Ве́нскі кангрэ́с — сустрэча трох манархаў у Вене, якая адбывалася 15—26 ліпеня 1515. У сустрэчы бралі ўдзел:

«Зьезд каралёў Ягелонаў з імпэратарам Максыміліянам пад Венай», карціна Яна Матэйкі

Перадумовы

рэдагаваць
 
Дрэварыт Альбрэхта Дурэра. Зьлева направа: Максыміліян I, ягоная дачка Марыя Аўстрыйская, Людовік II, Уладыслаў II, Ганна, Жыгімонт I

Імпэратар Сьвятой Рымскай імпэрыі Максыміліян, які падтрымліваў вялікага князя маскоўскага Васіля III, намагаўся стаць пераемнікам кіраўнікоў Багеміі і Вугоршчыны. Яшчэ ў 1504 року, амаль адразу па нараджэньні ў караля Ўладыслава II дачкі Ганны імпэратар пачаў перамовы з Вугоршчынай пра шлюб з адным са сваіх унукаў — Карлам альбо Фэрдынандам. Перамовы, афіцыйна распачатыя ў сьнежні 1505 року ў Лінцы, завершыліся пагадненьнем, пацьверджаным Уладыславам у Будзе 27 сакавіка 1506. Максыміліян I, не хаваючыся, падобнымі дамовамі намагаўся пашырыць кантроль Габсбургаў над вугорскім і чэскім стальцом.

Імпульсам, які прыдаў стасункам абодвух дынастыяў новае вымярэньне, стала нараджэньне пераемніка чэскага і вугорскага стальцу: 1 ліпеня 1506 року Ўладыславава жонка Ганна нарадзіла сына Людовіка. Ужо празь няпоўныя тры тыдні (19 ліпеня) ў Вене былі абноўленыя папярэднія дамовы пра шлюб вугорскай прынцэсы і габсбурскага эрцгерцага, якія былі дапоўненыя артыкулам пра шлюб нованароджанага прынца з унучкай Максыміліяна Марыяй. У гэты ж дзень было падпісанае і мірнае пагадненьне, якое скончыла габсбурска-ягелонскае суперніцтва, а абедзьве дзяржавы абавязваліся дапамагаць адна адной у выпадку асманскай пагрозы.

З 1510 року князь маскоўскі Васіль III займаўся непасрэднай падрыхтоўкай смаленскай кампаніі. Ягоныя дыпляматы заручыліся падтрымкай Лівонскага і Тэўтонскага ордэнаў, якія намагаліся выйсьці з-пад кантролю Польшчы. Імпэратар Максыміліян недвухсэнсоўна падтрымаў тэўтонцаў у іхнім збліжэньні з Масковіяй.

У гэты час Ягелонскім дзяржавам пагражалі на ўсіх франтох: Сьвятая Рымская імпэрыя, Маскоўскае княства, Тэўтонскі ордэн і крымскія татары. У 1514 Вялікае Княства Літоўскае здала маскалям Смаленск, і Максіміліян намерваўся замацаваць свае патрабаваньні ў Цэнтральнай Эўропе. Аднак перамога ВКЛ над Масковіяй пад Воршай 8 верасьня 1514 року зьмяніла балянс сілаў на сустрэчы.

Першая сустрэча была заплянаваная на мяжы з імпэрыяй, у вугорскім месьце Пожані. 18 сакавіка 1515 з Буды прыбыў кароль Уладыслаў II зь дзецьмі. Наступнага тыдню да яго далучыўся кароль польскі і вялікі князь літоўскі Жыгімонт I. 20 траўня яны сустрэліся з прадстаўнікамі імпэратара. У адсутнасьць самога Максыміліяна было вырашана працягнуць сустрэчу 17 ліпеня 1515 у Вене.

Галоўнымі тэмамі абмеркаваньня былі:

Максыміліян урачыста пакляўся разарваць стасункі з Альбрэхтам і вялікім князем маскоўскім Васілём III, а Жыгімонт абавязваўся выканаць пэўныя спадчынныя і шлюбныя абавязкі. На сходзе было прынятае рашэньне пра падвойны шлюб: Людовіка II Ягелончыка, прынца Багеміі і Вугоршчыны, з імпэратарскай унучкай эрцгерцагіняй Марыяй, а таксама Ганны Ягелонкі, прынцэсы Багеміі і Вугоршчыны, з эрцгерцагам Фэрдынандам альбо ягоным братам Карлам V.

Гэтымі шлюбамі Габсбургі падмацавалі свае правы на стальцы Багеміі і Вугоршчыны, упершыню заяўленыя ў дамове паміж Уладзіславам II і Максыміліянам I у 1506 року[1]. Дамовы сталі паваротным пунктам у гісторыі Цэнтральнае Эўропы. Уладыслаў II памёр у 1516, а праз тры гады і Максыміліян I, аднак па сьмерці бязьдзетнага Людовіка II Ягелончыка ў 1526 у бітве пад Мохачам заходняя Вугоршчына і Багемія на наступныя 392 гады перайшлі пад уладу ўнука Максыміліяна I, Фэрдынанда. Туркі ў выніку вайны з Аўстрыяй(pl) завалодалі ў 1541 року цэнтральнай і ўсходняй часткамі (Сяміградзьдзем). Цалкам Вугоршчына перайшла пад уладу Аўстрыі паводле ўмоваў Карлавіцкай дамовы, а пасьля ў 1739.

Пацьверджаньне ранейшых шлюбных пагадненьняў стала першым у сэрыі падобных, якія ў наступных стагодзьдзях сталі звыклай дынастычнай тактыкай габсбурскай зьнешняй палітыкі ў мэтах пашырэньня ўплыву і маёмасьці роду.

  1. ^ Politics (анг.) Encyclopaedia Humana Hungarica Праверана 28 жніўня 2014 г.

Літаратура

рэдагаваць
  • K. Baczkowski. Zjazd wiedeński 1515. Geneza, przebieg i znaczenie. — Warszawa: PWN, 1975. — 264 с.
  • Oskar Halecki. Borderlands of Western Civilization: A History of East Central Europe. — 1952. — ISBN 0-9665734-8-X
  • J. Macek. Tři ženy krále Vladislava. — Praha: Mladá fronta, 1991.