Гвадаляхара (футбольны клюб)

мэксыканскі футбольны клюб

«Гвадаляха́ра» (па-гішпанску: C.D. Guadalajara) — мэксыканскі футбольны клюб з гораду Гвадаляхары. Заснаваны ў 1906 годзе. Клюб зважаецца адным з заснавальнікаў найвышэйшай лігі чэмпіянату Мэксыкі. «Гвадаляхара» ёсьць адзіным футбольным клюбам у краіны, які не запрашае замежных футбалістаў, аніяк не павязаных з Мэксыкай[1][2][3]. Каманда гістарычна абапіраецца на дамарослых гульцоў, сярод якіх такія вядомыя футбалісты, як то Хавіер Эрнандэс, Карляс Вэля і Карляс Сальсыда[4].

Гвадаляхара
Поўная назва Club Deportivo Guadalajara
Заснаваны 8 траўня 1906
Горад Гвадаляхара, Мэксыка
Стадыён Акрон
Умяшчальнасьць: 48 071
Кіраўнік Амаўры Вэргара[d]
Чэмпіянат Ліга MX
 · Кляўсура 2024 6 месца
1/2 фіналу
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы
chivasdecorazon.com.mx (гішп.)​ (анг.)

Гісторыя

рэдагаваць
 
Заснавальнік клюбу Эдгар Эвэрарт.

Клюб быў заснаваны бэльгійцам Эдгарам Эвэрартам, які прыбыў у Мэксыку ў 1906 годзе. Клюбная форма былая створана на ўзор улюбёнай каманды заснавальніка, бэльгійскага «Бруге», то бок былі запазычаныя вэртыкальныя палосы і каляровая схема. Некаторыя гісторыкі сьцьвярджаюць, што колеры паходзяць ад францускага трыкалёру, бо некаторыя зь першых гульцоў былі французамі. Агулам жа, першы склад каманды сфармавалі прадстаўнікі Мэксыкі, Бэльгіі і Францыі. Першая назва «Юніён» паходзіць ад наяўнасьці футбалістаў розных нацыянальнасьцяў, сярод якіх таксама ў некаторы час было некалькі гішпанцаў і ангельцаў[5][6]. Першым трэнэрам каманды стаў сам заснавальнік Эвэрарт.

За часам аднаго ў турнэ па Эўропе Эвэрарт заўважыў, што эўрапейскія каманды, названыя ў гонар свайго места, здавалася, прыцягваюць большую падтрымку з боку заўзятараў у сваіх грамадах. Такім чынам, у 1908 годзе з ухвалай самога Эверарта і гульцоў, клюб атрымаў назву «Гвадаляхарда», якая адпавядала назьве гораду, што мусіла выклікаць большую ляяльнасьць з боку насельніцтва. Па Мэксыканскай рэвалюцыі ў краіне пачалі стварацца і квітнець розныя аматарскія спаборніцтвы, у якіх заўжды брала ўдзел «Гвадаляхара». У час з 1906 па 1943 гады клюб здабыў 13 аматарскіх тытулаў, першы зь якіх датуецца 1908 годам[7]. У гэты ж час сфармавалася найстарэйшае суперніцтва ў мэксыканскім футболе, то бок галоўным супернікам каманды стаў сталічны клюб «Амэрыка». У 1943 годзе кіраўніцтвам клюбу было пастаноўлена, што каманда будзе фармавацца толькі гульцамі мэксыканскага паходжаньня. У гэтым жа годзе быў створаны агульнамэксыканскі чэмпіянат.

Сьпярша клюбу ня шчасьціла. Толькі ў сэзоне 1948—1949 гадоў «Гвадаляхара» заняла трэці радок. У гэты ж час за камандай замацавалася мянушка «Чывас», якая паўстала падчас матчу супраць «Атлясу»[8]. У 1956 годзе такія гульцы, як то Сальвадор Рэес, Хаймэ Гомэс, Ісыдара Дыяс і Хасэ Вільегас, склалі адну з найлепшых камандаў у гісторыі мэксыканскага футболу, вядомую як «Эль-Кампэанісыма». «Гвадалахара» здабыла свой першы тытул чэмпіёна Мэксыкі ў 1957 годзе, дзякуючы голу Сальвадора Рэеса на апошняй хвіліне апошняга матчу. У наступныя гады, каманда выйграла сем чэмпіянатаў, здабыла два кубкі, тытул Кубка чэмпіёнаў КОНКАКАФ. Гэта была адзіная каманда ў гісторыі футболу краіны, якая запар чатыры разы рабіла наймацнейшай у Мэксыцы[9]. «Эль-Кампэанісыма» атрымала міжнародную ўхвалу, а ў 1964 годзе «Гвадаляхара» згуляла некалькі матчаў у Эўропе супраць такіх клюбаў, як то «Барсэлёна», «Вэрдэр» і «Ліль»[10]. Цягам 1970-х гадоў вынікі значна пагоршылі. Паводле вынікаў сэзону 1970—1971 гадоў каманда была ля мяжы страты месца ў элітным дывізіёне. Сытуацыя пачала паступова выпраўляцца ў 1980-я гады, калі галоўным трэнэрам дружыны быў былы гулец зорнай каманды 1960-х Альбэрта Гера. У 1983 і 1984 гадах «Гвадаляхара» дасягнула фіналу плэй-оф, а ў сэзоне 1986—1987 гадоў фінішавала на першым радку рэгулярнага сэзону.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць