Дэнацыфікацыя

пасьляваенная палітыка ачысткі аўстрыйскага і нямецкага грамадзтва ад нацысцкага ўплыву

Дэнацыфіка́цыя (па-нямецку: Entnazifizierung) — комплекс захадаў хаўрусьнікаў пасьля Другой сусьветнай вайны па пазбаўленьні аўстрыйскага і нямецкага грамадзтва, культуры, прэсы, эканомікі, судоў і палітыкі ад нацысцкай ідэалёгіі. З гэтай мэтай сяброў НСДАП і СС адхілялі ад пасадаў і ўплыву, а зьвязаныя з нацыстамі арганізацыі распускалі. Праграма дэнацыфікацыі пачалася пасьля ўхвалы на Патсдамскай канфэрэнцыі ў жніўні 1945 року.

Падазраваныя нацысты запаўняюць анкету пра сваю дзейнасьць у лягеры для затрыманых пад Гамбургам, 1945.
Перадвыбарчы плякат Свабоднай дэмакратычнай партыі з заклікам спыніць правядзеньне дэнацыфікацыі, 1949.

У канцы 1945 — пачатку 1946 з пачаткам Халоднай вайны і разуменьнем эканамічнай значнасьці Нямеччыны Злучаныя Штаты Амэрыкі страцілі зацікаўленасьць у працягу дэнацыфікацыі, падобна як раней учынілі да акупаванай Японіі. У 1946 року Вялікабрытанія і ЗША перадалі правы на дэнацыфікацыю нямецкаму ўраду, Францыя праводзіла сваю палітыку лагодна. У рэшце рэшт палітыка афіцыйна была спыненая ў 1951 року. Да таго ж у Заходняй Нямеччыне гэтая палітыка ня мела падтрымкі сярод нацыстаў, якія заставаліся ва ўладзе, і нават сярод новага ўраду Конрада Адэнаўэра[1]. А вось ва Ўсходняй Нямеччыне дэнацыфікацыя лічылася крытычна важнай для пераходу да сацыялістычнага грамадзтва. Тым ня меней, ня ўсе колішнія нацысты атрымалі суворыя прысуды; некаторыя пазьбеглі пакараньня, выканаўшы спэцыяльныя задачы ўраду[2][3].

  1. ^ Goda, Norman J. W. Tales from Spandau: Nazi Criminals and the Cold War. — Cambridge: Cambridge University Press, 2007. — С. 101–149. — ISBN 978-0-521-86720-7
  2. ^  Benz, Wolfgang Demokratisierung durch Entnazifizierung und Erziehung. — bpb, 2005. — С. 7.
  3. ^  Sperk, Alexander Entnazifizierung und Personalpolitik in der sowjetischen Besatzungszone Köthen/Anhalt. Eine Vergleichsstudie (1945–1948). (ням.). — Dößel: 2003. — ISBN 3-89923-027-2

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць