Багдан Іванавіч Заслаўскі
Багдан Іванавіч Заслаўскі (па-польску: Bohdan Iwanawicz Zasławski (Żesławski), каля 1465 — каля 1530) — князь, дзяржаўны дзяяч Вялікага Княства Літоўскага, у 1486—1488 гадах каралеўскі дваранін, з 1499 году менскі намесьнік.
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Нарадзіўся | каля 1465 |
Памёр | каля 1530 |
Род | Заслаўскія (Яўнуцьевічы) |
Бацькі | князь Іван Юр’евіч Заслаўскі |
Жонка | Аграфена Хадкевіч |
Дзеці | Марыя Федка Ганна Таміла |
Жыцьцяпіс
рэдагавацьЗ роду князёў Заслаўскіх (Яўнуцьевічэй) герба ўласнага, малодшы сын менскага, а потым віцебскага намесьніка Івана Юр’евіча.
У 1486—1488 гадах быў каралеўскім дваранінам караля Казімера, пасьля выконваў той жа ўрад пры двары вялікага князя Аляксандра. У 1494 годзе прызначаны дзеля суправаджэньня маскоўскага пасольства, едучага зь вялікай княжной Аленай, і як вялікі прыстаў сустракаў пасольства пад Меднікамі. У 1495 годзе атрымаў прывілей ад Аляксандра на 14 чалавек у «Краснасельскім павеце», а ў траўні 1499 году, яшчэ ня маючы ніякага тытула, атрымлівае пацьверджаньне на людзей-пінчан у «Краснасельскім павеце». Летам 1499 году названы менскім наместнікам, і захоўваў гэты ўрад да самай сьмерці. У 1507 і 1508 гадах кароль Жыгімонт паведамляе яму ў сваіх лістах аб наданьні ў трохгадовую арэнду менскага мыта менскаму войту «жыду Абрахаму». У 1508 годзе атрымаў пацьверджаньне ад Жыгімонта Старога на двор Прылукі, які надаў яму вялікі князь Аляксандр. У 1509 годзе кароль судзіў яго спрэчку зь менскімі мяшчанамі з нагоды няслушнага збору падаткаў і запатрабаваў «крыўд ім не чыніць». У 1513 годзе паны-рада заклікаюць брата і прыяцеля свайго князя Багдана Іванавіча Заслаўскага намесьніка менскага прывесьці менскі замак у абаронны стан з нагоды чаканага нападу Масквы. У 1525 годзе дзеля вырашэньня спрэчкі князя Міхала Іванавіча Мсьціслаўскага з сынам Фёдарам, кароль адсылае да першага князя Багдан Іванавіча Заслаўскага з пажаданьнем, каб князь Міхал вызначыў сыну ўтрыманьне. У 1526 годзе ў выніку спрэчкі зь Міхалам Пятровічам атрымаў дэкрэт, прысуджаюччы яму людзей Бесапішычаў, Каўшэвічаў, Варгвошычаў, Юрашэвічаў, Бартніковічаў й Рамановічаў у менскім павеце. Паводле попісу 1528 году быў абавязаны ставіць дзеля земскае службы 14 коньнікаў.
Быў жанаты з Аграфенай (? — 1542), дачкой кіеўскага ваяводы Івана Хадкевіча, і меў чатырох дачок:
- Марыю (каля 1445 – 1559), ў першым шлюбе жонку князя Васіля Юр’евіча Талочынскага, а ў другім (з 1550) – земскага падскарбія, дворнага маршалка і наваградзкага ваяводы Івана Гарнастая;
- Ганну (каля 1500 — 1542), жонку князя Януша Раманавіча Друцкага-Любецкага, якая перад сьмерцю прыняла манаскі хрост пад імём Агаф’я;
- Федзю (Федку, Феадору) (каля 1510 – 1560), ў першым шлюбе (з 1533) жонку кернаўскага дзяржаўцы князя Сямёна Ямантовіча Падбярэскага, а ў другім – князя Андрэя Сямёнавіча Адзінцэвіча;
- Тамілу (каля 1515 – 1560), пасьля 1542 году стаўшую жонкай князя Рыгора Фёдаравіча Друцкага-Горскага (Бурнеўскага).
Літаратура
рэдагаваць- Wolff J. Rod Gedymina. — Kraków, 1886.
- Wolff J. Kniaziowie litewsko-ruscy od konca czternastego wieku. Warszawa, 1895.
- Boniecki А. Poczet rodów w Wielkim Księstwie Litewskim w XV i XVI wieku. Warszawa: 1883.
- Wolff J. Senatorowie i dygnitarze Wielkiego Księstwa Litewskiego: 1385—1795. Kraków, 1885.
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — 788 с. — ISBN 985-11-0378-0