Казімер Кабылінскі

удзельнік паўстаньня 1863—1864 рокаў

Казі́мер Маце́й Кабылі́нскі[a] (па-польску: Kazimierz Maciej Kobyliński; 25 лютага 1816[1], Няводніца(pl)[2]4 лістапада 1863) — удзельнік паўстаньня 1863—1864 рокаў.

Жыцьцяпіс

рэдагаваць

Валодаў маёнткам Залясяны[3].

Спачатку загадваў конным аддзелам у паўстанчым атрадзе пад даводзтвам Валерыя Ўрублеўскага. Разам зь ім у аддзеле былі й ягоныя сыны Адольф і Ўладыслаў, зяць Рафал Карыцкі, братанак з Гараднянаў(pl) Адольф і пляменьнік Адольф Навасельскі, які стаў ягоным ад’ютантам[2].

Вядома, што 16 чэрвеня [ст. ст. 2 чэрвеня] 1863 коньнікі Кабылінскага захапілі Ружаны, акружылі казарму і абаззброілі жаўнераў. Царскія войскі пазьней дагналі паўстанцаў ля Вялікага Кута, аднак у баі атрымалі паразу і адышлі, пакінуўшы сваіх забітых і параненых на полі[4].

1718 ліпеня 1863 року аб’яднаныя сілы Казімера Кабылінскага (56 коньнікаў), Фэлікса Гурскага (46 коньнікаў) і Міхала Квапішэўскага (38 конных) атрымалі перамогу над казакамі ў бітве пад Шапятовам[5].

Увосені атрад Кабылінскага дзейнічаў у ваколіцах Калушына (цяпер у Мазавецкім ваяводзтве). Браў удзел у баях з расейскімі войскамі 27 кастрычніка пад Куфлевам, 29 кастрычніка пад Чырвонкай. У абодвух выпадках паўстанцы атрымалі паразу[6]. Пасьля гэтага да атраду Кабылінскага далучыліся конныя аддзелы Казімера Нарбута і Людвіка Лютынскага.

На загад палкоўніка Адама Андрэя Зялінскага аб’яднаны атрад рушыў у бок Мінску на дапамогу, па дарозе злучыўшыся з коньніцай Міхала Гейдэнрайха-Крука. 4 лістапада ў баі паміж Меняй, Сёдлай і Пясэчнай аб’яднаныя атрады паўстанцаў процістаялі войскам капітана Гальштэйна[6]. У гэтым баі паўстанцы страцілі 20 чалавек забітымі, сярод якіх быў і Казімер Кабылінскі. Пасьля ягонай гібелі 200-асобавы ліцьвінскі атрад быў аб’яднаны з коньнікамі Янкоўскага, Лянецкага, Зялінскага і Крука[7].

Меў жонку Вікторыю з Казаковічаў[1].

  1. ^ у беларускамоўных крыніцах сустракаецца варыянт прозьвішча Кабылянскі.
  1. ^ а б Kobyliński Kazimierz Maciej (25 FEB 1816-4 NOV 1863) (пол.) KOBYLIŃSCY HERBU PRUS II oraz połączone rody Праверана 31 траўня 2012 г.
  2. ^ а б Izabela Szymańska. 3. Czasy powstania styczniowego // Dzieje majątku Janopol — Królowy Most w latach 1815—1944: Praca magisterska napisana pod kierunkiem naukowym dr hab. Józefa Maroszka prof. UwB. — Białystok: Uniwersytet w Białymstoku. WydziałHistoryczno-Socjologiczny. Instytut Historii, 2005. — С. 93.
  3. ^ Izabela Szymańska. 3. Czasy powstania styczniowego // Dzieje majątku Janopol — Królowy Most w latach 1815—1944: Praca magisterska napisana pod kierunkiem naukowym dr hab. Józefa Maroszka prof. UwB. — Białystok: Uniwersytet w Białymstoku. WydziałHistoryczno-Socjologiczny. Instytut Historii, 2005. — С. 89, 93.
  4. ^ Станіслаў Суднік. (26 кастрычніка 2008) Валер Антоні Урублеўскі ў паўстанні 1863-64 гг. Старонка №1 горада Ліды і Лідзкага павету. Лідскі летапісец №№36—38. Праверана 31 траўня 2012 г.
  5. ^ Grzegorz Michalski. Rys historyczny dziejów Szepietowa // Monografia Parafii pw. Najświętszej Maryi Panny Matki Miłosierdzia w Szepietowie 1985-2010. — Szepietowo: 2010. — С. 13.
  6. ^ а б Andrzej Wocial. Powstanie styczniowe 1863 r. w powiecie stanisławowskim (пол.) (pdfПраверана 31 траўня 2012 г.
  7. ^ Pokonując powstańcze mity? / Mińsk Mazowiecki (пол.). Tygodnik Mazowiecki (14 лютага 2012). Праверана 31 траўня 2012 г.