Другі Ўсебеларускі кангрэс

(Перанакіравана з «Другі Ўсебеларускі Зьезд»)

Другі Ўсебеларускі кангрэс — зьезд прадстаўнікоў беларускага народу, які ва ўмовах нямецкай акупацыі Беларусі ў часе Другой сусьветнай вайны абвясьціў пра незалежнасьць краіны ад Масквы і прызначыў Беларускую Цэнтральную Раду (БЦР) на чале з Радаславам Астроўскім пераемніцай Рады Беларускай Народнай Рэспублікі. Праходзіў пад кантролем нямецкай улады на Беларусі.

Рада БНР не прызнае законным Другі Ўсебеларускі кангрэс[1].

Гісторыя

рэдагаваць

Кангрэс быў скліканы па прапанове прэзыдэнта Беларускай Цэнтральнай Рады Радаслава Астроўскага з дазволу в.а. генэральнага камісара Беларусі Курта фон Готбэрга. Адбыўся 27 чэрвеня 1944 ў Менску, у цяперашнім будынку тэатра імя Янкі Купалы.

Прысутнічалі 1039 дэлегатаў, якія прадстаўлялі розныя раёны Беларусі і беларускія згуртаваньні за мяжой. Са справаздачамі і рэфэратамі на кангрэсе выступілі Р. Астроўскі, Жарскі, Мікалай Шкялёнак, Аўген Калубовіч. Рэзалюцыя кангрэсу мела антырасейскую і антыбальшавіцкую скіраванасьць. Апэлюючы да пастановы Рады БНР, якая была выказаная 25 сакавіка 1918 Трэцяй Устаноўчай граматай, кангрэс адмаўляў БССР як форму беларускай дзяржаўнасьці, абвяшчаў БЦР адзіным праўным прадстаўніком беларускага народу.

У сувязі з набліжэньнем савецкіх войск кангрэс праходзіў у сьпешцы. Яго значэньне было важным у асноўным толькі для БЦР. Празь некалькі дзён Рада разам зь іншымі грамадзкімі ўстановамі эвакуявалася.

Глядзіце таксама

рэдагаваць

Спасылкі

рэдагаваць
  1. ^ Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: М. В. Біч і інш.; Прадм. М. Ткачова; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1993. — Т. 1: А — Беліца. — 494 с. — ISBN 5-85700-074-2 С. 390.