Гюмры

места ў Армэніі

Гюмры́ (па-армянску: Գյումրի) — горад на захадзе Армэніі і адміністрацыйны цэнтар правінцыі Шырак у паўночна-заходняй частцы краіны. Зьяўляецца другім паводле велічыні горадам Армэніі. У канцы XIX стагодзьдзя быў вядомы пад назовам Александропаль і быў адным з найбуйнейшых гарадоў Усходняй Армэніі, якая знаходзілася пад кіраваньнем Расеі, з насельніцтвам, амаль супастаўным з насельніцтвам Ерэвану. У савецкі час насіў назву Ленінакан. У Гюмры разьмяшчаецца Шырацкая эпархія, якая ёсьць часткай Армянскай апостальскай царквы.

Гюмры
арм. Գյումրի
Гюмры
Герб Гюмры Сьцяг Гюмры
Дата заснаваньня: V ст. да н. э.
Краіна: Армэнія
Рэгіён: Шырак
Кіраўнік: Самвэл Баласанян[d]
Плошча: 36 км²
Вышыня: 1509 м н. у. м.
Насельніцтва (2011)
колькасьць: 146 100 чал.
шчыльнасьць: 4058,33 чал./км²
Часавы пас: UTC+4
Паштовы індэкс: 3101—3126
Нумарны знак: 45 am
Геаграфічныя каардынаты: 40°47′0″ пн. ш. 43°50′0″ у. д. / 40.78333° пн. ш. 43.83333° у. д. / 40.78333; 43.83333Каардынаты: 40°47′0″ пн. ш. 43°50′0″ у. д. / 40.78333° пн. ш. 43.83333° у. д. / 40.78333; 43.83333
Гюмры на мапе Армэніі
Гюмры
Гюмры
Гюмры
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы
www.gyumricity.am

Гісторыя

рэдагаваць

Археалягічныя раскопкі, праведзеныя за часам савецкага пэрыяду, паказалі, што тэрыторыя сучаснага Гюмры была заселеная як мінімум з 3 тысячагодзьдзя да н. э. Наваколіцы ўваходзілі ў склад старажытнага каралеўства Ўрарту. Пры заняпадзе апошняга да другой паловы VI стагодзьдзя да н. э. паселішча стала часткай імпэрыі Ахемэнідаў. Аднак на пачатку V стагодзьдзя да н. э. мясцовасьць стала часткай сатрапіі Армэніі пад уладай Эрвандыдаў. Паводле альтэрнатыўнай тэорыі, мясцовае паселішча было заснаванае прыблізна ў 401 да н. э. грэцкімі каляністамі[1].

Пасьля падзелу Армэніі ў 387 годзе паміж бізантыйцамі і пэрсамі і ў выніку падзеньня Арсацыдскага каралеўства ў 428 годзе Шырак, уключаючы сучасны Гюмры, стаў часткай Сасанідзкай імпэрыі. У 658 годзе, за часам актыўных арабскіх ісламскіх уварваньняў, Гюмры быў заваяваны і стаў часткай эмірата Армэнія пад кіраваньнем халіфата Амэядаў. У Сярэднявеччы Гюмры быў значным і даволі разьвітым гарадзкім паселішчам. Паводле словах армянскага навукоўца Гевонда Гісторыка, горад быў цэнтрам паўстаньня, ачоленага Артаваздам Маміканянам супраць ісламскага халіфату паміж 733 і 755 гадамі. Пасьля двух стагодзьдзяў ісламскага панаваньня Армэнія абвесьціла незалежнасьць у 885 годзе, стаўшы каралеўствам Багратыдаў.

 
Дыярама старога Александропалю з царквой Сьвятога Збавіцеля на выяве.

Пасьля падзеньня Армэніі горад быў далучаны да Бізантыйскай імпэрыі ў 1045 годзе і пазьней да туркаў-сэльджукаў у 1064 годзе. Пры чужых правіцелях горад паступова страціў сваё значэньне на працягу наступных стагодзьдзяў, аж да стварэньня Закарыдзкага княства ў 1201 годзе пад грузінскім пратэктаратам. За часам панаваньня Закарыдаў усходнеармянскія тэрыторыі, галоўным чынам Лоры і Шырак, увайшлі ў новы пэрыяд росту і стабільнасьці, стаўшы гандлёвым цэнтрам паміж усходам і захадам. Пасьля захопу манголамі Ані ў 1236 годзе Армэнія ператварылася ў мангольскі пратэктарат як частка Ільганату, а Закарыды сталі васаламі манголаў. Пасьля падзеньня Ільганату ў сярэдзіне XIV стагодзьдзя князі Закарыды кіравалі Лоры, Шыракам і Арарацкай раўнінай да 1360 году, калі яны трапілі пад напады цюркскіх плямёнаў[2]. У 1400 годзе Тымур уварваўся ў Армэнію і Грузію і захапіў у палон больш за 60 тысяч мясцовых жыхароў, а шмат суседніх раёнаў і сам Шырак абязьлюдзелі[2].

У 1501 годзе большасьць усходнеармянскіх тэрыторыяў, уключаючы Гюмры, былі заваяваны новай пэрсыдзкай дынастыяй Сэфэвідаў на чале з шагам Ісмаілам I[3]. На працягу першай паловы XVIII стагодзьдзя Гюмры стаў часткай Эрыванскага ханства пад уладай дынастыі Афшарыдаў, а пазьней пад Пэрсыдзкай імпэрыяй. У чэрвені 1804 году расейскія войскі занялі Шырак на пачатку расейска-пэрсыдзкай вайны 1804—1813 гадоў. Гюмры афіцыйна ўвайшоў у склад Расейскай імпэрыі паводле Гюлістанскай дамовы, падпісанай 1 студзеня 1813 году паміж Расеяй і Пэрсіяй.

Буйная расейская крэпасьць была пабудаваная ў горадзе ў 1837 годзе, які на той час ужо меў назоў Александропаль на загад расейскага імпэратара Мікалая I. Канчаткова Александропаль быў сфармаваны як горад у 1840 годзе, каб стаць цэнтрам наваўтворанага Александропальскага павета, які зьведаў хуткі рост на працягу першага дзесяцігодзьдзя новага стагодзьдзя. У 1902 годзе быў адкрыты першы ў горадзе банк. Да саветызацыі Армэніі ў 1920 годзе ў Александропалі быў 31 вытворчы цэнтар, уключаючы прадпрыемствы па вытворчасьці піва, мыла, тэкстылю ды іншых тавараў. Пасьля Расейскай рэвалюцыі 1917 году і адыходу Расеі з Паўднёвага Каўказу асманскія войскі пачалі новы наступ, захапіўшы і Александропаль. 11 траўня 1918 году падчас Каўкаскай кампаніі ў Першай сусьветнай вайне асманы 24 сьнежня 1918 году адышлі ад гораду паводле вынікаў Мудраскага замірэньня.

Горад уваходзіў у склад нядаўна створанай рэспублікі Армэніі, абвешчанай 28 траўня 1918 году. 10 траўня 1920 году мясцовыя бальшавікі пры дапамозе мусульманскага насельніцтва паспрабавалі зьдзейсьніць дзяржаўны пераварот у горадзе супраць дашнацкага ўраду. Паўстаньне было задушанае армянскім урадам 14 траўня, а ягоныя кіраўнікі былі пакараныя сьмерцю. Аднак падчас чарговага ўварваньня турэцкія войскі атакавалі Александропаль і занялі горад 7 лістапада 1920 году, у выніку Армэнія была вымушаная падпісаць Александропальскую дамову 3 сьнежня, каб спыніць прасоўваньне асманаў да Ерэвану, аднак адначасовае савецкае ўварваньне прывяло да падзеньня армянскага ўраду 2 сьнежня. Турэцкія сілы выйшлі з Александропаля пасьля падпісаньня Карскай дамовы ў кастрычніку 1921 году.

За савецкім часам назва гораду ў 1924 годзе была замененая на Ленінакан у гонар памерлага савецкага лідэра Ўладзімера Леніна. Горад пацярпеў ад землятрусу 1926 году, калі шмат якія ягоныя выбітныя будынкі былі разбураныя, у тым ліку грэцкая царква Сьвятога Георгія. Ленінакан стаў буйным прамысловым цэнтрам Армянскай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі і другім паводле велічыні пасьля сталіцы Ерэвану. Горад зьведаў сур’ёзны ўрон падчас землятрусу ў Армэніі 1988 году, які разбурыў шмат якія будынкі ў значнай частцы краіны.

У горадзе разьмяшчаецца футбольны клюб «Шырак». Маецца гарадзкі стадыён умяшчальнасьцю 3000 чалавек, які ёсьць самым старым стадыёнам у краіне. Ураджэнец Гюмры і былы гулец «Шыраку» Артур Петрасян быў галоўным бамбардзірам нацыянальнай зборнай Армэніі, пакуль ягоны рэкорд ня быў пераўзыдзены Генрыхам Мхітаранам у 2013 годзе.

Гарады-сябры

рэдагаваць
  1. ^ «Gyumri Armenia». Encyclopædia Britannica.
  2. ^ а б «The Turco-Mongol Invasions». Rbedrosian.com.
  3. ^ Steven R. Ward (2014). «Immortal, Updated Edition: A Military History of Iran and Its Armed Forces». Georgetown University Press. — С. 43. — ISBN 1626160325.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць