Касьцёл сьвятога Андрэя Баболі (Градаўшчына)
Славутасьць | |
Касьцёл сьвятога Андрэя Баболі
| |
Краіна | Беларусь |
Вёска | Градаўшчына, Астравецкі раён Гарадзенскай вобласьці |
Каардынаты | 54°40′49″ пн. ш. 25°48′41″ у. д. / 54.68028° пн. ш. 25.81139° у. д.Каардынаты: 54°40′49″ пн. ш. 25°48′41″ у. д. / 54.68028° пн. ш. 25.81139° у. д. |
Канфэсія | каталіцтва |
Эпархія | Гарадзенская дыяцэзія |
Архітэктурны стыль | мадэрн |
Дата заснаваньня | 1938 |
Стан | дзейны |
Касьцёл сьвятога Андрэя Баболі |
Касьцёл сьвято́га Андрэ́я Бабо́лі — драўляны каталіцкі храм у вёсцы Градаўшчына Астравецкага раёну Гарадзенскай вобласьці.
Мінуўшчына
рэдагавацьДа канца 1930-х рокаў мясцовых каталікоў абслугоўвала драўляная капліца ў суседнім зь вёскай панскім двары Дубоўка (Дубнічкі). У 1938 року зь вёскі Шумску (цяпер у Летуве) быў перавезены драўляны касьцёл і заліты пад яго падмурак. У 1939 року новазбудаваны ў цэнтры вёскі касьцёл быў асьвячоны пад тытулам сьв. Андрэя Баболі. Самастойная парафія была заснаваная ў 1940 року[1].
Касьцёл дзейнічаў у гады Другой сусьветнай вайны і за савецкім часам. Афіцыйная дата асьвечаньня храма — 16 траўня 1994 року.
Капліца ў Дубоўцы не захавалася, але зьбераглася фігура Найсьвяцейшай Дзевы Марыі, якая знаходзіцца ў касьцёле[1].
Архітэктура
рэдагавацьКасьцёл у Шумску быў 2-вежавым і 3-нэфавым, а ў Градаўшчыне набыў рысы стылю мадэрн. Асноўны прастакутны і пяцігранны алтарны зрубы перакрытыя высокім двухсхільным дахам з вальмамі над прэзьбітэрыем і сыгнатуркай над алтарнай часткай. Над галоўным фасадам узьведзеная двухярусная чацьверыковая вежа-званіца пад шатровым мадэрнавым дахам. На тымпане франтоне ў лучковай арачнай нішы-табэрнакулюме разьмешчаная скульптурная выява Дзевы Марыі. Бабінец аформлены арачным уваходам.
Уздоўж бакавых фасадаў асноўнага аб’ёма ідуць адкрытыя галерэі на слупах. Інтэр’ер перакрыты плоскай падшыўной стольлю. Сьцены ўнутры аздобленыя дэкаратыўнай ашалёўкай. Над уваходам — галерэя музычных хораў. Падоўжную ўнутраную прастору ўпрыгожваюць тры алтары: галоўны — Найсьвяцейшага Сэрца Пана Езуса, левы бочны Маці Божай Анёльскай і правы — тытульны, сьв. Андрэя Баболі. Над уваходам — галерэя хораў[1].
Крыніцы
рэдагаваць- ^ а б в Градовщшизна. Костёл св. Андрея Баболи (рас.) Глёбус Беларусі. TUT.BY. Праверана 21 сьнежня 2020 г.
Літаратура
рэдагаваць- Кулагін А. Каталіцкія храмы Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. Кулагін; фатограф А. Дыбоўскі. — 2-е выд. — Менск: БелЭн, 2008. — 488 с.: іл. ISBN 978-985-11-0395-5.
- Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Астравецкага р-на. — Мн.: БелЭн, 2004. — 632 с.: іл. ISBN 985-11-0313-6.
- Тамара Габрусь. Сакральная памяць Астравеччыны // Наша вера. — 2006. — № 1 (35).