (24) сьнежня 1843[1] Вяндра, Пярнускі павет, Ліфляндзкая губэрня |
Памерла | 30 ліпеня (11 жніўня) 1886[1] (42 гады) Кранштат |
Пахаваная | |
Бацькі | Ёхан Вальдэмар Янсен[d] |
Сужэнец | Eduard Michelson[d] |
Літаратурная дзейнасьць | |
Род дзейнасьці | паэзія, проза, пераклады, драматургія |
Мова | нямецкая, эстонская мова[2] і расейская мова |
Жыцьцяпіс
рэдагавацьДачка журналіста і асьветніка Ёгана Вальдэмара Янсэна, Лідзія са школьнай пары дапамагала бацьку ў выданьні газэты «Пярнускі паштальён» (па-эстонску: «Perno postimees») — рабіла пераклады, адаптавала мастацкія творы і да т. п. У той самы час напісаныя й ейныя першыя вершы, сьпярша нямецкай мовай.
Менавіта ў газэтнай працы Койдула сустракалася са шматлікімі грамадзкімі дзеячамі абуджанага ў сярэдзіне XIX стагодзьдзя нацыянальнага руху, пад іхнім уплывам зарадзіліся ейныя погляды і перакананьні. У другой палове 1860-х Койдула стала папулярнай паэткай, аўтаркай грамадзкіх і патрыятычных твораў.
Узяўшы ў 1873 року шлюб з урачом Э. Міхельсонам, Койдула была вымушаная жыць у Кранштаце, дзе ейны муж служыў вайсковым лекарам. І хоці Койдула часта наведвала Эстонію, усё ж балюча ўспрымала разьвітаньне з радзімай. Яна заўчасна памерла ў Кранштаце праз хваробу малочнай залозы. На 60-я ўгодкі сьмерці ейны прах быў перавезены ў Эстонію і перапахаваны на талінскіх могілках Мэтсакальмісту.
Творчасьць
рэдагавацьУ гісторыі эстонскай літаратуры Койдула пакінула заўважны сьлед найперш у паэзіі. Ейная патрыятычная лірыка апынулася ў найвышэйшай ступені актуальнай для абуджэньня эстонскага народу, і Койдулу як выказьніцу народных пачуцьцяў сталі называць «Салавей зь берагоў Эмайыгі» (па-эстонску: Emajõe ööbik) (так зваўся зборнік ейных вершаў 1867 року). Большасьць ейных твораў носіць рамантычны характар: палкае спачуваньне бедам і крыўдам эстонскага народу, любоў да радзімы і хаты, памкненьне неяк дапамагчы сваім суайчыньнікам і палегчыць іхні лёс.
У кранштацкі пэрыяд у паэзіі Койдулы пераважаюць элегічныя вершы, прыродная і любоўная лірыка. Рупліва працуючы над тэхнікай вершу, яна пракладала дарогу паэтам наступных пакаленьняў. Да асноўных пераваг паэзіі Койдулы адносяцца яскравасьць і эмацыйнасьць.
Койдула працавала і ў прозе, збольшага для газэтаў — прыстасоўвала творы іншых аўтараў для эстонскага чытача, рабіла адвольныя пераклады.
Новае слова Койдула прамовіла і ў эстонскай драматургіі: першая камэдыя «Пляменьнік з Саарэмаа» (па-эстонску: Saaremaa onupoeg, 1870) была напісаная па сюжэце нямецкага драматурга Т. Кернэра, аднак ужо наступныя камэдыі Койдулы былі цалкам аўтэнтычныя — «Сватушкі» (эст. Kosjakased або Maret ja Miina, 1870) і «Гэткі мульк, або Сто вак солі» (эст. Säärane mulk, 1872). З камэдыяў Койдулы пачаў сваё існаваньне эстонскі тэатар.
Памяць
рэдагавацьКароткае, пладавітае і поўнае драматызму жыцьцё Койдулы, ейная папулярнасьць сярод чытачоў свайго часу, ейнае месца ў эстонскім грамадзтве, нязвыклае для жанчыны ў XIX стагодзьдзі, актыўны ўдзел ва ўсіх культурных пачынаньнях паступова ператварылі імя Койдулы ў легенду. Ёй і ейнай сям’і прысьвечаныя некалькі літаратурных твораў — «Гадзіна на крэсьле, якое круціцца» Яана Кроса, «Гадзіна духаў на вуліцы Янсэна» М. Унта, «Вірускі сьпявак і Койдула» А. Ундла-Пылдмяэ, «Той вясною ў Тарту» Т. Тувікесе і інш.; ёй прысьвечаныя дзясяткі вершаў вядомых эстонскіх паэтаў; на словы ейных вершаў складзена мноства песьняў.
У Пярну дзейнічае мэмарыяльны музэй і адкрыты помнік Койдуле. На сьцяне хаты, дзе Лідзія Койдула жыла ў Кранштаце, усталяваная мэмарыяльная дошка[3].
Дадатковыя зьвесткі
рэдагаваць- На словы аднаго зь вершаў Лідзіі Койдулы «Мая айчына — маё каханьне» (па-эстонску: «Mu Isamaa on minu arm») эстонскі кампазытар Густаў Эрнэсакс (па-эстонску: Gustav Ernesaks) напісаў музыку. Гэтая песьня сталася неафіцыйным гімнам Эстоніі.
- На банкноце 100 эстонскіх кронаў з аднаго боку была выяўленая Лідзія Койдула з салаўём, зь іншага напісаны куплет зь ейнага вершу.
Silla otsad ühendatud,
Kandes ühte isamaad,
Tõe templiks pühendatud…
Nägu — millal tõeks saad?!
Эстонская 100-кронавая банкнота | |
---|---|
Крыніцы
рэдагаваць- ^ а б Bibliothèque nationale de France data.bnf.fr (фр.): плятформа адкрытых зьвестак — 2011.
- ^ Bibliothèque nationale de France data.bnf.fr (фр.): плятформа адкрытых зьвестак — 2011.
- ^ Койдула(Koidula) Лидия(Янзен Лидия Эмилие Флорентине) (рас.) Сайт Натальи Лайдинен Праверана 24 лютага 2013 г.
Літаратура
рэдагаваць- «Кто есть Кто в культуре Эстонии», состав и подготовка текста «Авенариус» 1996 г.