Беларусы ў Малдове
Беларусы ў Малдове — нацыянальная меншасьць у Малдове. Складае каля 20 тыс. чалавек, ці 0,5% насельніцтва краіны.
Пачаткі
рэдагавацьГісторыя зьяўленьня беларускае дыяспары ў Малдове малавядомая. Міграцыя беларусаў у Малдову была нязначнай як у XIV—XVI стагодзьдзях, калі левабярэжная частка Малдовы ўваходзіла ў склад ВКЛ, гэтак і ў XVIII—XIX стагодзьдзях, калі частка Малдовы была захопленая Расеяй. У 1374 годзе на пасад Малдаўскага княства быў запрошаны ліцьвінскі князь Юры Карыятавіч, які, праўда, быў атручаны ў тым самым годзе.
Савецкі час
рэдагавацьНевялікая ўстойлівая беларуская дыяспара ўзьнікла ў краіне толькі пасьля 2-й сусьветнай вайны. У 1959 годзе ў Малдове жыло каля 9 тыс. беларусаў, да 1989 іх колькасьць узрасла да 20 тыс. Тым ня менш у савецкі час беларусы практычна ня мелі тут сваіх нацыянальных культурна-асьветных асяродкаў. Беларусы прыяжджалі перадусім на будоўлі, па арганізаваных наборах, абавязковым разьмеркаваньні навучэнцаў, сямейных абставінах. Вялікая колькасьць беларускіх адмыслоўцаў і навукоўцаў была накіраваная зь Беларусі для аказаньня садзейнічаньня ў пасьляваенным узнаўленьня розных відаў галін эканомікі Малдовы. Гэта аказала вызначальны ўплыў на фармаваньне якаснага характару беларускае нацыянальнае меншасьці Малдовы, які складаецца з прадстаўнікоў навуковае і творчае інтэлігенцыі, якія зрабілі свой фундуш у разьвіцьцё навукі, сельскае гаспадаркі, культуры, мастацтвы краіны.
Так, заснавальнікам малдаўскай школы мастакоў стаў выхадзец з Ашмянаў, мастак і пэдагог Уладзімер Акушка. Ён і яго сын пакінулі пасьля сябе працы, якія ўвайшлі ў фонд Нацыянальнага мастацкага і гістарычнага музэяў Малдовы, яны падрыхтавалі і навучылі цэлую плеяду малдаўскіх скульптараў і мастакоў. У 1953—1970 у Кішынёве выкладаў і працаваў народны мастак БССР Г. Вашчанка. З 1945 у мэдычным інстытуце Кішынёва працаваў доктар мэдычных навук, прафэсар Е.Кучынскі, які да 1967 узначальваў катэдру фізыялёгіі. У 1974—1988 доктар мэдычных навук, прафэсар У. Еранкоў таксама ўзначальваў катэдру Кішынёўскага мэдінстытуту. Доктар мэдычных навук, прафэсар, заслужаны дзеяч навукі Малдаўскай ССР Ф. Агейчанка ў 1945—1954 працаваў у Кішынёўскім мэдінстытуце.
У першай Кішынёўскай гімназіі на працягу 25 гадоў — да 1900 выкладаў расейскую мову й літаратуру пэдагог, пісьменьнік і навуковец А. Шыманоўскі. У 1951—1990 расейскую і замежную літаратуру ў Кішынёўскім дзяржаўным унівэрсытэце выкладала доктар філялягічных навук, прафэсар, літаратуразнавец Т. Васільева. У галіне земляробства, садоўніцтва і вінаробства Малдовы працавалі выпускнікі Беларускай сяльгасакадэміі. Пад кіраваньнем заслужанага дзеяча навукі і тэхнікі Малдаўскай ССР, доктара сельскагаспадарчых навук, прафэсара В. Чатыркіна ў свой час былі дасягнутыя вялікія посьпехі ў галіне разьвіцьця сэлекцыйнае жывёлагадоўлі краіны. Вядомы арганізатар сельскагаспадарчае навукі ў МССР доктар сельскагаспадарчых навук, прафэсар П. Герасімовіч быў адным зь першых кіраўнікоў Кішынёўскага сельскагаспадарчага інстытуту. Пасьля вайны засноўваў інстытут і падрыхтоўваў кадры доктар сельскагаспадарчых навук, загадчык катэдры земляробства Г. Ваньковіч. Доктар фізыка-матэматычных навук, прафэсар, ляўрэат Дзяржаўнае прэміі Малдовы ў галіне навукі і тэхнікі Э. Сенакосаў падрыхтаваў 8 кандыдатаў фізыка-матэматычных навук, атрымаў больш за 20 аўтарскіх патэнтаў, арганізаваў катэдра цьвёрдацельнае электронікі і мікраэлектронікі і навукова-дасьледчая лябараторыя паўправаднікоў пераўтваральнікаў. З 1935 і да сярэдзіны 1980-х гадоў у Малдове працаваў мікрабіёляг і пэдагог, доктар біялягічных навук, прафэсар І. Захараў.
У незалежнай Малдове
рэдагавацьСа здабыцьцём у 1991 годзе Беларусьсю й Малдовай незалежнасьці частка беларусаў вярнулася на радзіму (1673 чалавекі ў 1991—1995), невялікая колькасьць прыбыла ў Малдову (45 чалавек у 1995). У 1990-я ў Малдове былі створаныя Беларуская грамада ў Кішынёве, пры якой была заснаваная нядзельная школа, суполка «Беларусь» у Бэндэрах, аддзел беларускае літаратуры пры адной зь бібліятэк Кішынёва і г. д. У 1997 паміж Беларусьсю й Малдовай было падпісанае пагадненьне пра абарону правоў і інтарэсаў беларусаў у Малдове й малдаванаў у Беларусі.
Агульная колькасьць беларусаў, аб’яднаных у розныя грамадзкія арганізацыі дыяспары ў гарадох Кішынёў, Тыраспаль, Бельцы, Бэндэры, Грыгарыёпаль і Рыбніца, налічвае каля 2300 чалавек. Вышэйшым каардынацыйным і дарадчым органам беларускіх суполак зьяўляецца створаная ў 2000 Кардынацыйная рада кіраўнікоў беларускіх абшчын Малдовы, якая на сваіх паседжаньнях з удзелам прадстаўнікоў амбасады Беларусі ў Малдове сьцьвярджае плян мерапрыемстваў і арганізуе дзейнасьць грамадзкіх аб’яднаньняў. Старшыня Кардынацыйнае рады абіраецца штогод большасьцю галасоў у парадку чарговасьці зь ліку кіраўнікоў абшчын. Асноўная дзейнасьць беларускіх суполак Рэспублікі Малдова накіраваная на стварэньне годных умоў жыцьця іх сяброў у выніку цеснага супрацоўніцтва зь дзяржаўнымі органамі Рэспублікі Малдова і Рэспублікі Беларусь, захаваньне і разьвіцьцё беларускае культуры і традыцыяў, пашырэньне і ўмацаваньне сувязяў суайчыньнікаў Малдовы зь іх гістарычнай радзімай у галіне навукі, эканомікі, культуры і адукацыі. Традыцыйным стала правядзеньне Фэстываляў беларусаў Малдовы, якія адбыліся 29 траўня 2004, 21—23 верасьня 2007, 12—15 верасьня 2008.
Арганізацыі беларусаў Малдовы
рэдагавацьАрганізацыі паводле сайту Згуртаваньня беларусаў сьвету «Бацькаўшчына»[1]:
- Абшчына «Беларусь», г. Кішынёў, старшыня — Алег Гізатулін;
- Беларуская Грамада, г. Кішынёў;
- Таварыства беларускай культуры, г.п. Слабадзея;
- Таварыства беларускай культуры, г. Рыбніца;
Арганізацыі паводле сайту Амбасады Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Малдова[2]:
- Беларуская суполка ў Рэспубліцы Малдова, г. Кішынёў, старшыня — Юры Статкевіч, больш за 300 чалавек[3];
- Асацыяцыя беларусаў муніцыпія Кішынёў «Беларусь», г. Кішынёў, старшыня — Генадзь Зяньковіч, 30 чалавек;
- Беларуская суполка, г. Бельцы, старшыня — Вячаслаў Загорцаў, 50 чалавек;
- Таварыства беларускай культуры, г. Тыраспаль, старшыня — Тамара Ломцева, 671 чалавек;
- Бэндэрскае таварыства беларускае культуры, г. Бэндэры, старшыня — Ганна Лапацьева, 593 чалавекі;
- Грыгарыёпальскае таварыства беларускае культуры, г. Грыгарыёпаль, 65 чалавек;
- Рыбніцкае таварыства беларускае культуры, г. Рыбніца, старшыня — Вольга Пілецкая, 83 чалавекі;
- Беларуская суполка Гагавузіі, г. Камрат, старшыня — Ірына Кіровіч, 40 чалавек.
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Беларускія арганізацыі Малдовы
- ^ Беларускія таварыствы культуры Малдовы
- ^ Дзіяна Серадзюк. Калі сьціраюцца межы // Зьвязда : газэта. — 26 ліпеня 2013. — № 137 (27502). — С. 6. — ISSN 1990-763x.
Літаратура
рэдагаваць- . — Мн.: .