Берасьцяныя граматы
Берасьцяныя граматы — пісьмы, запіскі і дакумэнты на бяросьце, помнікі пісьмовасьці XI—XV ст., якія выяўлены пры археалягічных раскопках сярэдневяковых гарадоў. Маюць вялікае значэньне як гістарычныя крыніцы аб паўсядзённым жыцьці людзей, а таксама для вывучэньня гісторыі разьвіцьця ўсходнеславянскіх моў. Зьяўляюцца адным з важных сьведчаньняў таго, што на Русі і ў ВКЛ пісьмовасьць была пашырана ня толькі сярод фэадалаў і духавенства, але і ў простых гарадзкіх жыхароў.
На тым баку бяросты, што прылягаў да дрэва, літары надрапвалі вострай касьцяной або жалезнай палачкай — пісалам. Верагодна, берасьцяная пісьменнасьць была распаўсюджана ва многіх месцах, аднак не паўсюль мясцовы грунт спрыяе захаваньню бяросты пасьля трапленьня ў зямлю. Першая берасьцяная грамата была выяўлена ў 1951 годзе ў г. Ноўгарадзе. Яе знайшла жыхарка гораду Ніна Акулава, якая прыйшла на раскопкі падпрацаваць падчас водпуску па цяжарнасьці (на яе магіле цяпер усталяваны помнік у гонар гэтай знаходкі, а на месцы раскопу — памятны знак). Берасьцяным граматам прысвойваюцца нумары па парадку іх выяўленьня.
У Беларусі выяўлены 3 берасьцяныя граматы: у Віцебску (кан. XIII ст., знайшоў у 1959 г. пры будаўнічых працах экскаватаршчык Я. Фралоў), і 2 на Замкавай гары ў г. Мсьціславе, Магілёўская вобласьць — пачатку XIII ст. (знойдзена ў 1980 г., археоляг Л. В. Аляксееў) і першай паловы XII ст. (знойдзена ў 2014 г., археоляг І. А. Марзалюк). Акрамя таго, у 2014 г. у Мсьціславе знойдзены фрагмэнт берасьцяной граматы, на якім 2 літары і княжацкі знак у форме трызубу[1]. .
У Расеі берасьцяныя граматы выяўлены ў наступных месцах: Ноўгарад — 1067 грамат і 1 берасьцяная абразок; Старая Руса (Наўгародзкая вобласьць) — 45 грамат; Таржок (Цьвярская вобласьць) — 19; Смаленск — 16; Пскоў — 8; Цьвер — 5; Масква — 4; в. Старая Разань (на гарадзішчы сярэдневяковага г. Разань, Кутукоўскае сельскае пасяленьне (Спаскі раён) Разанская вобласць) — 1, Волагда — 1 (зьвесткі на 2015 г).
Ва Ўкраіне берасьцяная грамата знойдзена ў в. Зьвенігарад (сярэдневяковы горад Зьвенігарад) — Пустамыціўскі раён, Львоўская вобласьць.
Найбольш раньняя зь іх (XI ст.) выяўлена ў Ноўгарадзе, яе напісаў Жыравіт, жыхар Полацка або Віцебска. Асноўная тэма грамат XI—XII стагодзьдзяў — крэдыторства, пазыка грошай у доўг; у XIII—XV стагодзьдзях — валоданьне зямлёй, клопаты пра сяўбу і ўборку збожжавых, пра даходы з гаспадарчых угодзьдзяў, абавязацельствы, тастамэнце.
Зьвесткі, якія даюць берасьцяныя граматы ў галіне фанэтыкі, марфалёгіі і сынтаксісу, каштоўныя для вывучэньня гісторыі беларускай мовы. Для іх характэрна адсутнасьць царкоўнаславянскай кніжнай лексыкі.
Глядзіце таксама
рэдагавацьКрыніцы
рэдагаваць- ^ У Мсьціславе знайшлі берасьцяную грамату XII ст. і фрагмэнт з трызубам // euroradio.fm [Электронны рэсурс] — 2014. 16 ліпеня. — Дата доступу: 18.11.2015
Літаратура
рэдагаваць- Арциховский А. В., Борковский В. И. Новгородские грамоты на бересте: (Из раскопок 1956—1957 гг.). — М., 1963.
- Арциховский А. В. Новгородские грамоты на бересте: (Из раскопок 1958—1961 гг.). — М., 1963.
- Дроченина Н. Н., Рыбаков Б. А. Берестяная грамота из Витебска // Сов. археология. 1960. № 1.
- Аляксееў Л. В. Берасцяная грамата // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1982. № 2.
- Тарасаў С. В. З гісторыі полацкай эпіграфікі X—XV ст. // Кніжная культура Беларусі. — Мн. 1991.