Аралкум
Аралку́м (Ара́л + цюрс. кум) — новая пустэльня, якая ўтвараецца на месцы імкліва зьмяншанага ў памерах Аральскага мора[1]. Пяшчана-саланчаковая пустэльня ляжыць на тэрыторыі Ўзбэкістану й Казахстану, на паўночна-заходнім краі пустэльняў Каракум і Кызылкум.
Водны балянс Аральскага мора быў парушаны з прычыны буйных ірыгацыйных праектаў, распачатых у часы СССР. Пасьля будаўніцтва Кокаральскае плаціны ў 2005 годзе Паўночны Арал паступова аднаўляецца, але Паўднёвы Арал высыхае, павялічваючы плошчу Аралкуму.
У выніку апустэльваньня біяразнастайнасьць рэгіёну зьменшылася на 200 відаў расьлінаў і жывёлаў.[2] Бягучая флёра высахлага дна возера пачала разьвівацца з 1960 году. Яна складаецца з 34 сямействаў расьлінаў з 134 родамі й 300 відамі. Асноўныя прадстаўнікі: Salicornia europaea, Suaeda crassifolia, Tripolium vulgare на сугліністых глебах, а таксама Suaeda acuminata і Atriplex fominii на пяшчаных глебах.[3]
Аралкум займае плошчу больш за 38 тысячаў км² і зьяўляецца магутнаю крыніцай ветравага вынасу.[4] Пяшчаныя буры выносяць каля 100 млн. тон таксычных соляў і пылу ў год. Дробнадыспэрсны пыл, які выносіцца з былога дна мора, зьмяшчае рэшткі мінэральных угнаеньняў і пэстыцыдаў, якія вымываліся з палёў, што арашаліся. Над пустэльняй праходзіць магутны паветраны паток з захаду на ўсход, які забясьпечвае хуткі распаўсюд аэразолю за межы Цэнтральнае Азіі. Таксычныя рэчавіны з Аралкуму былі знойдзеныя ў крыві пінгвінаў у Антарктыцы, звычайны аральскі пыл — на ледавіках Грэнляндыі, у нарвэскіх лясах і палях Беларусі.[1]
Заўвагі
рэдагаваць- ^ а б State of Environment of the Aral Sea Basin
- ^ Radiation Safety Problems In The Caspian Region
- ^ Walter Wucherer, Primary succession on the dry sea floor of the Aral Sea, University of Bielefeld, Department of Ecology
- ^ Аралкум наступает. Новая азиатская пустыня