Лідзія Койдула

Лі́дзія Ко́йдула (па-эстонску: Lydia Koidula), сапраўднае імя Лідзія Эміліе Флярэнтыне Я́нсэн (па-эстонску: Lydia Emilie Florentine Jannsen; 24 сьнежня [ст. ст. 12 сьнежня] 1843, Вяндра, Пярнускі павет, Ліфляндзкая губэрня — 11 жніўня [ст. ст. 30 ліпеня] 1886, Кранштат, Расейская імпэрыя) — эстонская паэтка, празаік, заснавальніца эстонскай драматургіі. Мянушку «Койдула» (па-эстонску: «Золкавая») Лідзіі даў пісьменьнік Карл Робэрт Якабсан. Часта пісьменьніцу называюць таксама «Койдулаўлік» — «Сьпявачка сьвітаньня».

Лідзія Койдула
Lydia Koidula
Lydia Koidula portrait.jpg
Асабістыя зьвесткі
Імя пры нараджэньні Лідзія Эміліе Флярэнтыне Янсэн
Псэўданімы Лідзія Койдула
Нарадзілася 12 (24) сьнежня 1843
Вяндра, Пярнускі павет, Ліфляндзкая губэрня
Памерла 30 ліпеня (11 жніўня) 1886 (42 гады)
Кранштат
Пахаваная
Бацькі Ёхан Вальдэмар Янсен[d]
Сужэнец Eduard Michelson[d]
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці паэзія, проза, пераклады, драматургія
Мова нямецкая і эстонская мова[1]

ЖыцьцяпісРэдагаваць

Дачка журналіста і асьветніка Ёгана Вальдэмара Янсэна, Лідзія са школьнай пары дапамагала бацьку ў выданьні газэты «Пярнускі паштальён» (па-эстонску: «Perno postimees») — рабіла пераклады, адаптавала мастацкія творы і да т. п. У той самы час напісаныя й ейныя першыя вершы, сьпярша нямецкай мовай.

Менавіта ў газэтнай працы Койдула сустракалася са шматлікімі грамадзкімі дзеячамі абуджанага ў сярэдзіне XIX стагодзьдзя нацыянальнага руху, пад іхнім уплывам зарадзіліся ейныя погляды і перакананьні. У другой палове 1860-х Койдула стала папулярнай паэткай, аўтаркай грамадзкіх і патрыятычных твораў.

Узяўшы ў 1873 року шлюб з урачом Э. Міхельсонам, Койдула была вымушаная жыць у Кранштаце, дзе ейны муж служыў вайсковым лекарам. І хоці Койдула часта наведвала Эстонію, усё ж балюча ўспрымала разьвітаньне з радзімай. Яна заўчасна памерла ў Кранштаце праз хваробу малочнай залозы. На 60-я ўгодкі сьмерці ейны прах быў перавезены ў Эстонію і перапахаваны на талінскіх могілках Мэтсакальмісту.

ТворчасьцьРэдагаваць

 
Мэмарыяльны камень у гонар Лідзіі Койдулы ў роднай Вяндры
 
Помнік Лідзіі Койдуле ў Пярну (1929)

У гісторыі эстонскай літаратуры Койдула пакінула заўважны сьлед найперш у паэзіі. Ейная патрыятычная лірыка апынулася ў найвышэйшай ступені актуальнай для абуджэньня эстонскага народу, і Койдулу як выказьніцу народных пачуцьцяў сталі называць «Салавей зь берагоў Эмайыгі» (па-эстонску: Emajõe ööbik) (так зваўся зборнік ейных вершаў 1867 року). Большасьць ейных твораў носіць рамантычны характар: палкае спачуваньне бедам і крыўдам эстонскага народу, любоў да радзімы і хаты, памкненьне неяк дапамагчы сваім суайчыньнікам і палегчыць іхні лёс.

У кранштацкі пэрыяд у паэзіі Койдулы пераважаюць элегічныя вершы, прыродная і любоўная лірыка. Рупліва працуючы над тэхнікай вершу, яна пракладала дарогу паэтам наступных пакаленьняў. Да асноўных пераваг паэзіі Койдулы адносяцца яскравасьць і эмацыйнасьць.

Койдула працавала і ў прозе, збольшага для газэтаў — прыстасоўвала творы іншых аўтараў для эстонскага чытача, рабіла адвольныя пераклады.

Новае слова Койдула прамовіла і ў эстонскай драматургіі: першая камэдыя «Пляменьнік з Саарэмаа» (па-эстонску: Saaremaa onupoeg, 1870) была напісаная па сюжэце нямецкага драматурга Т. Кернэра, аднак ужо наступныя камэдыі Койдулы былі цалкам аўтэнтычныя — «Сватушкі» (эст. Kosjakased або Maret ja Miina, 1870) і «Гэткі мульк, або Сто вак солі» (эст. Säärane mulk, 1872). З камэдыяў Койдулы пачаў сваё існаваньне эстонскі тэатар.

ПамяцьРэдагаваць

Кароткае, пладавітае і поўнае драматызму жыцьцё Койдулы, ейная папулярнасьць сярод чытачоў свайго часу, ейнае месца ў эстонскім грамадзтве, нязвыклае для жанчыны ў XIX стагодзьдзі, актыўны ўдзел ва ўсіх культурных пачынаньнях паступова ператварылі імя Койдулы ў легенду. Ёй і ейнай сям’і прысьвечаныя некалькі літаратурных твораў — «Гадзіна на крэсьле, якое круціцца» Яана Кроса, «Гадзіна духаў на вуліцы Янсэна» М. Унта, «Вірускі сьпявак і Койдула» А. Ундла-Пылдмяэ, «Той вясною ў Тарту» Т. Тувікесе і інш.; ёй прысьвечаныя дзясяткі вершаў вядомых эстонскіх паэтаў; на словы ейных вершаў складзена мноства песьняў.

У Пярну дзейнічае мэмарыяльны музэй і адкрыты помнік Койдуле. На сьцяне хаты, дзе Лідзія Койдула жыла ў Кранштаце, усталяваная мэмарыяльная дошка[2].

Дадатковыя зьвесткіРэдагаваць

Silla otsad ühendatud,
Kandes ühte isamaad,
Tõe templiks pühendatud…
Nägu — millal tõeks saad?!

Эстонская 100-кронавая банкнота
 
Выява Лідзіі Койдулы
 
Радкі зь вершу Лідзіі Койдулы

КрыніцыРэдагаваць

  1. ^ Bibliothèque nationale de France data.bnf.fr (фр.): плятформа адкрытых зьвестак — 2011.
  2. ^ Койдула(Koidula) Лидия(Янзен Лидия Эмилие Флорентине)(рас.) Сайт Натальи Лайдинен Праверана 24 лютага 2013 г.

ЛітаратураРэдагаваць

  • «Кто есть Кто в культуре Эстонии», состав и подготовка текста «Авенариус» 1996 г.