Брыгада імя Канстанціна Астроскага

летувіска-польска-ўкраінская брыгада, створаная ў Любліне 25 студзеня 2016 году

Брыга́да імя́ Канстанці́на Астро́скага[1] (укр. Бригада імені Костянтина Острозького) — летувіска-польска-ўкраінская брыгада, створаная ў Любліне (Польшча) 25 студзеня 2016 году.

Брыгада імя Канстанціна Астроскага
польск. Brygada imienia Konstantego Ostrogskiego
Гады існаваньня з 2016-га
Краіны Летува, Польшча, Украіна
Падпарадкаваньне Галоўнае камандаваньне Ўзброеных сілаў Польшчы
Тып сухапутныя войскі
Уключае ў сябе 6 батальёнаў, 4 узводы, 2 дывізіёны, 2 групы, рота, экіпаж, аддзяленьне
Функцыя Удзел у міжнародных апэрацыях, якія праводзяцца на падставе мандату Рады бясьпекі ААН
Колькасьць 4500 жаўнераў (2019 г.)
Дысьлякацыя Люблін (Польшча)
Мянушка ЛетПолУкрбрыг
Заступнік Канстанцін Астроскі
Дэвіз Аб'яднаныя дзеля міру
Дзейны камандзір Зьміцер Брацішка
Вядомыя камандзіры Зянон Брзушка (2016—2018)

На 2019 год штаб Брыгады Астроскага месьціўся ў Любліне па вуліцы Радзішэўскага, д. 4[2].

Кіраўніцтва

рэдагаваць
  • Каардынацыйная група. Улучае па 2 прадстаўнікі ад Міністэрстваў абароны Летувы, Польшчы і Ўкраіны. Склікаецца 4 разы на год. Пасаду старшыні па чарзе штогод займаюць прадстаўнікі 3-х краінаў. Ухваляе фінансавыя і навучальныя намеры, пададзеныя камандаваньнем Брыгады[3].
  • Камандаваньне. Складалася з камандзіра, намесьніка і начальніка штабу Брыгады, якія займалі пасады па 3 гады зь ліку прадстаўнікоў 3-х краінаў па чарзе[4].

На 2019 год брыгада імя Канстанціна Астроскага ўлучала 6 батальёнаў, 4 узводы, 2 артылерыйскія дывізіёны, 2 групы, роту выведкі, экіпаж бесьпілётніка, геаграфічнае аддзяленьне і падразьдзяленьні сувязі і радыёэлектроннай барацьбы:

  • батальён камандаваньня (Люблін);
  • уланскі батальён вялікай княгіні Біруты (Аліта, Летува);
  • 5-ы батальён падгальскіх стралкоў (Пшэмысьль, Падкарпацкае ваяводзтва);
  • 1-ы дэсантна-штурмавы батальён (Львоў, Украіна);
  • 14-ы дывізіён самаходнай артылерыі (Яраслаў, Падкарпацкае ваяводзтва);
  • 21-ы дывізіён проціпаветранай артылерыі (Яраслаў);
  • 16-ы батальён сапёраў (Ніска, Падкарпацкае ваяводзтва);
  • 21-ы лягістычны батальён (Жэшаў, Падкарпацкае ваяводзтва);
  • Міжнародны складнік вайсковай паліцыі (МСВП) з 3-х узводаў;
  • рота выведкі, хімічны ўзвод і наземнае падразьдзяленьне сувязі (Жэшаў) з 21-й брыгады падгальскіх стралкоў;
  • падразьдзяленьні радыёэлектроннай барацьбы і выведкі з 2-га радыёэлектроннага асяродка (Пшасныш, Мазавецкае ваяводзтва);
  • група цывільна-вайсковай супрацы з Асяродка падрыхтоўкі да замежных заданьняў (Кельцы, Сьвентакшыскае ваяводзтва);
  • група псыхалягічных дзеяньняў з Галоўнай групы псыхалягічных дзеяньняў (Быдгашч, Куяўска-Паморскае ваяводзтва);
  • экіпаж бесьпілётнага летака з 12-й базы бесьпілётных летакоў (Міраславец, Заходнепаморскае ваяводзтва);
  • геаграфічнае аддзяленьне з 19-га асобнага геаграфічнага атраду (Лешна, Велікапольскае ваяводзтва)[5].

Гісторыя

рэдагаваць
 
Нарукаўны знак жаўнера брыгады (2014 год)

19 верасьня 2014 году ў Варшаве (Польшча) міністры абароны Летувы, Польшчы і Ўкраіны Юозас Алекас, Тамаш Сямоняк і Валер Геляцей падпісалі міжурадавае Пагадненьне «Датычна стварэньня супольнай вайсковай часткі». Пры канцы Пагадненьня адзначалася: «датычна тлумачэньня палажэньняў гэтага Пагадненьня перавагу мецьме тэкст, выкладзены ангельскай мовай». Паводле 2-га артыкула Пагадненьня, «камандаваньне і падразьдзяленьні Брыгады маюць быць падрыхтаванымі да ўдзелу ў міжнародных апэрацыях, якія праводзяцца на падставе мандату Рады бясьпекі ААН». Згодна з 3-м артыкулам «Камандаваньне Брыгады разьмяшчацьмецца ў месьце Люблін, Рэспубліка Польшча. На камандаваньне Брыгады распаўсюджваецца заканадаўства Рэспублікі Польшча». Пагатоў «нацыянальныя падразьдзяленьні, вылучаныя ў склад Брыгады, разьмяшчацьмуцца на тэрыторыях сваіх дзяржаваў». У 6-м артыкуле згадвалася, што «афіцыйнай мовай Брыгады будзе ангельская». Паводле 7-га артыкула, «Адпаведны кампэтэнтны вайсковы орган Рэспублікі Польшча ажыцьцяўляцьме каардынацыю падрыхтоўкі падразьдзяленьняў Брыгады да ўдзелу ў апэрацыях». Згодна з 15-м артыкулам «гэтае Пагадненьне набывае моц праз 30 дзён з даты атрыманьня Дэпазытарыем (якім ёсьць Урад Рэспублікі Польшча) апошняга пісьмовага паведамленьня пра завяршэньне выкананьня ўсіх унутрыдзяржаўных працэдураў» і «застаецца дзейным цягам нявызначанага тэрміну»[6].

4 лютага 2015 году ўкраінскі прэзыдэнт Пятро Парашэнка падпісаў Закон «Пра ратыфікацыю Пагадненьня…»[7]. 21 ліпеня 2015 году польскі прэзыдэнт Браніслаў Камароўскі паведаміў пра ратыфікацыю Пагадненьня ўсімі трыма бакамі, пасьля чаго тое набыло моц 21 жніўня 2015 году[8].

24 ліпеня 2015 году ў Львове (Украіна) міністры абароны Летувы, Польшчы і Ўкраіны падпісалі міжведамаснае Тэхнічнае пагадненьне «Адносна дэталёвых аспэктаў функцыянаваньня супольнай вайсковай часткі і яе камандаваньня». Паводле 3-га артыкула Тэхпагадненьня, «Каардынацыйная група (КГ) ажыцьцяўляе вышэйшае кіраваньне камандаваньнем Брыгады» і «складаецца з 6 асобаў, якія прызначаюцца Выканаўчымі ведамствамі на роўнапрапарцыйнай аснове». Згодна з 3-м пунктам 3-га артыкула «КГ зацьвярджае штогадовы бюджэт камандаваньня Брыгады, а таксама арганізацыйныя, фінансавыя, навучальныя, падрыхтоўчыя, лягістычныя і ўсялякія іншыя пляны, патрэбныя для функцыянаваньня Брыгады, якія распрацоўваюцца і падаюцца камандаваньнем Брыгады на разгляд». Пагатоў «КГ зьбіраецца штоквартальна ў папярэдне ўзгодненым месцы», а «Пасада кіраўніка КГ штогод замяшчаецца на ратацыйнай аснове між Выканаўчымі ведамствамі бакоў-падпісантаў» Тэхпагадненьня. Паводле 4-га артыкула, «Прымяненьне агульных выканаўчых распараджэньняў (Брыгадзе) кантралюецца прызначанымі прадстаўнікамі адпаведных кампэтэнтных органаў Бакоў Пагадненьня (2014 году) праз трохбаковыя інспэкцыі, якія будуць праводзіцца прынамсі раз на 3 гады». Згодна з 5-м артыкулам «Камандаваньне Брыгады павінна дасягнуць пачатковай апэратыўнай здольнасьці не пазьней як праз 6 месяцаў пасьля падпісаньня Тэхпагадненьня, а поўнай апэратыўнай здольнасьці не пазьней як праз 12 месяцаў пасьля дасягненьня пачатковай». У 6-м артыкуле згадвалася, што «ратацыя пасады камандзіра Брыгады, намесьніка камандзіра Брыгады і начальніка штабу Брыгады ажыцьцяўляецца між Летувіскай Рэспублікай, Рэспублікай Польшча і Ўкраінай». Пагатоў «тэрмін знаходжаньня на ўсіх пасадах камандаваньня Брыгады складае 3 гады». Паводле 4-га пункту 6-га артыкула, «службовыя абавязкі кіроўных пасадаў камандаваньня Брыгады зацьвярджаюцца Каардынацыйнай групай», а «для ўсіх іншых пасадаў зацьвярджаюцца камандзірам Брыгады». Урэшце прадугледжвалася, што працэдура камплектаваньня пасадаў у складзе камандаваньня Брыгады распачнецца цягам 2 месяцаў пасьля падпісаньня Тэхпагадненьня. 7-м артыкулам вызначалася, што "кіраўнік КГ ажыцьцяўляе апэратыўнае камандаваньне Брыгадай праз камандзіра Брыгады, за выключэньнем пэрыяду разгортваньня для ўдзелу ў апэрацыях. Таксама ўдакладнялася, што «польскі складнік вайсковай паліцыі арганізацыйна падпарадкуецца камандзіру Брыгады, але застаецца пад агульным кіраваньнем камандаваньня польскай вайсковай паліцыі». У 8-м артыкуле акрэсьлівалася лягістычнае забесьпячэньне камандаваньня Брыгады, што мела адпавядаць «гарнізоннаму ўзроўню»: «Выканаўчае ведамства Рэспублікі Польшча надае такія віды лягістычнага забесьпячэньня, як: патрэбная для камандаваньня Брыгады пастаянная інфраструктура, улучна з месцамі для стаянкі службовых і прыватных аўтамабіляў, працоўныя месцы і патрэбнае офіснае абсталяваньне, вайсковая інфраструктура, патрэбная для падрыхтоўкі Брыгады, такія сродкі пастаўкі і паслугі, як: электраэнэргія, газ, вада, каналізацыя, доступ да вайсковых сталовых, разьмешчаных за межамі разьмяшчэньня камандаваньня Брыгады, вайсковых спартовых установаў, транспартаваньне асабістага складу камандаваньня Брыгады»[9].

Паводле 9-га артыкула Тэхпагадненьня, «міжнародны складнік вайсковый паліцыі (МСВП) ствараецца з мэтай наданьня, у выпадку патрэбы, дапамогі камандзіру Брыгады ў забесьпячэньні выкананьня і прытрымліваньня законаў, загадаў, правілаў і дысцыпліны ў Брыгадзе пад час удзелу ў апэрацыях або навучаньнях». Пагатоў «паўнамоцтвы МСВП пашыраюцца на ўвесь асабісты склад Брыгады, улучна з цывільным складнікам», а «асабістаму складу МСВП таксама надаецца доступ да ўсіх установаў і аб’ектаў інфраструктуры Брыгады». Згодна з 10-м артыкулам «Выканаўчае ведамства Рэспублікі Польшча забясьпечвае мэдычнае абслугоўваньне і каардынаваньне ў мэдычных пытаньнях для асабістага складу, накіраванага ў склад камандаваньня Брыгады і чальцоў іх сем’яў у вайсковым шпіталі № 1 у месьце Люблін». Прадугледжвалася, што «наданьне неадкладнай мэдычнай дапамогі для асабістага складу камандаваньня Брыгады і чальцоў іх сем’яў ажыцьцяўляецца бясплатна на аснове дзяржаўнай сыстэмы хуткай мэдычнай дапамогі Рэспублікі Польшча». У 11-м артыкуле згадвалася, што ўрад Польшчы меў забясьпечыць камандаваньне Брыгады ў месцы пастаяннага разьмяшчэньня і пры ўдзеле ў апэрацыях 6 відамі паслуг сувязі: 1) Сеціва (вэб і паштовая паслуга), 2) тэлефонную і факсымільную сувязь, 3) абароненую тэлефонную і факсымільную сувязь падчас падрыхтоўкі і навучаньня ў Польшчы, 4) абароненую відэанараду падчас падрыхтоўкі і навучаньня ў Польшчы, 5) адкрытую радыёсувязь на кароткіх (100—10 м) і ўльтракароткіх (10—1 м) хвалях, 6) абароненая абмежаваную лякальную сетку. Пагатоў найвышэйшым узроўнем абароненых зьвестак, якія выкарыстоўваюцца камандаваньнем Брыгады, меў быць «для службовага карыстаньня». Патрабаваньні да кібэрбясьпекі і іх выкананьне ўскладалася на Абароннае ведамства Польшчы. Паводле 12-га артыкула, «Выканаўчыя ведамствы ствараюць міжнародную групу засьведчаньня пад кіраўніцтвам Апэратыўнага камандаваньня Ўзброеных сілаў Рэспублікі Польшча, якое праводзіць засьведчаньне камандаваньня Брыгады адпаведна Стандартам апэратыўнага выкарыстаньня сілаў і сродкаў Аб’яднанага камандаваньня АПАД, разьдзел 7 — Ацэнка баявой гатоўнасьці (частка 1 — штаб) і канцэпцыі падрыхтоўкі Брыгады». Паводле 16-га артыкула, Тэхпагадненьне набыло моц з даты яго падпісаньня[9].

 
Жаўнеры брыгады на вучэньні «Анаконда-2016» (польскі палігон Новая Дэба, Падкарпацкае ваяводзтва)

Да Тэхпагадненьня 2015 году прыкладаўся Дадатак 1. Паводле 1-га артыкула Дадатку, «Бюджэтна-фінансавая група (БФГ) складаецца з 3-х прадстаўнікоў, якія маюць прызначацца Выканаўчымі ведамствамі на роўнапрапарцыйнай аснове. Старшынства ў БФГ ажыцьцяўляецца штогод на ратацыйнай аснове між Выканаўчымі ведамствамі». Пагатоў «паседжаньні БФГ праводзяцца ня менш як 2 разы на год». Згодна з 4-м артыкулам міжнародны бюджэт Брыгады прадугледжваў 4 віды выдаткаў: 1) утрыманьне пэрсаналу, 2) апэратыўнае абслугоўваньне, 3) правядзеньне вучэньняў, 4) адміністратыўныя патрэбы камандаваньня Брыгады. У 3-м артыкуле вызначалася, што «ўклад Выканаўчых ведамстваў Летувіскай Рэспублікі, Рэспублікі Польшча і Ўкраіны ў міжнародны бюджэт залежыць ад адсоткавых суадносін займаных імі пасадаў у будове каамандаваньня Брыгады». Пагатоў прадугледжвалася 5 відаў выдаткаў, што пакрываліся за кошт Абароннага ведамства Польшчы: «пастаянная інфраструктура, патрэбная для паўсядзённай дзейнасьці камандаваньня Брыгады, улучна зь месцамі для стаянкі службовага і прыватнага аўтамабільнага транспарту; доступ да вайсковых сталовых; карыстаньне вайсковымі ўстановамі адпачынку; працоўныя месцы і патрэбнае офіснае абсталяваньне (да дасягненьня пачатковай апэратыўнай здольнасьці); карыстаньне вайсковай інфраструктурай з мэтай правядзеньня падрыхтоўкі Брыгады». Паводле 4-га артыкула, «міжнародны бюджэт складаецца ў валюце Рэспублікі Польшча і ў інфармацыйных мэтах мецьме адпаведнік у эўра». У 3-м пункце 4-га артыкула ўдакладнялася: «Камандзір брыгады рыхтуе праект бюджэту Брыгады з абгрунтаванымі разьлікамі на наступны бюджэтны год. Праект бюджэту прадстаўляецца для апрацоўкі ў БФГ да 31 жніўня і да 30 верасьня падаецца на зацьвярджэньне ў Каардынацыйную групу (КГ). Да 15 кастрычніка бягучага году КГ зацьвярджае міжнародны бюджэт. З мэтай плянаваньня, таксама дадаецца сярэднетэрміновы фінансавы плян на далейшыя 3 гады», за падтрыхтоўку якога таксама адказвае камандзір Брыгады. Згодна з 5-м артыкулам Дадатку «3 разы на год камандзір Брыгады дасылае праз КГ запыт наконт долевых укладаў ад кожнага Выканаўчага ведамства ў міжнародны бюджэт». Пагатоў «запыт на ажыцьцяўленьне ўкладу падаецца і афіцыйна дасылаецца ў Выканаўчыя ведамствы прынамсі за 30 содняў да даты наступнай платы: 15 лютага, 15 траўня, 15 жніўня». Адпаведна «ўклады ажыцьцяўляюцца ў нацыянальнай валюце Рэспублікі Польшча або/і ў эўра»[9].

 
Уваход у штаб брыгады Астроскага (Люблін, 2017 год)

25 студзеня 2016 году ў Любліне міністры абароны Летувы, Польшчы і Ўкраіны Юозас Алекас, Антоні Мацярэвіч і Сьцяпан Паўтарак адчынілі штаб брыгады ў дзень дасягненьня ёю пачатковай апэратыўнай здольнасьці. 8-16 сьнежня 2016 году камандаваньне і штабы падразьдзяленьняў брыгады ўдзельнічалі ў камандна-штабным вучэньні «Агульнае выпрабаваньне-16», у ходзе якога засьведчылі поўную апэратыўную здольнасьць[10]. 5 кастрычніка 2017 году ў Любліне міністры абароны Летувы, Польшчы і Ўкраіны Раймундас Каробліс, Антоні Мацярэвіч і Сьцяпан Паўтарак падпісалі Пагадненьне «Пра ўнясеньне зьмяненьняў у Пагадненьне (2014 году)… датычна стварэньня супольнай вайсковай часткі». У 1-м пункце 2-га артыкула брыгадзе надалі «імя вялікага гетмана Канстанціна Астроскага»[11]. 6 сьнежня 2018 году ўкраінскі прэзыдэнт Парашэнка падпісаў Закон «Пра ратыфікацыю Пагадненьня…»[12].

Цягам 2018 году Брыгада імя Канстанціна Астроскага ўдзельнічала ў міжнародных вучэньнях «Шпаркі трызубец» (верасень, Явараў у Львоўскай вобласьці Ўкраіны) і «Кляновая арка» (кастрычнік, Немянчын у Віленскім павеце Летувы)[13].

Кіраўнікі Каардынацыйнай групы

рэдагаваць
  • Крыштап Камароўскі (Польшча, студзень—сьнежань 2016)
  • Далюс Палякаўскіс (Летува, студзень—верасень 2017)
  • Юры Содаль (Украіна, верасень 2017 — сьнежань 2018)
  • Рыгор Галупка (Польшча, са сьнежня 2018-га)[3]

Камандзіры

рэдагаваць
  1. ^ Алена Літвінава. У вайсковым парадзе да Дня незалежнасьці Ўкраіны возьмуць удзел і беларусы-добраахвотнікі // Беларуская служба Радыё «Свабода», 22 жніўня 2016 г. Праверана 27 лістапада 2024 г.
  2. ^ Кантакт (пол.) // Камандаваньне Брыгады імя Канстанціна Астроскага, 2019 г. Праверана 2 верасьня 2019 г.
  3. ^ а б Каардынацыйная група (пол.) // Камандаваньне Брыгады імя Канстанціна Астроскага, 2019 г. Праверана 2 верасьня 2019 г.
  4. ^ Камандзір (пол.) // Камандаваньне Брыгады імя Канстанціна Астроскага, 2019 г. Праверана 2 верасьня 2019 г.
  5. ^ Будова (анг.) // Камандаваньне Брыгады імя Канстанціна Астроскага, 2019 г. Праверана 2 верасьня 2019 г.
  6. ^ Пагадненьне між Урадам Летувіскай Рэспублікі, Урадам Рэспублікі Польшча і Кабінэтам міністраў Украіны датычна стварэньня супольнай вайсковай часткі (укр.) // Вярхоўная Рада Ўкраіны, 5 кастрычніка 2017 г. Праверана 2 верасьня 2019 г.
  7. ^ Пятро Парашэнка. Закон Украіны «Пра ратыфікацыю Пагадненьня між Урадам Летувіскай Рэспублікі, Урадам Рэспублікі Польшча і Кабінэтам міністраў Украіны датычна стварэньня супольнай вайсковай часткі» (укр.) // Вярхоўная Рада Ўкраіны, 4 лютага 2015 г. Праверана 2 верасьня 2019 г.
  8. ^ Пагадненьне між Урадам Летувіскай Рэспублікі, Урадам Рэспублікі Польшча і Кабінэтам міністраў Украіны датычна стварэньня супольнай вайсковай часткі (пол.) // АТ «Інфор Пл», 1 верасьня 2015 г. Праверана 2 верасьня 2019 г.
  9. ^ а б в Пагадненьне між Міністэрствам аховы краю Летувіскай Рэспублікі, Міністэрствам народнай абароны Рэспублікі Польшча і Міністэрствам абароны Ўкраіны адносна дэталёвых аспэктаў функцыянаваньня супольнай вайсковай часткі і яе камандаваньня (укр.) // Вярхоўная Рада Ўкраіны, 24 ліпеня 2017 г. Праверана 2 верасьня 2019 г.
  10. ^ Гісторыя (пол.) // Камандаваньне Брыгады імя Канстанціна Астроскага, 2019 г. Праверана 2 верасьня 2019 г.
  11. ^ Пагадненьне між Урадам Летувіскай Рэспублікі, Урадам Рэспублікі Польшча і Кабінэтам міністраў Украіны пра ўнясеньне зьмяненьняў у Пагадненьне ... датычна стварэньня супольнай вайсковай часткі (укр.) // Вярхоўная Рада Ўкраіны, 6 сьнежня 2018 г. Праверана 2 верасьня 2019 г.
  12. ^ Пятро Парашэнка. Закон Украіны «Пра ратыфікацыю Пагадненьня між Урадам Летувіскай Рэспублікі, Урадам Рэспублікі Польшча і Кабінэтам міністраў Украіны пра ўнясеньне зьмяненьняў у Пагадненьне ... датычна стварэньня супольнай вайсковай часткі» (укр.) // Вярхоўная Рада Ўкраіны, 6 сьнежня 2018 г. Праверана 2 верасьня 2019 г.
  13. ^ Падрыхтоўка (пол.) // Камандаваньне Брыгады імя Канстанціна Астроскага, 2019 г. Праверана 2 верасьня 2019 г.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць
  • Улучаныя падразьдзяленьні (пол.) // Камандаваньне Брыгады імя Канстанціна Астроскага, 2019 г. Праверана 2 верасьня 2019 г.
  • Кантакты (пол.) // Батальён камандаваньня Брыгады імя Канстанціна Астроскага, 2019 г. Праверана 2 верасьня 2019 г.