Божы гром

француская кінадрама 1965 году пра ўласьніка замка, які пасяліў у сябе шлюху

«Божы гром» (інш. пераклады: італ. Вясельле па-француску, ням. Гаспадар замка Брасак, рас. Гром нябесны) — француская кінадрама 1965 году пра ўласьніка замка, які пасяліў у сябе шлюху.

«Божы гром»
франц. Le Tonnerre de Dieu
Жанр драма
Рэжысэр Дэні дэ Ля Патэльер(fr)
Сцэнарыст Паскаль Жардэн
Прадусар Марыс Жакэн(fr)
У ролях Жан Габэн, Мішэль Мэрсье
Кампазытар Жорж Гарварэнц(fr)
Апэратар Вальтэр Воціц(fr)
Мантаж Клёд Дзюран
Вытворчасьць «Фільмы Капэрнік» (Парыж)
Дата выхаду 8 верасьня 1965 (59 гадоў таму)
Працягласьць 91 хвіліна
Краіна Францыя
Мова француская
Папярэдні «Неверагодная прыгода Марка Полё» (1964)
Наступны «Пра разборку ў Панаме» (1966)
Старонка на IMDb

Фільм зьнялі паводле раману Бэрнара Клявэля «Хто мяне зьвязе»(fr), выдадзенага ў 1958 годзе. Здымкі праводзілі ў Нанце і замку Буа-Шэвалье(fr) на поўдні дэпартамэнту Атлянтычная Люара. Кінатэатры Францыі прадалі 3 593 724 квіткі на прагляд фільма, што склала 7,3 % ад насельніцтва краіны. У выніку «Божы гром» стаў у Францыі 7-м найбольш прагляданым фільмам 1965 году.

У шынку Нанта п’яны вэтэрынар Леандр Брасак плоціць за новую шлюху Сымону Лебушэ, у якой заўважае сабаку Шэйлу. Пры разьвітаньні са зводнікам Марсэлем Леандр кажа, што запрасіў Сымону ня ў ложак, а ў вёску на сонца да вясновых кветак. Калі Леандр сыходзіць з Сымонай, шынкар распавядае, што той атрымаў замак у спадчыну ад бацькі, які скупіў вінаграднікі падчас паражэньня філяксэрай і перапрадаў іх, калі засадзіў амэрыканскай лазой. У аўтобусе Леандр кажа, што вязе Сымону да сябе ў край Сіняй Барады — Жыля Рэцкага, які быў сябрам Жанны д’Арк. На прыпынку Леандр выпівае са сьвятаром, якому кажа, што, каб верыць у Бога, варта верыць у людзей. Пасьля аўтобуса Леандр вязе Сымону на аўтамабілі «Гіспана-Сюіза» 1930 году, які дастаўся яму ад бацькі. Па прыезьдзе ў сядзібу Леандр пераймяноўвае сабаку Шэйлу ў Соф’ю і адпускае гуляць са сваімі сабакамі. У замку Сымона сустракае жонку Марыю Брысак з цыгарэтай у вуснах, якая запрашае ў госьці.

Ранкам Сымона прачынаецца адна і пакідае атрыманыя грошы ў спальні на століку. Леандр б’е кіем 2 стрыечных братоў суседзкага земляроба Рожэра за забой трусіхі, якая толькі нарадзіла патомства. У замак прыяжджае парыжанка з таксай, хворай на грыбок. Леандр мажа таксу швайцарскай мазьзю і кажа парыжанцы, што сабака пакутуе ад яе блуднага жыцьця. Вэтэрынар даводзіць, што, паколькі ў таксы няма самца, то яе раздражняе частая зьмена каханкаў. Сымона чуе размову і вяртаецца ў замак, які зьбіралася пакінуць. Яна здымае парык, накладныя вейкі і завушніцы. Парыжанка плоціць Леандру 1000 франкаў на ікру для сабакаў, хоць той запытваў толькі 200 на мяса. Дома Сымона дапамагае Марыі чысьціць гарох на сьняданак. Сусед Рожэр прыяжджае да Леандра, каб паўшчуваць за зьбіцьцё стрыечных братоў. Леандр вінаваціць тых у браканьерстве, за якое ў Сярэднявеччы каралі сьмерцю. Зводнік Марсэль прыяжджае ў замак за Сымонай. Тая адмаўляецца вяртацца ў Нант. Марсэль сыходзіць з пагрозай прыцягнуць прыяцеляў. У залю ўваходзіць Марыя з дубальтоўкай, зараджанай дробам. Уначы Марсэль вяртаецца з двума супольнікамі і пагражае падпалам гумна за адмову выдаць Сымону. Леандр выходзіць да злодзеяў, адзін зь якіх дастае зброю. Тады Марыя спускае на іх сабакаў і страляе ў паветра.

На наступны дзень Леандр і Сымона завітваюць у шынок Нанта, дзе Сымона забірае рэчы ў сваім нумары. Марсэль пагражае ім, за што Леандр дае яму аплявуху і разьбівае пляшку аб яго галаву. Шынкар замыкае ўваходныя дзьверы. Леандр апрацоўвае галаву Марсэля ёдам і робіць яму ўкол. Сымона вяртаецца ў замак, дзе Марыя распавядае, што пазнаёмілася зь Леандрам, калі пераехала зь Нямеччыны настаўнічаць у манастыр Нанта. Манахіні выправілі Марыю цягніком дамоў, бо Леандр цалаваў яе на людзях. Тады Леандр прыехаў на Райн да яе бацькі, у якога прасіў рукі Марыі. Увечары п’яны Леандр разьбівае вакно зэдлікам, на які натыкаецца пры ўваходзе ў дом. Марыя замыкае спальню. Леандр патрабуе адчыніць дзьверы Сымону, бо заплаціў ёй 20 000 франкаў. Ён дакарае жонку адсутнасьцю патомства за 25 гадоў сужонства. Сымона абзывае Леандра мярзотнікам і суцяшае Марыю. Наступным ранкам Леандр прымае роды ў кабылы. Удзень да яго завітваюць 2 паліцыянты, якія папярэджваюць пра суседзкі данос наконт пасяленьня шлюхі з Нанта. Тады Леандр едзе ў Парыж да міністра Брыкара, які сьпісваў у яго латынь падчас супольнага навучаньня. Міністар абяцае патэлефанаваць у паліцэйскую прэфэктуру наконт Сымоны, каб Леандр мог працягваць настаўляць яе на шлях ісьціны.

Празь дзень Леандр запрашае Марыю павячэраць у страўню Нанта. Уначы на сядзібу абрушыўся гром зь ліўнем. Сымона просіць дапамогі ў суседа Рожэра, бо коні паводзяць сябе буйна падчас навальніцы. Рожэр выводзіць коней са стайні, якіх ранкам заводзіць назад. Тамсама ён цалуе Сымону. Назаўтра Леандр дзякуе Рожэру за дапамогу з коньмі. Сымона і Рожэр сустракаюцца ўпотай, і Сымона прызнаецца, што раней была шлюхай на набярэжнай Нанта. Але Рожэр кажа, што ён шчасьлівы зь ёй. Ён прызнаецца, што 7 гадоў ваяваў у Індакітаі. Там Рожэр трапіў у палон да віетнамскіх паўстанцаў, ад якіх пазьней уцёк. Леандр турбуецца, ці мае Рожэр сур’ёзны намер да Сымоны. Уначы Сымона вяртаецца ад Рожэра і натыкаецца на яго сястру Франсуазу. Яна вінаваціць Сымону ў спакушэньні яе брата, бо той заможны. Рожэр паведамляе Франсуазе, што вырашыў ажаніцца. Яго сястра пагражае сысьці, калі той ажэніцца. Наступным ранкам Рожэр прапануе Сымоне выйсьці замуж. Яна прымае прапанову і прызнаецца, што зацяжарыла. Франсуаза выказвае Марыі сумнеў у прыстойнасьці Сымоны. Тады Леандр кажа, што ў якасьці пасагу дасьць 100 гектараў вінаграднікаў і палац часоў Людовіка ХІІІ.

Зводнік Марсэль абураецца, што дзяўчына, якую ён за паўгады зрабіў шлюхай, становіцца сумленнай жанчынай. Тады былая каханка трох міністраў заўважае, што яму варта стаць пэдзікам. Леандр напіваецца, бо лічыць, што Сымона яго падманула. Марыя вінаваціць яго ў 10 гадах п'янства. Назаўтра Рожэр просіць рукі Сымоны ў Леандра і згадвае цяжарнасьць Сымоны. Тады Леандр выпраўляецца ў Нант, адкуль прывозіць дзіцячы вазок і іншыя прыналежнасьці для будучага немаўляці.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць