Дронькі

былая вёска ў Хойніцкім раёне Гомельскай вобласьці Беларусі

Дро́нькі[1] — былая вёска ў Хвойніцкім раёне Гомельскай вобласьці. Уваходзіла ў склад Стралічаўскага сельсавету.

Дронькі
Першыя згадкі: 1512 год
Былыя назвы: Дронкі, Дроны
Вобласьць: Гомельская
Раён: Хвойніцкі
Сельсавет: Стралічаўскі
Часавы пас: UTC+3
Геаграфічныя каардынаты: 51°38′47.1″ пн. ш. 29°52′53.8″ у. д. / 51.646417° пн. ш. 29.881611° у. д. / 51.646417; 29.881611Каардынаты: 51°38′47.1″ пн. ш. 29°52′53.8″ у. д. / 51.646417° пн. ш. 29.881611° у. д. / 51.646417; 29.881611
Дронькі на мапе Беларусі
Дронькі
Дронькі
Дронькі

Гісторыя

рэдагаваць

Вялікае Княства Літоўскае

рэдагаваць

Найранейшай згадкай пра Дронькі ўважаецца зьвестка яшчэ за часоў караля польскага і вялікага князя літоўскага Жыгімонта Старога ў акце абмежаваньня Брагінскай воласьці ад 7 сакавіка 1512 году[a] пра памежны зь ёй востраў: «...у Зварачанскія астравы праваю стараною зноў балотам бельлю ўздоўж папалам з астравамі Дронкі Курылушкі і Кажушкі ў лазу, катораю папалам уздоўж у альсы, альсамі ў Тапіла, з Тапіла ў рэчку Ціхую, з Ціхай у рэчку Цеснаўку...»[3][b].

У апісаньні Чарнобыльскага замку 1552 года, што да Беласароцкай нядзелі[c], адразу пасьля патужнікаў зь ліку жыхароў сёлаў Масановічы і Кажушкавічы названы нейкі Андрон[d][5]. Магчыма, ён быў з тых Дронкаў, ад якіх паселішча і атрымала назву.

Напярэдадні падпісаньня акту Люблінскай уніі ўказам караля Жыгімонта Аўгуста ад 6 чэрвеня 1569 году Кіеўскае ваяводзтва (і Дронькі з прылегласьцямі) было далучана да Кароны Польскай[6].

Карона Каралеўства Польскага

рэдагаваць

Згодна з тарыфам падымнага падатку Кіеўскага ваяводзтва 1628 года, у вёсцы Дроны, прыналежнай да Сьвята-Мікольскага Пустынскага манастыра ў Кіеве, было ўсяго два дымы – асаднага селяніна і агародніка[7].

30 сакавіка 1688 году кароль Ян Сабескі выдаў прывілей, паводле якога вёскі Малочкі, Рудка і Пагоннае, раней прыналежныя Сьвята-Міхайлаўскаму (Залатаверхаму) манастыру ў Кіеве, аддаваліся на вечныя часы, пры ўмове нясеньня вайсковай службы, шляхцічу Стэфану Крыніцкаму. Згодна з умовамі «вечнага міру» 1686 года паміж Рэччу Паспалітай і Расеяй, левабярэжная Украіна і Кіеў заставаліся за апошняй. Крыніцы, дзедзічны маёнтак С. Крыніцкага, дасталіся Міхайлаўскаму манастыру. Манарх і кампэнсаваў шляхцічу яго страту падараваньнем былых манастырскіх вёсак[8]. Але папярэднія пасэсары епіскап львоўскі Іосіф Шумлянскі, адміністратар Кіева-Пячэрскай архімандрыі, і брат яго Самуіл Шумлянскі, чашнік падольскі, не сьпяшаліся ад іх адступацца. Таму, калі С. Крыніцкі з панамі шляхтай Аляксандрам Казінскім, Янам Грыўскім і чэлядзю 12 чэрвеня заехалі ў падараваныя каралём вёскі[e] і па-гаспадарску ў тых сялянаў, якіх не разагналі адразу, забралі збожжа, спустошылі борці, даніну і чынш, належныя епіскапу, прыўласьнілі, староста Беласароцкай воласьці Ян Пэнскі 19 жніўня 1688 году, ад імя епіскапа і чашніка Шумлянскіх, падаў скаргу ў Оўруцкі гродзкі суд[9].

11 чэрвеня 1706 году оўруцкі гродзкі рэгент Даніэль Ляўкоўскі падаў скаргу ў суд на кіеўскага падчашага Крыштафа Манецкага. Апошні, трымаючы ў пасэсіі Шэпеліцкі маёнтак, у складзе якога былі і Дронькі з Пагонным, Малочкамі, аддаў яго Ляўкоўскаму ў трохгадовую (ад сьвята нараджэньня Яна Хрысьціцеля 1705 г.) арэнду за немалую суму – 4047 злотых у талерах бітых і ў чырвоных злотых. Але надалей сам Манецкі, яго слугі і чэлядзь, таксама і сужэнцы Пясецкія ўсяляк перашкаджалі Ляўкоўскаму атрымліваць з той арэнднай пасэсіі належныя прыбыткі. А яшчэ і палкоўнікі Стэфан Трашчынскі і Герцык, сотнік Дайнэка з сваімі казакамі, ідучы з-за Дняпра да Літвы, вялікія шкоды пачынілі ў добрах падаўца скаргі[10]. 16 днём чэрвеня 1707 году датаваная скарга падчашага Крыштафа Манецкага на кіраўніка маёнткаў берасьцейскага харунжага князя Дамініка Шуйскага Зыгмунта Шукшту за зьбіцьцё ім разам з слугамі князя сялян падаўца скаргі, рабаўніцтва іх маёмасьці, патраву палёў, захоп паташу і інш. у сёлах Дронькі, Пагоннае, Малочкі на рацэ Прыпяці, нарэшце, за наезд узброенага адзьдзелу ў 500 чалавек зь сялянаў, стральцоў і казакоў Д. Шуйскага на сяло Варахобавічы, за зьбіцьцё і раненьне казака і слуг пацярпелага, за намер забіць яго самога[11]. 11 студзеня 1723 году актыкаваны застаўны запіс кіеўскага падчашага Крыштафа Манецкага мельніцкаму войскаму Аляксандру Бандынэлі на тры сяла маёнтку Шэпелічы – Дронькі, Малочкі і (пустое селішча) Пагоннае[12].

На 1734 год вёска Дронькі (Drunki) знаходзілася ў пасэсіі ў Кімбараўскага кляштару айцоў-цыстэрцыянаў[13].

У 1754 годзе з 7 двароў (каля 42 жыхароў) вёскі Дронькі (Drunki) выплачваліся «do grodu» (Оўруцкага замку) 1 злоты і паўтары грошы, «na milicję» (на вайсковыя патрэбы павету і ваяводзтва) 4 злотыя і 6 грошаў[14]. 11 жніўня 1756 году ў кнігах Оўруцкага гродзкага суда актыкаваны запіс аб уводзе абата мясцовых базылянаў Андрэя Бянецкага ў валоданьне добрамі Шэпелічы Старыя і Новыя, Пагоннае, Малочкі, Дронькі і інш.[15].

Расейская імпэрыя

рэдагаваць

Пасьля другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Дронькі апынуліся ў межах Рэчыцкай акругі Чарнігаўскага намесьніцтва (губэрні), з 1796 году ў складзе ўпарадкаванага Рэчыцкага павету Маларасейскай, а з 29 жніўня 1797 году Менскай губэрні Расейскай імпэрыі[16]. З крыніцы, заснаванай на матэрыялах рэвізіі 1795 году, вядома, што вёска Дронькі належала Оўруцкаму абацтву базылянаў у асобе іх галавы Юзафа Ахоцкага[17].

У «Списках населенных мест Минской губернии по уездам, приходам, еврейским обществам со сведениями об их расположении и народонаселении [Дело]: 1857 г.» засьведчана, што 151 жыхар вёскі Дронькі зь ліку казённых сялянаў абодвух полаў быў прыхаджанінам царквы Раства Найсьвяцейшай Багародзіцы ў Аравічах[18].

У парэформавы пэрыяд вёска належала да Дзёрнавіцкай воласьці. На пачатак 1870 году ў Дроньках — 87 мужчынскіх душ зь ліку былых дзяржаўных сялянаў, прыпісаных да аднаймённага сельскага таварыства[19]. Згодна са зьвесткамі на 1876 і 1879 гады, Дронькі заставаліся ў прыходзе Аравіцкай царквы[20]. Паводле перапісу 1897 года ў вёсцы Дронькі было 54 двары з 356 жыхарамі[2]. У 1909 годзе ў паселішчы налічваўся 61 двор і 491 жыхар[21].

Найноўшы час

рэдагаваць

9 лютага 1918 году, яшчэ да падпісаньня Берасьцейскага міру з бальшавіцкай Расеяй (3 сакавіка), Нямеччына перадала паўднёвую частку Беларусі Украінскай Народнай Рэспубліцы. У адказ на гэта, 9 сакавіка Другой Устаўной граматай тэрыторыя абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Дронькі ў складзе Рэчыцкага павету, аднак, апынуліся ў часова створанай 15 чэрвеня Палескай губэрні з цэнтрам у Рэчыцы, з кастрычніка — у Мазыры. З 18 траўня тут дзейнічала «варта Украінскай Дзяржавы» гэтмана Паўла Скарападзкага[22].

1 студзеня 1919, згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі, Рэчыцкі павет увайшоў у склад Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі, але 16 студзеня разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі быў далучаны да РСФСР.

  1. ^ Не з XVIII ст., як пісаў С. В. Марцэлеў[2].
  2. ^ Імаверна, тады ўжо існавала і аднаймённае сяло Чарнобыльскай воласьці.
  3. ^ Нядзелі альбо чэргі (у складзе кожнай некалькі паселішчаў), на якія падзялялася Чарнобыльская воласьць (званая калі-нікалі паветам), як даводзілася несьці замкавую службу, выконваць работы на карысьць замку. Па нядзелях разьмяркоўваліся і плацёжныя павіннасьці.
  4. ^ Поўны запіс: Андрон у Гатчыну (Гатчыпу). П. Г. Кляпацкі[4] ўважаў, што вядзецца пра патужніка Андрона ў Гажыну. Але Гажын мог належаць хіба да Оўруцкай нядзелі, побач з Антонавічамі, Смалігавічамі, Белым Берагам, а не да Беласароцкай. Магчыма, ў тэксьце публікацыі зьвестка памылкова зрушаная.
  5. ^ Тут, акрамя згаданых у каралеўскім прывілеі, названыя яшчэ і Дронкі (Дронькі).
  1. ^ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гомельская вобласць: нарматыўны даведнік / Н. А. Багамольнікава і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2006. — 382 с. ISBN 985-458-131-4. (pdf)
  2. ^ а б Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 2, кн. 2. Гомельская вобласць / С.В. Марцэлеў; рэдкал.: Г.П. Пашкоў (гал. рэд.) [і інш.]. — Менск: БелЭн, 2005. — 520 с.: іл. ISBN 985-11-0330-6. С. 440
  3. ^ НГАБ у Менску. Ф. 1728. Воп. 1. Спр. 19. А. 1049адв.
  4. ^ Клепатский П. Г. Очерки по истории Киевской земли. Т. 1. Литовский период. – Одесса, 1912. С. 310
  5. ^ Архив Юго-Западной России (далей: Архив ЮЗР). Ч. 7. Т. І. Акты о заселении Юго-Западной России. — Киев, 1886. С. 588
  6. ^ Volumina Legum. Tom II. — Petersburg: Nakładem i drukiem Józafata Ohryzki, 1859. S. 84 — 87; Падалінскі У. // Беларускі гістарычны агляд. — 2012. Т. 19. С. 329—337 (Рэцэнзія на кн.: Litwin H. Równi do równych: kijowska reprezentacja sejmowa 1569—1648. — Warszawa, 2009)
  7. ^ Архив ЮЗР. Ч. 7. Т. 1. — С. 362
  8. ^ Архив ЮЗР. Ч. 1. Т. 4. Акты об унии и состоянии православной церкви с половины XVII века (1648–1798). – Киев, 1871. С. 78 – 80
  9. ^ Архив ЮЗР. Ч. 1. Т. 10. – Киев, 1904. С. 364 – 365
  10. ^ Архив ЮЗР. Ч. 3. Т. 2. Акты о казаках (1679–1716). – Киев, 1868. С. 689–695
  11. ^ Описи актовых книг Киевского центрального архива (далей: ОАК). – № 26 / Сост. А. Т. Белоусов – Киев: Университетская типография, 1881. С. 9
  12. ^ ОАК. – № 37 / Сост. Е. П. Дьяковский – Киев: Т. Г. Мейнандера, 1906. С. 48
  13. ^ Тарифи подимного податку, сеймикові лауди і люстрації Київського воєводства першої половини XVIII століття. /Вид. друге, доп. Укл. Конрад Жеменецький. — Біла Церква, 2015. С. 286
  14. ^ Тариф подимного податку Київського воєводства 1754 року. /Опрацював Конрад Жеменецький. — Біла Церква, 2015. С. 179
  15. ^ Описание архива западнорусских униатских митрополитов. Т. 2. 1701–1839. – С.-Петербург, 1907. № 1671
  16. ^ Насевіч В., Скрыпчанка Т. Рэчыцкі павет / В. Насевіч, Т. Скрыпчанка // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: у 6 т. — Т. 6. Кн. 1. — Мінск: БелЭн, 2001. C. 181—182
  17. ^ Петреченко І. Є. «Камеральное описание… Речицкой округи» 1796 р.: інформаційний потенціал пам’ятки // Днепровский паром. Природное единство и историко-культурное взаимодействие белорусско-украинского пограничья / Материалы международной конференции (26-27 апреля 2018 г., г. Гомель). — Минск: Четыре четверти, 2018. С. 71
  18. ^ Расейскі дзяржаўны гістарычны архіў. Ф. 1290. Воп. 4. Спр. 79. А. 677
  19. ^ Список волостей, обществ и селений Минской губернии на 01. 01. 1870 г. — Минск, 1870. Л. 71
  20. ^ Минские епархиальные ведомости. — Минск, 1876. № 10. С. 463 — 464; Описание церквей и приходов Минской епархии. VIII. Речицкий уезд. — Минск, 1879. С. 115
  21. ^ Список населённых мест Минской губернии. / Сост. В. С. Ярмолович. — Минск, 1909. С. 55
  22. ^ Ціхаміраў А. В. Станаўленне і развіццё беларуска-украінскіх адносін у 1918—1920 гг. // Веснік БДУ. Сер. 3. 2005. № 3. С. 28 — 32; Грицкевич А. П. Борьба за Украину, 1917—1921 / А. П. Грицкевич; под науч. ред. А. Е. Тараса. — Минск: Современная школа, 2011. С. 92 — 93; Ільїн, О. Західне Полісся в Українській Державі гетьмана Скоропадського (Історія в документах) / О. Ільїн // Над Бугом і Нарвою : український часопис Підляшшя. — 2014. № 3. С. 42; Замойский А. С. Брагин и местечки юго-восточной Беларуси в условиях перехода от войны к миру. 1918—1922. // Брагинщина в контексте истории белорусско-украинского пограничья: сборник научных статей / редкол. А. Д. Лебедев. — Минск, 2018. С. 85

Літаратура

рэдагаваць