Дагістарычны час
Дагістарычны час ці Першабытнае грамадзтва — умоўная назва пэрыяду ў гісторыі чалавецтва ад зьяўленьня чалавека да зьяўленьня першых клясавых грамадзтваў або паводле іншага вызначэньня да зьяўленьня пісьмовай гісторыі, то бок да зьяўленьня пісьменства. Часавыя межы пэрыяду вызначаюцца прыблізна ад 2,5 млн гадоў таму да 8—5 тысяч гадоў таму, але й у наш час існуюць пэрыфэрыйныя грамадзтвы, якія жывуць першабытнаабшчынным ладам. Тэрмін «дагістарычны» ўвайшоў ва ўжываньне ў XIX стагодзьдзі. У шырокім сэнсе слова «дагістарычны» дастасавальны да любога пэрыяду да вынаходзтва пісьменства, пачынаючы з моманту ўзьнікненьня Сусьвету, але ў вузкім — толькі да дагістарычнаму мінулагу чалавека. Паколькі, па вызначэньні, аб дадзеным пэрыядзе няма пісьмовых крыніцаў, пакінутых ягонымі сучасьнікамі, інфармацыю пра яго атрымліваюць, абапіраючыся на зьвесткі такіх навукаў, як то археалёгія, этналёгія, палеанталёгія, біялёгія, геалёгія, антрапалёгія, археаастраномія, паліналёгія.
Паколькі пісьменнасьць зьявілася ў розных народаў у розны час, да шматлікіх культураў тэрмін «дагістарычны» альбо не ўжываецца, альбо ягоны сэнс і часавыя межы не супадаюць з чалавецтвам у цэлым. У прыватнасьці, пэрыядызацыя дакалюмбавай Амэрыкі не супадае па этапах з Эўразіяй і Афрыкай. У якасьці крыніцаў аб дагістарычных часах культураў, да апошняга часу пазбаўленых пісьменства, могуць быць вусныя паданьні, якія перадаваліся з пакаленьня ў пакаленьне.
З прычыны, што дадзеныя аб дагістарычных часах зрэдку тычацца асобаў і нават не заўсёды кажуць што-небудзь пра этнас, асноўнай сацыяльнай адзінкай дагістарычнай эпохі чалавецтва зьяўляецца археалягічная культура. Усе тэрміны й пэрыядызацыя гэтай эпохі, як то панаваньне нэандэртальцаў ці жалезны век зьяўляюцца рэтраспэктыўнымі й у значнай ступені ўмоўнымі, а іхнае дакладнае вызначэньне зьяўляецца прадметам абмеркаваньня.
Мастацтва
рэдагавацьПачатковыя імпульсы выяўленчай дзейнасьці вядомы ў нэандэртальцаў, фармаваньне першабытнага мастацтва адносіцца да позьняга палеаліту й зьяўленьня сучаснага чалавека 40—30 тысяч гадоў таму назад.
Самыя раньнія творы, выкананыя першабытным чалавекам, — наскальныя малюнкі, скульптуры з косткі й дрэва, побытавыя прадметы, упрыгожаныя арнамэнтам. Старажытныя людзі ня толькі стваралі патрэбныя ім рэчы, але й ўпрыгожвалі іх, выконваючы выявы, што апавядалі аб рэчаіснасьці, падзеях з жыцьця. Прычынай узьнікненьня мастацтва зьяўляецца разьвіцьцё грамадзтва й ягонай асновы — працы. Менавіта яна сфармавала пачуцьці, прымушала асобу бачыць якасную разнастайнасьць і багацьце сьвету, выхоўвала такія паняткі, як то мэтазгоднасьць, адпаведнасьць формы прадмета ягонаму прызначэньню. Працэс працы ўплываў на ўяўленьні чалавека аб сымэтрыі, меры й ўпарадкаванасьці, прыгажосьці, гармоніі. Вялікую ролю ў разьвіцьці мастацтва адыгрывалі сьвядомасная мэтанакіраваная дзейнасьць асобы, наяўнасьць папярэдняй задумы, якую трэба было ажыцьцяўляць. Мастацкая творчасьць чалавека была зьвязана зь ягонымі ўяўленьнямі, верай у магчымасьць зьмяніць рэчаіснасьць, напрыклад пры дапамозе магічных танцаў, якія імітавалі сцэны паляваньня, ці выяваў жывёл («забіўшы» іх, можна было спадзявацца на посьпехі ў сапраўдным паляваньні).
У жыцьці першабытнага чалавека праца, мастацтва, культавыя ўяўленьні, пачаткі навуковых ведаў не былі адасобленымі. Яны існавалі ў жыцьці й сьвядомасці зьлітна, сынкрэтычна. Чалавек не вылучаў сябе з прыроды, а ўспрымаў уласную асобу як частку ейных працэсаў і зьяваў. Першапачаткова мастацтва не было аформлена ў асобны від дзейнасьці й было зьвязана з працоўным працэсам, паляўнічай (пазьней і аграрнай) магіяй, выяўляла асноўныя жыцьцёвыя інтарэсы й сьветаўяўленьне першабытнага чалавека, адухоўленьне сілаў прыроды (анімізм), культ жывёл — прабацькоў роду (татэмізм) і іншае. Сярод матываў першабытнага мастацтва пашыраны гравюраваныя, рэльефныя й жывапісныя выявы (наскальнае мастацтва) жывёлаў — аб’ектаў паляваньня, схематычныя фігуры чалавека. Характэрныя абагульнена-выразныя скульптурныя фігуркі жывёлаў і іхныя гравюраваныя выявы на костках і камені, просты геамэтрычны арнамэнт на посудзе й прыладах працы, пятрогліфы.
Зьяўленьне рэлігіі
рэдагавацьЗ пункту гледжаньня вядомага эвалюцыяніста й папулярызатара навуковага атэізму Клінтана Докінза, выкладзенай у кнізе «Ілюзія бога», рэлігія ўяўляецца як пабочны прадукт нейкай сацыяльна-карыснай зьявы, якая валодае прыкметамі «псыхічнага віруса» — мэма.
У марксізме лічыцца[1], што коранем рэлігіі зьяўляецца рэальнае практычнае бясьсільле чалавека, якое выяўляецца ў ягоным паўсядзённым жыцьці ў тым, што ён ня здольны самастойна забясьпечыць посьпех сваёй дзейнасьці.
Згодна з уяўленьнямі канцэпцыі «перадрэлігіёзнага пэрыяду», у гісторыі чалавецтва існаваў пэрыяд, калі не існавала ніякіх рэлігійных уяўленьняў. Пасьля ў сілу тых ці іншых прычынаў у людзей паўсталі рэлігійныя вераваньні.
З эпохі нэаліту ўзьніклі складаныя рэлігійныя культы. Рэлігійныя перакананьні ў гэты пэрыяд звычайна складаліся ў глыбокай пашане да Нябеснай маці, Нябеснаму бацьку, Сонцу й Месяцу як баству. Характэрнай для нэаліту была тэндэнцыя пакланеньня антрапаморфным боствам.
У першабытных плямёнаў не было спэцыяльных служыцеляў культу, то бок рэлігійна-магічныя абрады зьдзяйсьняліся пераважна кіраўнікамі радавых групаў ад імя ўсяго роду або людзьмі, які паводле асабістых якасьцяў набылі рэпутацыю дасьведчаных у прыёмах узьдзеяньня на сьвет духаў і багоў. З разьвіцьцём сацыяльнай дыфэрэнцыяцыі вылучыліся прафэсійныя жрацы, якія надалі сабе выключнае права зносінаў з духамі й багамі.
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Юрий Семёнов. «Возникновение религии и её первая, исходная форма — магия». scepsis.ru
Літаратура
рэдагаваць- Алексеев В.П., Першиц А.И. История первобытного общества. М., 1999; М., 2001.
- Першабытнае грамадства // БЭ ў 18 т. Т. 12. Мн., 2001.