Барыс Хрусталёў

беларускі выкладчык і навуковец

Бары́с Міха́йлавіч Хрусталё́ў (нар. 1947, Гомель, цяпер Беларусь) — беларускі навуковец-вынаходнік.

Барыс Хрусталёў
Дата нараджэньня 21 ліпеня 1947
Месца нараджэньня Гомель, Беларуская ССР, Савецкі Саюз
Месца вучобы Беларускі політэхнічны інстытут (1970)
Занятак навуковец
Навуковая сфэра машынабудаваньне
Месца працы Беларускі нацыянальны тэхнічны ўнівэрсытэт
Вядомы як распрацоўнік аўтаматызаванага пнэўматранспарту матэрыялаў і апаратаў ачысткі прамысловых адкідаў
Навуковая ступень доктар навук (1998)
Узнагароды
Ордэн Айчыны 3 ступені (Беларусь)
Ордэн Айчыны 3 ступені (Беларусь)

Прафэсар (1991) і доктар тэхнічных навук (1998). Акадэмік Беларускай інжынэрна-тэхналягічнай акадэміі (1994) і заслужаны працаўнік адукацыі Беларусі (1995). Першы намесьнік міністра адукацыі Беларусі (1997—2000)[2]. Распрацоўнік аўтаматызаванага пнэўматранспарту матэрыялаў і апаратаў ачысткі прамысловых адкідаў. Акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (2009). 12-ы рэктар Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўнівэрсытэту (2000—2017)[3]. Кавалер ордэна Айчыны 3-й ступені[4].

Жыцьцяпіс

рэдагаваць

У 1970 годзе скончыў Беларускі політэхнічны інстытут (БПІ) па спэцыяльнасьці «цеплазабесьпячэньне і вэнтыляцыя»[2]. Працаваў інжынэрам-наладнікам і сакратаром камсамолу на спэцтрэсьце «Белпрамналадка»[5]. У 1973 годзе пачаў выкладаць у БПІ. У 1983 годзе стаў загаднікам катэдры цеплагазазабесьпячэньня і вэнтыляцыі БПІ ды выдаў кнігу «Пнэўматычны транспарт сыпкіх матэрыялаў» разам з Эмануілам Адэльскім і Львом Клячком[2]. У 1985 годзе скончыў асьпірантуру БПІ[5].

У 1987—1997 гадох быў прарэктарам Беларускай дзяржаўнай політэхнічнай акадэміі. У 1997 годзе выдаў у суаўтарстве кнігу «Цеплазабесьпячэньне і вэнтыляцыя». У 1998-м выпусьціў кнігу «Пнэўматычны транспарт» разам зь Мікалаем Кісловым. У 1997—2000 гадох займаў пасаду 1-га намесьніка міністра адукацыі Беларусі. Напісаў навуковыя працы пра экалягічна чыстыя і малаадкідныя спосабы перавозу сыпкіх рэчываў, пра павышэньне выніковасьці установак ачысткі забруджаных выкідаў і аб прынцыпах навукова-вытворчай падрыхтоўкі інжынэраў[2].

У 2000—2017 гадох быў рэктарам Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўнівэрсытэту[5]. Пад кіраўніцтвам Хрусталёва стварылі аўтаматызаваны пнэўматранспарт матэрыялаў і апараты ачысткі прамысловых адкідаў, а таксама рэсурсазьберагальныя спосабы вытворчасьці ў будаўніцтве і машынабудаваньні. У 2004 годзе быў абраны сябрам-карэспандэнтам Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і выдаў у суаўтарстве 2-томнік «Тэхнічная тэрмадынаміка»[3]. У 2004—2008 гадох быў сябрам Савету Рэспублікі Нацсходу Беларусі 3-га скліканьня, дзе займаў пасаду старшыні Пастаяннай камісіі па адукацыі, навуцы, культуры і гуманітарных пытаньнях. На 2007 год выдаў 157 навуковых артыкулаў, 14 падручнікаў і 3 манаграфіі. Зрабіў 10 вынаходак і падрыхтаваў 3-х кандыдатаў навук. Таксама ўваходзіў у Прэзыдыюм Нацыянальнага алімпійскага камітэту Беларусі[5]. Сярод іншага, быў сябрам Навуковай рады Беларускага рэспубліканскга фонду фундамэнтальных дасьледаваньняў (БРФФД)[6].

30 кастрычніка 2009 году Рада Гарадзенскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту ўхваліла Пратакол № 4 аб наданьні Хрусталёву годнасьці ганаровага прафэсара[7]. У 2009 годзе быў абраны акадэмікам Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі[3] і выдаў «Расейска-беларускі слоўнік па інжынэрна-тэхнічным абсталяваньні, сыстэмах і працэсах» разам з Марынай Пшонік на 14 000 словаў (699 старонак, Беларуская навука).

  1. ^ https://bis.nlb.by/by/documents/140232
  2. ^ а б в г Аляксандар Болсун. Хрусталёў Барыс Міхайлавіч // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 2003. — Т. 17: Хвінявічы — Шчытні. — С. 64. — 512 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0279-2
  3. ^ а б в Хрусталёў Барыс Міхайлавіч // Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, 2022 г. Праверана 2 лютага 2022 г.
  4. ^ Хрусталёў Барыс Міхайлавіч // Анлайн-энцыкляпэдыя «Беларусь у асобах і падзеях», 16 сакавіка 2020 г. Праверана 2 лютага 2022 г.
  5. ^ а б в г Вернасьць альма-матэр, выпрабаваная часам і справай // Вышэйшая школа : часопіс. — 2007. — № 4. — С. 21.
  6. ^ Уладзімер Сямашка. Пастанова Савету міністраў Рэспублікі Беларусь ад 21 верасня 2004 г. № 1172 «Аб некаторых пытаньнях дзейнасьці Беларускага рэспубліканскага фонду фундамэнтальных даследаваньняў» // Нацыянальны прававы партал Беларусі, 4 кастрычніка 2004 г. Праверана 2 лютага 2022 г.
  7. ^ Хрусталёў Барыс Міхайлавіч // Гарадзенскі дзяржаўны ўнівэрсытэт, 2022 г. Праверана 2 лютага 2022 г.