Віталь Кутузаў
Віта́ль Куту́заў (нар. 20 сакавіка 1980 году) — беларускі футбаліст, нападнік. У 2002—2011 гадах гуляў за нацыянальную зборную Беларусі па футболе. Уваходзіць у Клюб беларускіх бамбардзіраў для футбалістаў, якія забілі 100 і болей галоў на найвышэйшым узроўні[3].
Віталь Кутузаў | ||
Пэрсанальная інфармацыя | ||
---|---|---|
Нарадзіўся | 20 сакавіка 1980[1][2] (44 гады) | |
Рост | 183 см | |
Вага | 83 кг | |
Пазыцыя | нападнік | |
Клюбы | ||
Гады | Клюб | Гульні (галы)¹ |
1996—1997 | РВАР[d] | 52 (29) |
1998—2001 | БАТЭ | 99 (55) |
2001—2004 | Мілян | 2 (0) |
2002—2003 | → Спортынг Лісабон | 23 (3) |
2003—2004 | → Авэліна | 42 (15) |
2004—2006 | Сампдорыя Генуя | 62 (7) |
2006—2009 | Парма | 20 (0) |
2007—2008 | → Піза[d] | 37 (10) |
2009—2012 | Бары[d] | 51 (7) |
Зборныя | ||
1998—2001 | Беларусь (да 21) | 24 (9) |
2002—2011 | Беларусь | 53 (13) |
Кар’ера
рэдагавацьКлюбная
рэдагавацьПачынаў кар’еру футбаліста ў мазырскім МПКЦ, затым — у менскім РВАРы. У 1997 годзе далучыўся да барысаўскага БАТЭ, калі прыйшоў туды на замену Мікалаю Рындзюку. У складзе барысаўскай каманды ў межах Найвышэйшай лігі Віталь згуляў 99 матчаў, у якіх адзначыўся 55 галамі. Вызначальным для нападніка стала супрацьстаяньне ў 2001 годзе БАТЭ ў кваліфікацыі Кубка УЭФА з італьянскім «Мілянам». Яшчэ да эўракубкавых матчаў каманды дамовіліся аб пераходзе Кутузава ў італьянскі клюб. Сам Кутузаў адгуляў толькі першы матч, у якім БАТЭ зьведаў паразу зь лікам 0:2. Матч у адказ глядзеў з трыбуны «Сан-Сыра» ужо ў якасьці гульца гаспадароў.
Выступаў за «Мілян» у 2001—2004 гадах. У камандзе трэнаваўся з асноўным складам, але за клюб правёў усяго 2 гульні ў чэмпіянаце, але на выязныя матчы езьдзіў з камандай практычна заўсёды. Але ў заяўку трапляў, толькі калі хтосьці атрымліваў траўмы. У сэзоне 2002—2003 гадоў быў арандаваны «Спортынгам» зь Лісабону. За асноўны склад каманды правёў 24 гульні, у якіх забіў 3 мячы. У 2003—2004 быў арэндаваны «Авэліна», клюбам італьянскай Сэрыі Б. Пад кіраўніцтвам знакамітага трэнэра Здэнэка Зэмана Віталь забіў 15 галоў у 42 матчах. Аднак, каманда вылецела ў трэці футбольны дывізіён Італіі. Дзякуючы бліскучым выступам у складзе «Авэліна», Кутузавым зацікавіліся клюбы Сэрыі А. У выніку палову правоў на беларускага футбаліста коштам 1,5 мільёна эўра набыла генуэская «Сампдорыя», за якую Кутузаў выступаў з 2004 па 2006 гады. У асноўным складзе «Сампдорыі» Віталь выходзіў ня вельмі часта, але заўзятары каманды высока цанілі футбаліста за ягоную скіраванасьць на атакуючыя дзеі, а таксама за шматпрофільнасьць, бо на полі Кутузаў мог выконваць ролі страйкера, адцягнутага форварда і нават ўінгера. У першым сэзоне ў складзе генуэскай каманды Віталь выйшаў на поле 33 разы і адначыўся 4 забітымі мячамі. У наступным сэзоне ва ўсіх турнірах Віталь зьявіўся ў складзе 34 разы і забіў 3 мячы.
У 2006 склаў працоўную дамову тэрмінам на 3 гады з «Пармай», а ў зваротным кірунку ў Геную рушыў форвард Эмільяна Банацолі. За пармэзанцаў выступаў да 2009 году. У складзе «крыжаносцаў» зьявіўся на полі ўсяго 9 разоў і не адзначыўся забітымі мячамі. У сэзоне 2007—2008 гадоў сыходзіў у арэнду ў клюб Сэрыі Б «Пізу», дзе зноў пачаў шмат забіваць, то бок улучыўшы 10 мячоў у брамы супернікаў у 37 гульнях. Аднак нядрэнныя выступы сапсавала траўма, якую Віталь атрымаў пад канец красавіка. У сувязі зь фінансавымі цяжкасьцямі «Піза» ня здолела выкупіць кантракт Кутузава, і футбаліст вярнуўся у склад «Пармы». Падчас зімняга трансфэрнага пэрыяду Кутузавым зацікавіўся клюб Сэрыі Б «Бары». Свой першы гол у чырвона-белай кашулі Кутузаў забіў 8 сакавіка 2009 году ў браму «Сасуолё». Да канца сэзону Кутузаў пацэліў яшчэ чатыры разы, і застаўся ў «Бары» яшчэ на сэзон. А сам клюб вярнуўся ў Сэрыю А. У першай сустрэчы ў эліце «Бары» сэнсацыйна згуляў унічыю зь дзейным чэмпіёнам, мілянскім «Інтэрам», на ягоным полі, а адзіны гол «б’янкаросі» забіў Кутузаў. Аднак празь некалькі дзён футбаліст атрымаў сур’ёзнае пашкоджаньне і прапусьціў амаль увесь сэзон. У наступным сэзоне Віталь зноў ня здолеў прабіцца ў стартавы склад праз шэраг траўмаў, а «Бары» пакінуў Сэрыю А. У 2012 годзе Віталь вярнуўся ў асноўны склад каманды і згуляў некалькі гульняў у Сэрыі Б, аднак па завяршэньні сэзону клюб пастанавіў не працягваць супрацоўніцтва з футбалістам, і Кутузаў стаў вольным агентам.
З 2012 годзе быў бяз клюбу. У ліпені 2013 году дыскваліфікаваны фэдэрацыяй футболу Італіі на 3,5 году за ўдзел у дагаворных гульнях[4]. У лістападзе 2013 году ФІФА пашырыла дыскваліфікацыю на ўсе гульні пад сваёй эгідай[5]. Пасьля завяршэньня футбольнай кар’еры заняўся папулярызацыяй хакею ў Італіі. У якасьці брамніка выступаў за клюб «Д’явалі Расанэры» з гораду Сэста-Сан-Джаваньні.
Міжнародная
рэдагавацьУ час з 1999 па 2001 гады выклікаўся ў моладзевую зборную Беларусі, за якую правёў 24 матчы і забіў 9 галоў. У 2002 годзе дэбютаваў у афіцыйных матчах у складзе нацыянальнай зборнай Беларусі. У форме галоўнай каманды краіны правёў 52 матчы, забіўшы 13 галоў.
Крыніцы
рэдагаваць- ^ а б в Vitali Kutuzov // Transfermarkt (мн.) — 2000.
- ^ а б в VITALY KUTUZOV // Argentine Soccer Database (гішп.)
- ^ Клуб бомбардиров. Год разбитых надежд (рас.)
- ^ Кутузов дисквалифицирован на 3,5 года за участие в договорных матчах в Италии(недаступная спасылка) (рас.)
- ^ В отношении 26 игроков, в том числе Виталия Кутузова, ФИФА расширила санкции Итальянской федерации футбола (рас.)
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Профіль на сайце БАТЭ (рас.)