Віктар Іпацьеў

беларускі лесавод-вынаходнік

Ві́ктар Алякса́ндравіч Іпа́цьеў (1942, Омск, цяпер Расея — 2009, Менск, Беларусь) — беларускі лесавод.

Віктар Іпацьеў
Дата нараджэньня 30 сакавіка 1942
Месца нараджэньня Омск, Расейская СФСР, Савецкі Саюз
Дата сьмерці 9 чэрвеня 2009
Месца сьмерці Менск, Беларусь
Месца пахаваньня
Месца вучобы Беларускі тэхналягічны інстытут (1965)
Занятак навуковец
Навуковая сфэра лесаводзтва
Месца працы Інстытут лесу НАНБ
Вядомы як распрацоўнік блякаваньня паступленьня радыёнуклідаў у лясны фітацэноз ва ўмовах радыёактыўнага забруджаньня
Навуковая ступень доктар навук (1986)

Стварыў кірунак блякаваньня паступленьня радыёнуклідаў у лясныя фітацэнозы безь зьніжэньня прадуктыўнасьці дрэваў і ўрадлівасьці глебы ва ўмовах радыёактыўнага забруджаньня земляў пасьля Чарнобыльскай катастрофы. Доктар сельскагаспадарчых навук (1986) і прафэсар (1997). Акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (НАНБ, 1996). Замежны сябра Расейскай акадэміі сельскагаспадарчых навук (1995)[2]. Кіраўнік Інстытуту лесу НАНБ (1989—2006).

Сын беларускага генэтыка Аляксандра Іпацьева — сябры-карэспандэнта Акадэміі навук Беларускай ССР.

Жыцьцяпіс

рэдагаваць

Нарадзіўся ў сям'і беларускага генэтыка Аляксандра Іпацьева. У 1965 годзе скончыў Беларускі тэхналягічны інстытут[3], куды працаўладкаваўся ў 1966 годзе інжынэрам-глебазнаўцам пасьля Савецкага войска. Пазьней працаваў тамсама асыстэнтам і дацэнтам[4]. У 1970-м скончыў асьпірантуру[3]. У 1980 годзе разам зь Іванам Блінцовым выдаў кнігу «Гідралесамэліярацыя»[4]. У 1984 годзе выдаў разам зь Іванам Блінцовым і Леанідам Смаляком манаграфію «Вядзеньне лясной гаспадаркі на асушаных землях». У 1985 годзе заняў пасаду загадніка катэдры Беларускага тэхналягічнага інстытуту. У 1986-м атрымаў навуковую ступені доктара сельскагаспадарчых навук. У 1989 годзе ўзначаліў Беларускі навукова-дасьледчы інстытут лесу ў Гомлі. У 1990-м выдаў кнігу «Водны рэжым і спажываньне элемэнтаў жыўленьня ў мэліяраваных хвойных фітацэнозах». У 1994 годзе стаў суаўтарам кнігі «Лес і Чарнобыль» і быў абраны сябрам-карэспандэнтам Акадэміі навук Беларусі. У 1995 годзе стаў незалежным экспэртам ААН па лесе ад краінаў Усходняй Эўропы і замежным сябрам Расейскай акадэміі сельскагаспадарчых навук. У 1996 годзе быў абраным акадэмікам Акадэміі навук Беларусі. У 1997-м атрымаў навуковую годнасьць прафэсара. Напісаў навуковыя працы ў галіне гідралёгіі і радыяэкалёгіі лесу, воднага рэжыму і жыўленьня лясных насаджэньняў ва ўмовах заліўняй увільготненасьці глебы, аднаўленьня лясной экасыстэмы пасьля радыёнукліднага забруджаньня. Стварыў навуковы кірунак вырошчваньня лесу з рэгуляваным назапашваньнем радыёнуклідаў у дрэвах[3].

У 1997—2001 гадох быў сябрам Прэзыдыюму Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і сябрам Савету Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі 1-га скліканьня. У 1998—2001 гадох быў дэпутатам Парлямэнцкага сходу Саюзу Беларусі і Расеі. Са сьнежня 2000 — па сакавік 2001 году выконваў абавязкі старшыні Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі[4]. У студзені 2001 году пад яго кіраўніцтвам навукоўцы зь Інстытуту лесу вылучылі ДНК дрэваў для рэгуляваньня зададзеных уласьцівасьцяў на малекулярным узроўні. Працу ажыцьцявілі за кошт гранту Ангельскага каралеўскага таварыства і пазыцы ад міжнароднага банку[5]. У 2002 годзе выдаў манаграфію «Лес і чалавек ва ўмовах глябальнага радыёактыўнага забруджаньня». У 2004-м стаў суаўтарам кнігі «Радыяэкалягічны фэномэн лясных экасыстэмаў» і 2-томніка «Гісторыя лясной справы Беларусі». У 2005 годзе выдаў у суаўтарстве кнігу «Асновы радыёэкалягічнага лесаводзтва». Да 2006 году напісаў 290 навуковых працаў, у тым ліку 51 манаграфію. Зрабіў 22 вынаходзтвы[4].