Віхраслуп

атмасфэрны віхор

Віхраслу́п — моцны віхор, які ўтвараецца пад добра разьвітым кублавата-дажджавым воблакам, і распаўсюджваецца ў выглядзе вялізнага цёмнага хмарнага слупа альбо лейкі ў кірунку паверхні зямлі альбо мора. Дыямэтар віхраслупа па-над воднай паверхняй складае каля 100 мэтраў, па-над сухазем’ем да 1000 мэтраў. Ягоная вышыня дасягае каля 1000 мэтраў.

Віхраслуп альбо тарнада ў Амэрыцы

Віхраслуп па-над сухазем’ем завецца тромбам. У Амэрыцы ён завецца тарнада. Уласьцівасьцю гэтых віхуроў зьяўляецца хуткі скруткападобны рух паветра навокал амаль простастаўнай восі. Вымераць хуткасьць гэнага руху звычайнымі прыладамі немагчыма, аднак па характару разбурэньняў, магчыма вызначыць, што хуткасьць руху паветра скадае 50—100 м/с, а ў асабліва моцных тарнада дасягае 250 м/с, пры гэтым маецца вялікі простастаўны складнік хуткасьці, які роўны 70—90 м/с. З прычыны гэтага ў сярэдзіне віхора ціск падае на некалькі дзясяткаў гектапаскаляў. Вярчэньне ветра ў тромбах і віхраслупах звычайна цыклянічнае, то бок адбываецца супраць хода гадзіньнікавай стрэлкі, але назіраецца і антыцыклянічнае вярчэньне (па ходу гадзіньнікавай стрэлкі), ў той час ціск у гэтых віхорах заўсёды паніжаны.

Падзеньне атмасфэрнага ціску пры праходжаньні тромба бывае настолькі вялікім і хуткім, што больш высокі ціск унутры будынкаў не паспявае выраўноўвацца з надворным. Па гэткай прычыне хаты, якія патрапілі ў сфэру дзеяньня тромба, ў выніку раптоўнага паніжэньня знадворнага ціску нібыта разрываюцца з сярэдзіны: зь іх зьлятаюць стрэхі, вылятаюць шыбы й вокны, разбураюцца сьцены. Тромб ламае альбо вырывае дрэвы з карэньнем, ад чаго ў лясах утвараюцца прасекі, переносіць на вялікія адлегласьці людзей і жывёлін.