Гальяш Леўчык

беларускі паэт, публіцыст, перакладнік, музыка
(Перанакіравана з «Гальляш Леўчык»)

Гальяш Леўчык, сапр. Гальяш (Ільля) Ляўковіч (20 ліпеня 1880, Слонім — верасень 1944[2], Варшава) — беларусазнаўца, паэт, публіцыст, перакладнік, музыка.

Гальяш Леўчык
лац. Haljaš Leŭčyk
Гальяш (Ільля) Ляўковіч
Асабістыя зьвесткі
Імя пры нараджэньні Гальяш (Ільля) Ляўковіч
Нарадзіўся Сьцяг Расеі 20 ліпеня 1880
Памёр Сьцяг Польшчы верасень 1944
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці пісьменьнік, паэт
Гады творчасьці 1908—1944
Мова беларуская мова[1]
Значныя творы Чыжык беларускі (1912)

Нарадзіўся ў сям’і каваля. Скончыў Слонімскае павятовае вучылішча. Служыў у канцылярыях зьездаў міравых судзьдзяў, судовага сьледчага ў Слоніме. У 1904—1920 працаваў чарцёжнікам у магістраце Варшавы. Пастаянна жыў у Варшаве, але лета праводзіў звычайна ў Слоніме, дзе меў свой дом.

Друкавацца пачаў з 1908 ў «Нашай ніве». Выдаў зборнік вершаў «Чыжык беларускі» (Вільня, 1912). У 1920-я далучыўся да рэвалюцыйна-рамантычнага кірунку заходнебеларускай паэзіі. Выступаў як публіцыст, гумарыст і сатырык (друкаваўся ў гумарыстычных часопісах «Авадзень», «Маланка»). Супрацоўнічаў зь дзіцячым часопісам «Заранка».

У Варшаве ён зьбіраў сродкі на пасьмяротнае выданьне зборніка твораў Сяргея Палуяна, шукаў платную рэкляму для «Беларускага календара», выпытваў і выманьваў у зьбяднелых арыстакратаў Польшчы граматы, пячаткі, беларускія выданьні.

У Слоніме ў хаце быў сапраўдны музэй, як згадвала Зоська Верас: «Адзін даволі вялікі пакой, даўгі-даўгі, з адным акном. Пакой здаваўся вузкім таму, што адна яго сьцяна была адбудаваная даволі шырокімі паліцамі ад падлогі да столі. І на іх кніжкі, кніжкі… Сапраўды, бібліятэка вялікая, цікавая і каштоўная. Сабрана хіба ўсё, што выйшла з друку ў беларускай мове. Усе гадавікі „Нашай нівы“ ад самага яе пачатку, „Гоман“, некалькі нумароў „Мужыцкай праўды“, Францішак Багушэвіч: Дудка, Смык…, „Сялянка“ Дунін-Марцінкевіча ды іншыя яго творы… Купала, Колас… Усё, што выдала Суполка „Загляне сонца і ў наша ваконца“… І ўсе тамы „Lud Bialoruski“ М. Федароўскага, падараваныя Гальяшу Леўчыку аўтарам… Усе паліцы ўпрыгожаныя партрэтамі пісьменьнікаў, паштоўкамі, краявідамі… Шмат з таго было купленым, але шмат і падараваным аўтарамі ды знаёмымі».

Меў багатыя, найперш беларусазнаўчыя бібліятэкі ў Варшаве і Слоніме. Зьбіраў і апрацоўваў фальклёр, узоры народнай керамікі. Добра граў на гітары, акарыне, маляваў. На свае тэксты пісаў музыку (зьберагліся ноты яго песьні «Мне трэба умярці…»). Пераклаў на беларускую мову творы Ю. Славацкага, У. Сыракомлі, М. Канапніцкай, К. Тэтмаера, А. Лянге і інш. Падрыхтаваныя ім зборнікі вершаў «Беларускі жаваранак» і трыялетаў «Мудра пагаворка — соладка і горка» аўтару выдаць не ўдалося.

У 1932 дзякуючы аднаму артыкулу ў варшаўскай газэце пра дзяўчыну, якая жыве ў Слоніме і напісала кнігу, Гальяш пазнаёміўся са сваёй будучай жонкаю Зосяю. Але жыцьцё было падобна да пекла, жонка ўвесь час сварылася. Таму яны жылі паасобку — у Варшаве ці Слоніме, часам мяняючыся[3].

Пасьля далучэньня Заходняй Беларусі да БССР у 1939, у Слонім адмыслова да Гальяша заехаў Янка Купала[4].

Жонка паэт была арыштаваная паліцыяй у 1942 годзе. У яе падушцы быў знойдзены польскі сьцяг з арлом. Таму ў 1942 годзе яе расстралялі на Пятралевіцкай гары каля Слоніма[5].

Таму ў 1942 годзе Гальяш падаўся ў Варшаву, каб выратаваць сваю кватэру і архіў. Але ў Варшаве яго кватэра была занятая іншымі людзьмі. Леўчык застаўся бяз жонкі, кватэры і архіваў. У акупаванай немцамі Варшаве ён галадаў, а напачатку 1944 памёр[5].

У 1980 Янка Саламевіч сабраў і выдаў асобнаю кнігай яго выбраныя творы пад загалоўкам «Доля і хлеб».

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць