Валеры Мазынскі

беларускі рэжысэр

Валеры Мазынскі (20 лютага 1947, Вялікае Стахава, Барысаўшчына) — беларускі тэатральны рэжысэр. Стваральнік менскага тэатру «Вольная сцэна». Заслужаны дзеяч мастацтваў (1984), ляўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР (1986) і прэміі Ленінскага камсамолу Беларусі (1978).

Валеры Мазынскі
Дата нараджэньня 20 лютага 1947(1947-02-20) (77 гадоў)
Месца нараджэньня
Месца вучобы
Занятак рэжысэр
Месца працы
Узнагароды

Жыццяпіс рэдагаваць

Атрымаў адукацыю будаўніка. У 1974 годзе скончыў Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут.

Галоўны рэжысэр драматычнага тэатру імя Якуба Коласа ў Віцебску (1976—1989). Адзін з ініцыятараў стварэньня дзяржаўнага тэатру «Лялька» ў Віцебску.

Многія з пастаўленых ім спэктакляў сталі зьявамі ў тэатральным жыцьці — «Званы Віцебску» (1974) і «Кастусь Каліноўскі» (1978) паводле Ул. Караткевіча, «Сымон‑музыка» (1976) паводле Я. Коласа, «Парог» (1982), «Вечар» (1983), «Радавыя» (1984) А. Дударава ды іншыя.

Ад 1991 году ў Менску. Ставіў спэктаклі ў Купалаўскім тэатры і выкладаў рэжысуру ў Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце, стварыў тэатар-лябараторыю беларускай драматургіі «Вольная сцэна», кіраўніком якой быў восем гадоў да самага яе закрыцьця ўладамі.

Пасьля звальненьня з тэатру працаваў вартаўніком, будаўніком і вахтэрам.

Ставіў зь вязьнямі аматарскі спэктакль «На дне» (паводле Максіма Горкага) у камэры турмы на Акрэсьціна, дзе адбываў 10 сутак арышту пасьля затрыманьня на падыходзе да Кастрычніцкай плошчы падчас масавых акцыяў пратэсту супраць фальшаваньня прэзыдэнцкіх выбараў 2006 году[1].

У 2008 годзе зьняў тэлефільм паводле п’есы Янкі Купалы «Тутэйшыя». У 2010 годзе зьняў дакумэнтальны фільм «Як пошуг маланкі» пра дзеяча нацыянальна-вызвольнага руху Расьціслава Лапіцкага. У 2012 годзе зьняў фільм пра адзіную жанчыну ва ўрадзе БНР «Палута Бадунова. Успомніць і... не забыць».[2]

Мае двух сыноў — Васіля ды Яўгена[3].

Грамадзкая дзейнасьць рэдагаваць

Публічна і пасьлядоўна крытыкуе цяперашнія ўлады за палітыку ў галіне культуры. У лістападзе 2021 году камісія ў вызначэньні пэнсій за асаблівыя заслугі пры Савеце Міністраў пазбавіла Мазынскага даплат. "Згодна з адпаведным рашэньнем ад 16 лістапада (пратакол №6), Валерыю Мазынскаму будзе спыненая выплата пэнсіі за асаблівыя заслугі перад Рэспублікай Беларусь, пачынаючы ад 1 сьнежня 2021 году", было напісана ў лісьце. Прычыны такога кроку не называюцца[4].

Крыніцы рэдагаваць

Літаратура рэдагаваць

  • Валерый Яўгенавіч Мазынскі // Тэатральная Беларусь : энцыклапедыя : у 2 т. / рэдкал.: Г.П. Пашкоў [і інш.]. — Мн., 2003. — Т. 2. — С. 61.
  • Белы І. Культурная прастора Барысаўшчыны // Гоман Барысаўшчыны. №9(114), 2008.

Вонкавыя спасылкі рэдагаваць