Земнаводныя

(Перанакіравана з «Земнаводны»)

Земнаводныя або амфібіі[1] (па-лацінску: Amphibia) — адна з клясаў хрыбетных жывёлаў. Налічвае прыкладна 5 тысячаў відаў. Гэта фактычна першыя наземныя хрыбетнікі, якія, праўда, яшчэ не зусім парвалі з вадзяным асяродзьдзем, падчас індывідуальнага разьвіцьця яны праходзяць вадзяную стадыю, на якой маюць жабры і жывуць у вадзе, а сталыя асобіны, як дадатковы орган дыханьня выкарыстоўваюць пакрытую сьлізам скуру і жывуць на сушы.

Земнаводныя
Рапуха Bufo periglenes
Клясыфікацыя
НадцарстваЭўкарыёты
ЦарстваЖывёлы
ТыпХордавыя
ПадтыпХрыбетныя
НадклясаЧатырохногія
КлясаЗемнаводныя
Бінамінальная намэнклятура
Amphibia

Самыя раньнія земнаводныя эвалюцыянавалі ў дэвонскі пэрыяд ад лопасьцепёрых рыбаў, якія выкарыстоўвалі свае моцныя, кастлявыя рэбры як сродак перамяшчэньня на сушы[2]. Земнаводныя былі галоўнымі драпежнікамі ў каменнавугальны й пэрмскі пэрыяды[3], але пазьней яны сутыкнуліся з канкурэнцыяй з боку іхных нашчадкаў, рэптыліяў, якія былі лепш прыстасаваныя да жыцьця на сушы. Шматлікія віды земнаводныя вымерлі падчас масавага пэрмскага выміраньня.

Апісаньне

рэдагаваць

Земнаводнымі былі першыя наземныя хрыбетныя, якія захоўваюць цесную сувязь з водным асяродзьдзем. Размнажаюцца ў вадзе, у частцы відаў, у прыватнасьці, распаўсюджанай у Карпатах саламандры, вядома яйкажыванараджэньне. У працэсе індывідуальнага разьвіцьця земнаводныя праходзяць стадыю воднай лічынкі, што дыхае жабрамі. У дарослых, акрамя лёгкіх, у якасьці дадатковага органа дыханьня выкарыстоўваецца скура, пакрытая сьлізьзю, што таксама сьведчыць пра іхную цесную сувязь зь вільготнымі біятопамі.

Усе земнаводныя праходзяць стадыю мэтамарфозу, гэта значыць, працэс пераўтварэньня воднай лічынкі ў дарослую наземную жывёлу. Гэтак жа як рыбы й рэптыліі, яны працягваюць расьці на працягу ўсяго жыцьця, і ня могуць падтрымліваць тэмпэратуру цела адрознай ад тэмпэратуры навакольнага асяродзьдзя.

Земнаводныя паўсталі ня менш за 300 млн гадоў таму й за часы існаваньня сталі досыць распаўсюджанымі — месцы іхнага пражываньня надзвычай разнастайныя, а дыяпазон прыстасаваньня вельмі шырокі.

Сучасныя земнаводныя групуюцца на тры групы:

Усе земнаводныя зьяўляюцца важнымі кампанэнтамі экасыстэм і індыкатарамі стану асяродзьдзя. Многія зь іх зьяўляюцца аб’ектам промыслу. Рапухі шырока выкарыстоўваюцца ва ўсіх лябараторыях сьвету. Удзячныя дасьледнікі паставілі ім помнікі ў Парыжы й Токіё. Першымі касманаўтамі сярод хрыбетных таксама былі рапухі.

Характарыстыка

рэдагаваць

Скурныя пакровы

рэдагаваць

Усе земнаводныя маюць гладкую тонкую скуру, параўнальна лёгка пранікальную для вадкасьцяў і газаў. Будова скуры характэрна для хрыбетных жывёлаў: вылучаецца шматслаёвы эпідэрміс і ўласна скура (корыюм). Скура багатая скурнымі залозамі, якія вылучаюць сьлізь. У некаторых сьлізь можа быць атрутнай або той, якая палягчаць газаабмен. Скура зьяўляецца дадатковым органам газаабмену, таму яна забясьпечаная густой сеткай капіляраў.

Рагавыя ўтварэньні вельмі рэдкія, таксама рэдкія й акасьцяненьні скуры: у Ephippiger aurantiacus і рагатай рапухі віду Ceratophrys dorsata маецца косткавая плястынка ў скуры сьпіны, у бязногіх земнаводныхлускавінкі; ў рапухі часам пад старасьць адкладваецца вапна ў скуры[4].

Цела падзелена на галаву, тулава, хвост (у хвастатых) і пяціпальцыя канцавіны. Галава рухомая, злучаная з тулавам.

Шкілет падзелены на аддзелы:

  • Восевы шкілет (хрыбетнік);
  • Шкілет галавы (чэрап);
  • Шкілет парных канцавіаў.

У хрыбетніку вылучаюць 4 аддзелы: шыйны, тулавы, крыжавы й хваставы. Колькасьць хрыбтоў вагаецца ад 7 у бясхвосты да 200 у бязногіх земнаводных.

Шыйны хрыбет рухома прычэпліны да патылічнага аддзелу чэрапа, што забясьпечвае рухомасьць галавы. Да тулавых хрыбтоў прымацоўваюцца рэбры, акрамя бясхвостых, у якіх яны адсутнічаюць. Адзіны крыжавы хрыбет злучаны з тазавым поясам. У бясхвостых хрыбты хваставога аддзела зрастаюцца ў адну костку. Плоскі й шырокі чэрап злучаны з хрыбетнікам пры дапамозе двух вырасткаў, утвараных патылічным косткамі.

Шкілет канцавінаў утвораны шкілетам поясу канцавінаў і шкілетам свабодных канцавінаў. Плечавы пояс ляжыць у тоўшчы мускулатуры й уключае парныя лапаткі, раменьніцу й крумкачыную косткі, злучаныя з грудзінай. Шкілет пярэдніх канцавінаў складаецца з пляча (плечавая костка), перадплечча (прамянёвая й локцевая косткі) і пэндзля (косткі прыдалоньня, далоні і фалянгі пальцаў). Тазавы пояс складаецца з парных падуздышных сэдалішных і лабковых костак, зрослых паміж сабой. Ён прымацаваны да крыжавога хрыбта праз падуздышныя косткі. У склад шкілета задняй канцавіны ўваходзяць сьцягно, галёнка (вялікая й малая галёначнай косткі) і ступня. У бясхвостых земнаводных косткі перадплечча й галёнкі зьліваюцца. Усе косткі задняй канцавіны моцна падоўжаныя, утвараючы магутныя рычагі для перасоўваньня скокам.

Глядзіце таксама

рэдагаваць
  1. ^ Амфібіі, або земнаводныя // Земнаводныя. Паўзуны: Энцыклапедычны даведнік. — Менск: Беларуская Энцыклапедыя, 1996. — ISBN 985-11-0067-6
  2. ^ Waikato - Evolution of amphibians. sci.waikato.ac.nz
  3. ^ Прэгістарычныя амфібіі // Prehistoric amphibians. About.com
  4. ^ Земноводные // Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона: В 86 томах (82 т. и 4 доп.). — СПб., 1890—1907.

Літаратура

рэдагаваць
  • Земнаводныя. Паўзуны: Энцыклапедычны даведнік. — Мн., БелЭн, 1996. ISBN 985-11-0067-6
  • Пікулік М. М. Навошта нам амфібіі? — Мн.: Навука і тэхніка, 1992. ISBN 5-343-00383-4
  • Жизнь животных. Т. 4, ч. 2. Земноводные, пресмыкающиеся. — М.: Просвещение, 1969.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць