Джонатан Сўіфт

ангельска-ірляндзкі пісьменьнік

Джа́натан Сўіфт (па-ангельску: Jonathan Swift; 30 лістапада 1667, Дублін, Ірляндыя — 19 кастрычніка 1745, Дублін) — англа-ірляндзкі пісьменьнік-сатырык, публіцыст, паэт і грамадзкі дзеяч. Найболей вядомы як аўтар тэтралёгіі «Падарожжы Гулівэра», у якой дасьціпна высьмеяў чалавечыя і грамадзкія заганы. Жыў у Дубліне (Ірляндыя), дзе служыў дэканам (плябанам) сабора Сьвятога Патрыка. Нягледзячы на сваё ангельскае паходжаньне, Сўіфт энэргічна абараняў правы простых ірляндцаў і зь іхняга боку заслужыў шчырую павагу.

Джанатан Сўіфт
анг. Jonathan Swift
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся 30 лістапада 1667
Дублін
Памёр 19 кастрычніка 1745
Дублін
Пахаваны
Бацькі Jonathan Swift[d][1][2]
Abigail Erick[d][1][2]
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці пісьменьнік-сатырык, публіцыст, паэт і грамадзкі дзеяч
Гады творчасьці 17001745
Жанр сатыра, эсэ, прытча і памфлет
Мова ангельская
Подпіс Выява аўтографу
[[::en:s:Author:Jonathan Swift|Творы]] ў Вікікрыніцах

Біяграфія

рэдагаваць

Раньнія гады (1667—1700)

рэдагаваць

Асноўнай крыніцай зьвестак пра сям’ю Сўіфта і яго раньнія гады зьяўляецца «Аўтабіяграфічны фрагмэнт», які быў напісаны Сўіфтам у 1731 годзе і ахоплівае падзеі да 1700 году. Там паведамляецца, што ў гады грамадзянскай вайны сям’я дзеда Сўіфта перасялілася з Кэнтэрбэры ў Ірляндыю.

Сўіфт нарадзіўся ў ірляндзкім горадзе Дублін у беднай пратэстанцкай сям’і. Бацька, дробны судовы чыноўнік[3], памёр, калі сын яшчэ не нарадзіўся, пакіуўшы сям’ю (жонку, дачку і сына) у бядотным стане. Таму выхаваньнем хлопчыка займаўся дзядзька Годвін, з маці Джонатан амаль не сустракаўся. Пасьля школы ён паступіў у Трыніці-коледж Дублінскага ўнівэрсытэту (1682), які скончыў у 1686 годзе. У выніку навучэньня Сўіфт атрымаў ступень бакаляўра і пажыцьцёвае скептычнае стаўленьне да навуковых мудрагелістасьцяў.

 
Сэр Ўільям Тэмпл

У сувязі з грамадзянскай вайной, якая пачалася ў Ірляндыі пасьля зьвяржэньня караля Якаба II (1688), Сўіфт зьехаў у Ангельшчыну, дзе прабыў 2 гады. Там ён служыў сакратаром у сына знаёмага сваёй маці (паводле іншых зьвестак, яе дальняга сваяка) — заможнага адстаўнога дыплямата Ўіяльма Тэмпла (анг. Sir William Temple). У маёнтку Тэмпла Сўіфт упершыню сустрэўся з Эстар Джонсан (1681—1728), дачкой служанкі, якая заўчасна згубіла бацьку. Эстар тады было ўсяго 8 год; Сўіфт стаў яе сябрам і настаўнікам.

У 1690 ён вярнуўся ў Ірляндыю, хоць пазьней неаднаразова наведваў Тэмпла. Дзеля працаўладкаваньня Тэмпл уручыў яму характарыстыку-рэкамэндацыю, у якой адзначаліся добрае веданьне лацінскай і грэцкай моваў, знаёмства з францускай і выдатныя літаратурныя здольнасьці. Тэмпл, сам знакаміты эсэіст, здолеў ацаніць незвычайны літаратурны талент свайго сакратара. Ён прапанаваў яму сваю бібліятэку і сяброўскую дапамогу ў жыцейскіх справах; наўзамен Сўіфт дапамагаў Тэмплу ў падрыхтоўцы яго шматлікіх мэмуараў. Менавіта ў гэтыя гады Сўіфт пачынае літаратурную творчасьць, спачатку ў якасьці паэта. Зацемім, што ўплывовага Тэмпла наведвалі шматлікія самавітыя госьці, уключаючы караля Вільгельма III, і назіраньне за іхнімі гутаркамі дало неацэнны матэрыял будучаму вялікаму сатырыку.

У 1692 годзе Сўіфт атрымаў званьне магістра ў Оксфардзе, а ў 1694 годзе прыняў духоўны сан англіканскае царквы. Ён быў прызначаны сьвятаром у ірляндзкае паселішча Кілрут (анг. Kilroot). Аднак хутка Сўіфт, па яго ўласных словах[4], «стаміўшыся сваімі абавязкамі за некалькі месяцаў», вярнуўся на службу да Тэмпла. У 1696—1699 гадох піша сатырычныя аповесьці-прытчы «Казка бочкі» і «Бітва кнігаў» (апублікаваныя ў 1704 годзе), а таксама некалькі паэмаў.

У студзені 1699 году памёр яго заступнік, Ўільям Тэмпл. Ён быў аднім з тых нешматлікіх знаёмых Сўіфта, пра якога нават гэты зьедлівы сатырык пісаў толькі добрыя словы. Сўіфт займаецца пошукамі новае пасады, зьвяртаецца да лёнданскіх вяльможаў. Доўгі час пошукі ня мелі посьпеху, але затое літаратар шчыльна пазнаёміўся з прыдворнымі норавамі. Зрэшты, у 1700 годзе ён прызначаны службоўцам (прэбэндарыям) сабора Сьвятога Патрыка ў Дубліне. У гэты пэрыяд ён публікуе некалькі ананімных памфлетаў. Сучасьнікі адразу зацемілі асаблівасьці сатырычнага стылю Сўіфта: яркасьць, бескампраміснасьць, адсутнасьць прамога казаньня — аўтар іранічна апісвае падзеі, пакідаючы вывады на меркаваньне чытача.

  1. ^ а б Lundy D. R. Jonathan Swift // The Peerage (анг.)
  2. ^ а б Kindred Britain
  3. ^ Джонатан Свифт. Путешествия Гулливера и др. Указ. соч. — 2003. — С. 5.
  4. ^ Муравьёв В. Джонатан Свифт. Указ. соч. — С. 10.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць