Гомельхлебапрадукт
«Гомельхлебапрадукт» — дзяржаўнае зернеперапрацоўчае прадпрыемства Беларусі, заснаванае ў 1917 годзе. На 2015 г. улучаў: млынзавод з цэхам для вытворчасьці жытняй і пшанічнай мукі, манных крупаў; аўтаматызаваную вытворчасьць сутачнай магутнасьцю ў 530 тонаў рассыпных камбікармоў і 220 тонаў грануляваных камбікармоў; цэх для вытворчасьці аўсянай, грэчневай і пярловай крупы, гароха, кашаў і крупяных шматкоў хуткага прыгатаваньня.
«Гомельхлебапрадукт» | |
Тып | Адкрытае акцыянэрнае таварыства |
---|---|
Дэвіз | НоваКаша — сіла наша |
Заснаваная | 1917 |
Разьмяшчэньне | Гомель, вул. Мазурава, д. 48 |
Ключавыя фігуры | Генадзь Суздалеў |
Галіна | харчовая прамысловасьць |
Прадукцыя | бліны, вотруб’е, камбікорм, каша, крупа, мука |
Абарачэньне | 850,419 млрд руб[1] (2014; $82,885 млн)[2] |
Апэрацыйны прыбытак | 29,645 млрд руб ($2,889 млн) |
Чысты прыбытак | 20,612 млрд руб ($2,009 млн) |
Лік супрацоўнікаў | 791 (2014) |
Матчына кампанія | Выканаўчы камітэт Гомельскай вобласьці |
Даччыныя кампаніі | Навабеліцкі камбінат хлебапрадуктаў |
Мінуўшчына
рэдагавацьНа пачатку 1917 г. на месцы крупазавода працаваў купецкі млын для вытворчасьці шатраванай мукі магутнасьцю на 10 тонаў за суткі. У выніку пераабсталяваньня 1926—1927 гадоў вытворчасьць вырасла да 35 тонаў за суткі. Суседні млын пераабсталявалі на выпрацоўку аўсянай і ячнай мукі. Тамсама пазьней паставілі крупадзёрку для перапрацоўкі грэчкі ў крупы. У 1934 годзе побач пабудавалі млын 3-гатункавага памолу магутнасьцю ў 100 тонаў за суткі з элеватарам ёмістасьцю на 8 тыс. тонаў, што зрабіла крупазавод найбольшым у Беларусі. Пасьля пераабсталяваньня 1936—1937 гадоў крупазавод штодня перапрацоўваў па 105 тонаў аўса (50 т), грэчкі (40 т) і ячменю (15 т). У 1947 годзе пачалі ўзьвядзеньне жалезабэтоннага элеватара з прыбудовай у 1962—1967 гадах трох сіласных карпусоў[3]. У 1949 годзе прадпрыемства перайшло да перапрацоўкі толькі грэчкі з сутачнай магутнасьцю вытворчасьці ў 35 тонаў. У 1958 годзе, пасьля давядзеньня вытворчай магутнасьці да 180 тонаў за суткі, Гомельскі камбінат хлебапрадуктаў (КХП) упершыню ў СССР ужыў гідратэрмічную апрацоўку грэчкі, пры якой пад узьдзеяньнем цяпла і пары выраблялі хуткаразварвальныя крупы. У 1964 годзе ўвялі ў дзеяньне 2-сэкцыйны млын магутнасьцю ў 180 тонаў пшаніцы і 100 тонаў жыта за суткі. У 1996 годзе камбінат ператварылі ў Гомельскае вытворчае аб’яднаньне хлебапрадуктаў. 31 сьнежня 1999 году прадпрыемства атрымала сучасны назоў — ААТ «Гомельхлебапрадукт», якому падпарадкавалі Рагачоўскае хлебапрыёмнае прадпрыемства. У 2007 годзе далучылі Навабеліцкі КХП. Адначасна пачалі пераабсталяваньне крупянога цэху Гомельскага КХП, магутнасьць якога перавысіла 38 тыс. т за год, што зрабіла крупазавод найбольшым у Беларусі[4].
У 2009—2010 гадах на Навабеліцкім КХП збудавалі 2 сушылкі на 17 тыс. тонаў збожжа. У 2010 годзе да «Гомельхлебапрадукт» далучылі сельскагаспадарчае прадпрыемства «Андрэеўка-Агра» (Буда-Кашалёўскі раён, Гомельская вобласьць). На сьнежань 2011 году «Гомельхлебапрадукт» улучаў: млынзавод для вытворчасьці жытняй і пшанічнай мукі, манных крупаў; камбікормавую вытворчасьць магутнасьцю ў 520 тонаў за суткі рассыпных камбікармоў з аўтаматызаваным дазаваньнем і 220 тонаў за суткі грануляваных камбікармоў; цэхі для вытворчасьці аўсяных, грэцкіх і ячных крупаў; цэхі для вытворчасьці гароха, кашаў хуткага прыгатаваньня і крупяных шматкоў; жывёлагадоўча-расьлінаводчае прадпрыемства «Андрэеўка». У 2011 г. Гомельскі КХП нарыхтаваў 17,5 тыс. тонаў грэчкі. 90% грэчкі пайшло на ўнутраны рынак. Навабеліцкі КХП перапрацаваў 110 тыс. тонаў збожжа, зь якіх 70 тыс. т паступіла пасьля збору ўраджая. У 2011 г. на Навабеліцкім КХП дадаткова пабудавалі 10 сушылак, што павысіла ёмістасьць для захоўванья збожжа з 20 тыс. т да 48 тыс. тонаў[4].
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Справаздача аб дзейнасьці ААТ за 2014 год (рас.) // Міністэрства фінансаў Рэспублікі Беларусь, 29 траўня 2015 г. Праверана 28 сьнежня 2015 г.
- ^ Сярэднеўзважаны курс беларускага рубля ў адносінах да замежных валют на валютным рынку Рэспублікі Беларусь за 2014 год // Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь, 2015 г. Праверана 28 сьнежня 2015 г.
- ^ Віктар Бойка, Алена Даўжанок. Заўсёды на крок наперадзе // Зьвязда : газэта. — 14 лістапада 2013. — № 214 (27579). — С. 6. — ISSN 1990-763x.
- ^ а б Віктар Бойка, Алена Даўжанок. Прыбытак — вышэй за ўсё, але галоўнае — якасьць // Зьвязда : газэта. — 17 сьнежня 2011. — № 241 (27105). — С. 6. — ISSN 1990-763x.