Вершаваны рытм
Вершава́ны рытм — моўны рытм, які засноўваецца на чаргаваньні пэўных рытмастваральных кампанэнтаў, галоўных і дапаможных. Адзінкай рытму верша зьяўляецца вершаваны радок, ня толькі выдзелены графічна, але і падкрэсьлены міжрадковай паўзай, рыфмай або кляўзулай.
Рытм нельга атаясамліваць, як гэта часам робяць, з мэтрам або памерам. Вершаваныя радкі аднаго мэтру (харэічнага, дактылічнага і г. д.) або аднаго памеру (чатырохстопнага ямба, трохстопнага дактыля і г. д.) дзякуючы багацьцю рытмастваральных кампанэнтаў амаль ніколі не бываюць ідэнтычнымі па рытмічнаму малюнку. Рытм у вершы выконвае шмат функцый.
Функцыі вершаванага рытму
рэдагаваць- Генэтычная — вершавы рытм дае жыцьцё вершу як цэласнай зьяве.
- Сэнсавыяўленчая — адна з самых галоўных функцый вершавага рытму. Тэарэтыкі і практыкі верша даўно заўважылі, што адны мэтры (напрыклад, харэічныя) дапамагаюць лепшаму выяўленьню радаснага, вясёлага настрою, у той час як іншыя (напрыклад, дактылічныя) — настрою роздуму, развагі, суму. Трэба падкрэсьліць, аднак, што гаворка тут ідзе не пра жорсткае правіла, а толькі пра тэндэнцыю, бо некаторыя надзвычай «ёмістыя» памеры, у прыватнасьці чатырохстопны ямб, з аднолькавым посьпехам могуць перадаваць розныя эмоцыі і думкі (прыгадаем «Евгения Онегина» А. Пушкіна, «Новую зямлю» і «Рыбакову хату» Я. Коласа, напісаныя гэтым памерам).
- Мнэманічная — дапамагае лепшаму запамінаньню вершаванага твора. На гэтай уласьцівасьці рытму заснаваныя мнэманічныя вершы.
Дзякуючы мнэманічнай моцы да нас дайшлі многія шэдэўры старажытнай літаратуры («Махабхарата», «Іліяда», «Адысэя» і інш.), беларускія ананімныя творы XVIII—ХІХ стагодзьдзяў (паэмы, вершы, гутаркі).
Літаратура
рэдагаваць- Рагойша В. П. Паэтычны слоўнік. — 3-е выд., дапрац. і дапоўн. — Менск: Беларуская навука, 2004. — 576 с. — 2000 ас. — ISBN 985-08-0598-6
- Рагойша В. П. Тэорыя літаратуры ў тэрмінах. — Менск: Беларуская энцыклапедыя, 2001. — 384 с. — 1000 ас. — ISBN 985-11-0197-4
Гэта — накід артыкула па літаратуры. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |