Беларуска-малдоўскія дачыненьні

двухбаковыя міжнародныя дачыненьні між Беларусьсю і Малдовай

Белару́ска-малдо́ўскія дачыне́ньні — двухбаковыя міжнародныя дачыненьні між Беларусьсю і Малдовай.

Беларуска-малдоўскія дачыненьні
Беларусь і Малдова

Беларусь

Малдова
Дыпляматычныя місіі
Амбасада Беларусі
ў Малдове
Амбасада Малдовы
ў Беларусі
Амбасадары
Анатоль Калінін

На 2021 год Амбасада Беларусі ў Малдове месьцілася ў Кішынёве на вуліцы Мацяевіч, д. 83, корп. 1 (раён Буюкань)[1]. Амбасада Малдовы ў Беларусі знаходзілася ў Ленінскім раёне Менску па Беларускай вуліцы, д. 2[2].

29 кастрычніка 1991 году ў Менску падпісалі міжурадавае Пагадненьне аб прынцыпах гандлёва-эканамічнай супрацы, якое набыло моц 1 студзеня 1992 году. 16 чэрвеня 1993 году ўрады Беларусі і Малдовы заключылі Пагадненьне аб вольным гандлі, што набыло моц 7 сьнежня 1994 году. 10 верасьня 1998 году заключылі новае Пагадненьне аб гандлёва-эканамічнай супрацы, якое набыло моц 29 студзеня 1999 году. 28 траўня 1999 году падпісалі міжурадавае Пагадненьне аб садзеяньні ажыцьцяўленьню і ўзаменай аховы ўкладаньняў[3].

Зь 2009 году «Менскі трактарны завод» сумесна з малдоўскім прадпрыемствам «Аграфэрматэх» вёў у Малдове зборку вінаградарскіх трактароў «Беларус-921». У 2012 годзе «Белкамунмаш» пачаў у Кішынёве зборку тралейбусаў, у тым ліку на аўтаномным ходзе зь 2016 году. Са сьнежня 2015 году малдоўскі «Батстрактар» пачаў у Гагавузіі зборку малагабарытных трактароў «Бабруйскага заводу трактарных дэталяў і агрэгатаў» (Магілёўская вобласьць). У чэрвені 2018 году ў Кішынёве адбылося 19-е паседжаньне Беларуска-малдоўскай міжурадавай камісіі гандлёва-эканамічнай супрацы. У 2020 годзе таваразварот між Беларусьсю і Малдовай склаў 204 млн даляраў ЗША, зь якіх 133 млн $ прыпала на вываз беларускіх тавараў. Зь Беларусі пераважна пастаўлялі: нафтавы бітум і кокс, расьпілаваныя лесаматэрыялы і адмысловыя вырабы, трактары і цягачы, нафтапрадукты і шкловалакно, драўнянавалакністыя пліты і аўтобусы, лекі і шыны. З Малдовы ў асноўным завозілі: вінаграднае віно і моцныя сьпіртовыя напоі, кукурузу і сьвежую садавіну, кансэрваваную агародніну і дываны, сьвежы вінаград і разынкі, гіпс, прылады аўтаматычнага кіраваньня і лекі[4]. 17 ліпеня 2020 году Міністэрства фінансаў Беларусі і «Фінкамбанк» заключылі Дамову аб умовах выдачы крэдытаў для набыцьця ў Малдове вырабленых у Беларусі тавараў[5]. Між Беларусьсю і Малдовай дзейнічала Пецярбурская дамова аб зоне вольнага гандлю 2011 году. На 2021 год у Малдове працавала звыш 60 даччыных прадпрыемстваў транснацыянальных карпарацыяў Беларусі й іхніх дылераў. У Беларусі налічвалася 23 прадпрыемствы з малдоўскім капіталам, зь іх 16 замежных і 7 сумесных[6].

Культура

рэдагаваць

Міністэрства культуры Беларусі і Міністэрства культуру і турызму Малдовы ўзаемадзейнічаюць у рамках Пагадненьня аб супрацы 2001 году, якое замяніла Пагадненьне 1995 году[7]. У лютым 2003 году Нацыянальная акадэмія навук Беларусі (НАНБ) і Акадэмія навук Малдовы (АНМ) заключылі Дамову аб супрацы. У сваю чаргу ўрады Беларусі і Малдовы зацьвердзілі Пагадненьне аб навукова-тэхнічнай супрацы. Зь 2006 году да сумесных дасьледаваньняў прыступілі Інстытут экспэрымэнтальнай батанікі НАНБ зь Інстытутам фізыялёгіі расьлінаў і Інстытутам генэтыкі АНМ. 19—20 сьнежня 2006 году прайшло 1-е паседжаньне Беларуска-малдоўскай камісіі навукова-тэхнічнай супрацы[8]. У 2006 годзе ансамбль народнага танцу «Пярэзвы» з Бабруйску ўзяў удзел у 43-м Міжнародным музычным фэстывалі «Мэрцішор» у Малдове, пасьля чаго беларускі ўдзел у ім стаў штогадовым. 30 чэрвеня 2006 году ў Кішынёве адкрылі Дні беларускага кіно з удзелам «Беларусьфільму», што стала штогадовай падзеяй. 22—25 верасня 2006 году адбыўся першы фэст беларусаў Малдовы «Беларусь — мая Радзіма», прысьвечаны Дню беларускага пісьменства. Беларускі ўдзел у гэтым фэсьце таксама стаў штогадовым. У красавіку 2007 году ў 11-м Міжнародным салёне дзіцячай кнігі ў Кішынёве ўзялі ўдзел 11 выдавецтваў Беларусі, у тым ліку «Вышэйшая школа», «Народная асьвета» і «Мастацкая літаратура». У наступныя гады беларускія выдавецтвы штогод удзельнічалі ў гэтым салёне дзіцячай кнігі, дзе прадстаўлялі звыш 100 кніг. У траўні 2007 году юнацкі калектыў «Залаціначка» (Гагавузія) заняў другое месца на Міжнародным фэстывалі дзіцячай народнай творчасьці «Залатая пчолка» ў Клімавічах (Магілёўская вобласьць)[9].

На 2011 год установы акадэміяў навук Беларусі і Малдовы ладзілі 35 дасьледчых праектаў у галіне біялёгіі і біятэхналёгіяў, генэтыкі і мэдыцыны, нанатэхналёгіяў і оптыкі, фізыкі і экалёгіі. У 2012 году Беларускі дзяржаўны мэдычны ўнівэрсытэт і Кішынёўскі ўнівэрсытэт мэдыцыны і фармацыі заключылі Пагадненьне аб акадэмічнай і навуковай супрацы[8]. Сьпевакі Малдовы былі штогадовымі ўдзельнікамі фэстывалю «Славянскі базар у Віцебску», дзе народны артыст Малдовы Канстанцін Масковіч быў старшынём журы дзіцячага конкурсу ў 2018 годзе. У жніўні 2019 году Беларускі культурны цэнтар у Малдове наладзіў штотыднёвае выкладаньне беларускай мовы для дзяцей, а зь лютага 2020 году пачаў выкладаньне гісторыі Беларусі для беларускай дыяспары Малдовы. У 2019 годзе малдоўская сьпявачка Анастасія Барбэ заняла другое месца на дзіцячым конкурсе «Славянскага базару». 12 лістапада 2020 году беларускі амбасадар Анатоль Калінін падарыў Нацыянальнай бібліятэцы Малдовы 127 беларускіх кніг[9]. 9 ліпеня 2019 году набыло моц беларуска-малдоўскае міжурадавае Пагадненьне аб супрацы ў галіне адукацыі, якое падпісалі ў Менску 30 кастрычніка 2018 году[8]. На 2021 год пабрацімскія сувязі мелі: Менск з Кішынёвам і Тыраспалем; Віцебск, Ворша, Полацак і Рэчыца зь Бельцамі; Гомельская, Магілёўская і Менская вобласьці з Гагавузіяй; Жодзін з Хынчэштам[10].

Дыяспары

рэдагаваць

Паводле перапісу 2004 году 5000 беларусаў складалі 0,15% насельніцтва Малдовы. У 2000 годзе заснавалі Каардынацыйную раду кіраўнікоў беларускіх суполак Малдовы. На 2021 год такія суполкі ахоплівалі каля 1500 беларусак і беларусаў, што складала 30% беларускай дыяспары ў Малдове. Беларускія суполкі дзейнічалі ў 6 гарадах краіны: Бельцах (60 чалавек) і Бяндэрах (300 чал.), Грыгарыёпалі (60) і Кішынёве, Рыбніцы (130) і Тыраспалі (500). Агульнакраёвую дзейнасьць вялі «Беларуская суполка ў Рэспубліцы Малдова» (звыш 300 чалавек) і «Беларускі культурны рух Малдовы» (каля 80 чал.). Таксама дзейнічала «Беларуская суполка Гагавузіі» ў Камраце (40 чал.)[11].

У траўні 1992 году 17 сябраў заснавалі «Грамаду малдаванаў», якую Міністэрства юстыцыі Беларусі паставіла на ўлік 13 ліпеня 1992 году. Малдоўская дыяспара штогод удзельнічае ў штогадовым «Малдоўскім фэстывалі віна» ў рамках Дзён культуры Малдовы ў Беларусі. На 2021 году ў Беларусі пражывала 5000 ураджэнцаў Малдовы, зь якіх 2100 чалавек былі грамадзянамі Малдовы. Сябрамі «Грамады малдаванаў», якую ўзначальвала Антаніна Валько, былі звыш 350 чалавек (7%)[12].

Мінуўшчына

рэдагаваць

У мінулым прадстаўнікі беларускай дыяспары зрабілі істотны ўнёсак у разьвіцьцё Малдовы. Заснавальнікам малдоўскай мастацкай школы стаў Уладзімер Акушка з Ашмянаў. У 1953—1970 гадох у Кішынёве працаваў народны мастак Беларусі Гаўрыла Вашчанка. У 1945—1967 гадох катэдру фізыялёгіі Кішынёўскага мэдычнага інстытуту ўзначальваў прафэсар А. П. Кучынскі. У 1945—1954 гадох тамсама працаваў заслужаны дзяяч навукі Малдовы Ф. Е. Агейчанка. Адным зь першых пасьляваенных кіраўнікоў Кішынёўскага сельскагаспадарчага інстытуту быў прафэсар П. П. Герасімовіч. Ляўрэат Дзяржаўнай прэміі Малдовы ў галіне навукі і тэхнікі Э. А. Сенакосаў заснаваў катэдру цьвёрдацельнай электронікі і мікраэлектронікі, стварыў 20 патэнтаў і падрыхтаваў 8 кандыдатаў фізыка-матэматычных навук[11].

19 лістапада 1992 году ўрады Беларусі і Малдовы зацьвердзілі Пратакол аб усталяваньні дыпляматычных адносін. 21 сьнежня 1992 году ўрады Беларусі і Малдовы заключылі Дамову аб адносінах сяброўства і супрацы, якая набыла моц 10 жніўня 1994 году. 21 красавіка 1993 году Пагадненьне аб супрацы зацьвердзілі Міністэрствы ўнутраных справаў, а 10 чэрвеня — Міністэрствы абароны[3]. 15 верасьня 1993 году ў Менску адкрылі Амбасаду Малдовы ў Беларусі[13]. 29 лістапада 1993 году заключылі міжурадавае Пагадненьне аб супрацы ў галіне чыгуначнага транспарту, якое набыло моц 1 траўня 1995 году. 9 красавіка 1994 году падпісалі Пагадненьне аб міжнародных аўтамабільных зносінах, што набыло моц 19 сьнежня 1996 году. 23 сьнежня 1994 году ўрады і нацыянальныя банкі краінаў ухвалілі Пагадненьне аб упарадкаваньні разьлікаў між гаспадарчымі агентамі. У той самы дзень заключылі міжурадавае Пагадненьне аб пазьбяганьні падвойнага падаткаабкладаньня і прадухіленьні ўхіленьня ад сплаты падаткаў[3]. 3 траўня 1995 году адкрылі Амбасаду Беларусі ў Малдове. 15 траўня 1995 году першы амбасадар Беларусі ў Малдове Мікалай Грынёў уручыў даверчыя граматы малдоўскаму прэзыдэнту Мірчу Снэгуру[14].

11—12 жніўня 1995 году беларускі прэзыдэнт Аляксандар Лукашэнка ажыцьцявіў першы афіцыйны візыт у Кішынёў[15]. 12 сьнежня 1995 году падпісалі міжурадавае Пагадненьне аб гарантыях правоў грамадзянаў у галіне пэнсійнага забесьпячэньня (набыло моц 15 лістапада 1996 году), а таксама Пагадненьне аб паветраных зносінах, якое набыло моц 5 сакавіка 1997 году. Таксама заключылі Пагадненьне аб супрацы ў галіне моладзевай палітыкі. 9 верасьня 1997 году падпісалі міжурадавае Пагадненьне аб супрацы ў забесьпячэньні правоў асобаў, якія належаць да нацыянальных меншасьцяў (набыло моц 12 лютага 1998 году)[3]. 29—30 ліпеня 2000 году малдоўскі прэзыдэнт Пётар Лучынскі ўпершыню наведаў Менск. 28—29 жніўня 2001 году старшыня ўраду Малдовы Васіль Тарлеў наведаў Менск першы раз, а 5—6 кастрычніка 2005 году — другі раз. 16—19 сьнежня 2001 году Менск упершыню наведаў старшыня Парлямэнту Малдовы Яўген Астапчук. 27—30 студзеня 2003 году старшыня Савету Рэспублікі Беларусі Генадзь Навіцкі зрабіў візыт у Кішынёў[15]. 24 сьнежня 2004 году падпісалі міжурадавае Пагадненьне аб узаемных бязьвізавых паездках грамадзянаў, якое набыло моц 30 чэрвеня 2017 году. 3 чэрвеня 2005 году зацьвердзілі Мэмарандум аб узаемаразуменьні ў пытаньні ўступленьня Беларусі ў Сусьветную гандлёвую арганізацыю[15].

У верасьні 2014 году А. Лукашэнка наведаў Малдову з афіцыйным візытам. У ліпені 2015 году малдоўскі прэзыдэнт Мікалай Цімофці наведаў Беларусь. У лістападзе 2016 году старшыня ўраду Беларусі Андрэй Кабякоў правёў афіцыйны візыт у Кішынёў. У чэрвені 2017 году візыт у адказ ажыцьцявіў малдоўскі прэм’ер Павал Філіп, які паўторна наведаў Беларусь у кастрычніку 2018 году. У ліпені 2017 году малдоўскі прэзыдэнт Ігар Дадон наведаў Беларусь з працоўным візытам, які паўторна ажыцьцяўляў візыты ў красавіку і чэрвені 2019 году. У красавіку 2018 году А. Лукашэнка зрабіў паўторны візыт у Малдову. У 2019 годзе ў Парлямэнце Малдовы дзейнічала Працоўная група супрацы з Нацыянальным сходам Беларусі ў складзе 36 дэпутатаў, сярод якіх была старшыня Парлямэнту Зінаіда Грачаная. У Нацыянальным сходзе Беларусі 7-га скліканьня (зь 2019 году) стварылі Працоўную групу супрацы з Парлямэнтам Малдовы[16]. На 2021 год дзейнічала звыш 90 беларуска-малдоўскіх дамоваў і пагадненьняў[17].

Беларускія амбасадары

рэдагаваць

Малдоўскія амбасадары

рэдагаваць
  1. ^ Адрас і час працы // Пасольства Беларусі ў Малдове, 2021 г. Праверана 1 лістапада 2021 г.
  2. ^ Кантакты (рас.) // Амбасада Малдовы ў Беларусі, 2021 г. Праверана 1 лістапада 2021 г.
  3. ^ а б в г Двухбаковая прававая база (рас.) // Амбасада Малдовы ў Беларусі, 2021 г. Праверана 1 лістапада 2021 г.
  4. ^ Гандлёва-эканамічныя адносіны // Пасольства Беларусі ў Малдове, 2021 г. Праверана 1 лістапада 2021 г.
  5. ^ Экспартнае фінансаваньне і мэханізмы падтрымкі экспарту // Пасольства Беларусі ў Малдове, 2021 г. Праверана 1 лістапада 2021 г.
  6. ^ Інфармацыя для экспартэраў // Пасольства Беларусі ў Малдове, 2021 г. Праверана 1 лістапада 2021 г.
  7. ^ Культурныя сувязі (рас.) // Амбасада Малдовы ў Беларусі, 2021 г. Праверана 1 лістапада 2021 г.
  8. ^ а б в Адносіны ў галіне навукі і адукацыі // Пасольства Беларусі ў Малдове, 2021 г. Праверана 1 лістапада 2021 г.
  9. ^ а б Адносіны ў галіне культуры // Пасольства Беларусі ў Малдове, 2021 г. Праверана 1 лістапада 2021 г.
  10. ^ Аб міжрэгіянальнай супрацы Беларусі і Малдовы // Пасольства Беларусі ў Малдове, 2021 г. Праверана 1 лістапада 2021 г.
  11. ^ а б Суайчыньнікі ў Малдове // Пасольства Беларусі ў Малдове, 2021 г. Праверана 1 лістапада 2021 г.
  12. ^ Асацыяцыі малдаванаў і нацыянальна-культурныя арганізацыі (рас.) // Амбасада Малдовы ў Беларусі, 2021 г. Праверана 1 лістапада 2021 г.
  13. ^ Палітыка-дыпляматычныя дачыненьні (рас.) // Амбасада Малдовы ў Беларусі, 2021 г. Праверана 1 лістапада 2021 г.
  14. ^ а б Гісторыя Пасольства // Пасольства Беларусі ў Малдове, 2021 г. Праверана 1 лістапада 2021 г.
  15. ^ а б в Асноўныя двухбаковыя візыты (рас.) // Амбасада Малдовы ў Беларусі, 2021 г. Праверана 1 лістапада 2021 г.
  16. ^ Палітычныя адносіны // Пасольства Беларусі ў Малдове, 2021 г. Праверана 1 лістапада 2021 г.
  17. ^ а б Пасол Малдовы: спадзяюся і ў далейшым на пазытыўныя адносіны зь Беларусьсю // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 20 верасьня 2021 г. Праверана 1 лістапада 2021 г.
  18. ^ Пасол // Пасольства Беларусі ў Малдове, 2021 г. Праверана 1 лістапада 2021 г.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць