Беларуска-кубінскія дачыненьні
Беларуска-кубінскія дачыненьні — двухбаковыя міжнародныя дачыненьні Беларусі і Кубы.
Беларусь |
Куба |
---|---|
Дыпляматычныя місіі | |
Амбасада Беларусі на Кубе |
Амбасада Кубы ў Беларусі |
Амбасадары | |
Валер Бараноўскі | Хэрарда Суарэс-Альварэс |
Мінуўшчына
рэдагаваць16 красавіка 1992 году ў Менску (Беларусь) ўрады Беларусі і Кубы падпісалі пратакол аб усталяваньні дыпляматычных дачыненьняў[1]. У траўні 1997 г. Гандлёвае прадстаўніцтва Кубы ў Беларусі пераўтварылі ў Амбасаду (Менск, Першамайскі раён, вул. Чырвоназорная, д. 13). У лістападзе 1998 году адчынілі Амбасаду Беларусі на Кубе (Гавана, акруга Пляя, раён Мірамар, 5-ы прасп., д. 4605), якая стала першым дыпляматычным прадстаўніцтвам Беларусі ў Лацінскай Амэрыцы. 3-5 верасьня 2000 году А.Лукашэнка ажыцьцявіў першы дзяржаўны візыт на вышэйшым узроўні на Кубу[2]. У ходзе візыту бакі падпісалі Дамову «Аб сяброўскіх дачыненьнях і супрацы». 30 сьнежня 2002 году прызначэньне першым амбасадарам Беларусі на Кубе атрымаў Ігар Палуян.
15-16 верасьня 2006 году А.Лукашэнка наведаў Кубу для ўдзелу ў 14-м саміце Руху недалучэньня ў Гаване. 25 чэрвеня 2012 г. А.Лукашэнка ажыцьцявіў афіцыйны візыт на Кубу, у ходзе якога бакі падпісалі міжведамасныя пагадненьні аб супрацы ў галіне аховы здароўя, сельскай гаспадаркі і абмену распрацоўкамі, у тым ліку лекаў. Таксама ўдалося заключыць дамовы аб павелічэньні паставак зь Беларусі грузавікоў «МАЗ», кар’ерных самазвалаў «БелАЗ» (Жодзіна) і трактароў «Беларус» ад «МТЗ». 23-25 чэрвеня 2014 году Кубу наведаў міністар замежных справаў Беларусі Ўладзімер Макей. У ходзе візыту міністры замежных справаў Беларусі і Кубы Ўладзімер Макей і Бруна Радрыгес-Парылья падпісалі Пагадненьні «Аб сустрэчным гандлі» і «Аб узаемным прызнаньні рэгістрацыі лекавых сродкаў і разьвіцьці супрацы ў галіне сумеснай вытворчасьці і паставак лекавых сродкаў»[3]. У верасьні 2015 году А.Лукашэнка сустрэўся са старшынём Дзяржаўнай рады Кубы Раулем Кастра падчас 70-й сэсіі Генэральнай асамблеі ААН у Нью-Ёрку (ЗША).
За 2015 год двухбаковы гандаль вырас на 72,1% да $67,3 млн. Пагатоў экспарт зь Беларусі павялічыўся на 177,1% да $36,3 млн. На Кубу пераважна прадалі трактары і седзельныя цягачы, рухавікі ўнутранага згараньня ад «Менскага маторнага заводу» і мінэральныя ўгнаеньні. Імпарт у Беларусь склаў $31 млн і пераважна ўлучаў трысьняговы цукар і лекі[4].
Беларускія амбасадары
рэдагаваць- Ігар Палуян (2002—2008)
- Уладзімер Астапенка (2008—2015)
- Аляксандар Аляксандраў (2015—2021)
- Валер Бараноўскі (з 18 чэрвеня 2021 году)[5]
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Алег Сёмаў. Дыпадносінам з Кубай прысьвячаецца // Кантакт. — 12 чэрвеня 2012. — № 183 (27298). — С. 6.
- ^ Аб 10-годзьдзі ўстанаўленьня дыпляматычных адносін паміж Беларусьсю і Кубай // Міністэрства замежных справаў Рэспублікі Беларусь, 17 красавіка 2002 г. Праверана 11 лістапада 2017 г.
- ^ БелТА. Беларусь і Куба дамовіліся аб разьвіцьці гандлёвых адносін і супрацоўніцтва ў фармакалёгіі // Belarus.by, 25 чэрвеня 2014 г. Праверана 11 лістапада 2017 г.
- ^ Гандлёва-эканамічная супраца між Рэспублікай Беларусь і Рэспублікац Куба (рас.) // Міністэрства замежных справаў Рэспублікі Беларусь, 2016 г. Праверана 11 лістапада 2017 г.
- ^ Перастаноўкі ў мясцовай вэртыкалі, новыя паслы і гендырэктар «Белфармацыі» // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 18 чэрвеня 2021 г. Праверана 18 чэрвеня 2021 г.
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Куба ў Беларусі (гішп.) // Дыпляматычныя прадстаўніцтвы Кубы за мяжой, 2 лістапада 2017 г. Праверана 11 лістапада 2017 г.
Гэта — накід артыкула пра Беларусь. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |